У Магілёве адправілі ў калонію прафесара за крытычны артыкул у навуковым часопісе

Доктара навук з Магілёва палітвязня Юрыя Бубнова адправілі за краты на два гады. Усё з-за артыкула ў навуковым часопісе. Падрабязнасці суда над прафесарам прыводзіць тэлеграм-канал M*YDAY.TEAM.

Фота bgut.by

Фота bgut.by

Суд Кастрычніцкага раёна 26 траўня прысудзіў вядомага магілёўскага навукоўца, прафесара Юрыя Бубнова да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Аксана Зарычнюк прызнала яго вінаватым у паклёпе ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі (арт. 367 КК РБ). Бубнова таксама абвінавачвалі і ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК РБ), аднак гэтае абвінавачанне знялі ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці.

Падставай для крымінальнага пераследу прафесара стаў артыкул «Перадумовы беларускага пратэсту ў 2020 годзе» ў навуковым альманаху «Моладзевая галактыка», які выйшаў у тым жа годзе. У артыкуле Бубноў разважаў пра тое, чаму здарыўся сацыяльны выбух у 2020 годзе, аналізуючы пазіцыю як прыхільнікаў пераменаў, так і прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.

У прыватнасці, у артыкуле сказана, што «пратэстоўцаў у Беларусі ў 2020 годзе аб'яднаў не нейкі «закулісны лялькавод» або рэвалюцыянер-харызматык, а сам Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка». Варта пры гэтым адзначыць, што ў электронным варыянце артыкул нідзе недаступны, нават у PDF-фармаце. Сілавікам трэба было вельмі пастарацца, каб знайсці яго.

Цікава, што паводле ацэнкі калегі Юрыя Бубнова, дацэнта БДУ Ігара Пушкіна, які выступіў у якасці сведкі на судовым пасяджэнні, такое «публікаваць было нельга» і ён сам «асудзіў факт публікацыі гэтага артыкула».

Бубнаў ад свайго артыкула не адхрысціўся.

«Я выконваў прафесійны абавязак сацыёлага. Сацыялогію часта асацыююць з люстэркам. А люстэрка павінна адлюстроўваць аб'ектыўную рэальнасць, а не скажаць яе. Як сацыёлаг, я заўсёды стараўся непрадузята адлюстроўваць тое, што адбываецца ў грамадстве. У гэтым артыкуле — не маё меркаванне. Я не баюся выказаць сваё меркаванне. У гэтым артыкуле выказана грамадская думка. Мяне абвінавачваюць у паклёпе? Але ў крымінальнай справе не прыведзена ніводнага факту выдумак», — заявіў у апошнім слове прафесар.

Сваю віну Юрый Бубноў не прызнаў. Дзяржабвінавачанне запытала для навукоўца 2 гады пазбаўлення волі —столькі ж суд яму і прызначыў.

Юрый Бубноў узначальваў кафедру гуманітарных дысцыплін з 1997 года. На момант затрымання яго партрэт знаходзіўся на дошцы гонару ветэранаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта тэхналогій (былы МДУП). Мужчына ўзнагароджаны знакам «Выдатнік адукацыі».

У Магілёве Юрый Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і фестывалю «Дранік-фэст».