Кабанаў: У Віктара Бабарыкі можа быць зламана рабро і прабіта лёгкае

Экс-банкіра і былога прэтэндэнта ў прэзідэнты маглі моцна збіць у калоніі. Пра гэта паведаміў у эфіры «Б*лсата» былы палітвязень і блогер Аляксандр Кабанаў, піша «Н*ша Ніва».

Фота Фота AP

Фота Фота AP

Кабанаў кажа, што, па яго інфармацыі, да гэтага маглі быць датычныя супрацоўнікі калоніі, бо, калі Бабарыка знаходзіўся ў ШІЗА, доступу іншых вязняў да яго не было.

«Першапачаткова, калі абмяркоўваліся яго дыягназы, мне дактары знаёмыя сказалі, што ў яго прабіта лёгкае, значыць зламаныя рэбры. Насамрэч мне іншыя крыніцы з калоніі сказалі, што яго збілі, што зламана рабро, якое трапіла ў лёгкае. Самае важнае ў тым, што на думку тых, хто знаходзіцца там, дадзена каманда зверху па максімуме пастрожыць рэжым утрымання такіх знакавых фігур, пачаць жорстка з імі абыходзіцца. Дзеля чаго гэта ўсё? На маю думку, улада не хоча, каб людзі даведваліся, што адбываецца ў калоніях, і вось на іх яна паказвае».

Упершыню інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка з'явілася ў тэлеграм-канале «Р*бочы рух». Аўтары канала пісалі, што былога банкіра прывезлі ў бальніцу ў ноч на 25 красавіка са слядамі збіцця і пнеўматораксам.

Сваякі былога кандыдата ў прэзідэнты спрабавалі трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, але беспаспяхова.

Пазней медыцынскі тэлеграм-канал «Белыя х*латы» паведаміў, што ў Віктара Бабарыкі стаіць дрэнажная прылада, ён ходзіць сам. Такая інфармацыя, нібыта, паступіла ад сведак у наваполацкай бальніцы.

Яшчэ 27 красавіка ў наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы пацвердзілі, што палітык знаходзіцца ў іх. Але 29 красавіка прадстаўнік адміністрацыі калоніі заявіў, што Бабарыка «жывы і здаровы» і працягвае адбываць пакаранне.

Паводле непацверджанай інфармацыі, Віктар Бабарыка афіцыйна больш не лічыцца ў сваім атрадзе.

У штабе палітыка раней паведамлялі, што інфармацыі пра Віктара Бабарыку ў іх не было некалькі месяцаў.

Віктара Бабарыку разам з сынам Эдуардам затрымалі 18 чэрвеня 2020 года, прычым па эканамічных абвінавачаннях: «легалізацыя злачынных даходаў» і «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». А вось прысуд аказаўся палітычным: 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, буйны штраф і шматмільённая кампенсацыя таемнай «шкоды дзяржаве». Сваёй віны Віктар Дзмітрыевіч не прызнаў.

20 снежня 2021 года Вярхоўны суд прысудзіў Віктара Бабарыку да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Суд прызнаў палітыка вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430) і «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235). Ён адзіны з васьмі абвінавачаных па справе «Белгазпрамбанка» не прызнаў віны па ўсіх эпізодах абвінавачання.