Хвалёная беларуская талерантнасць: антысемітызм на службе ў дзяржпрапаганды
Дзе прыхавана, а дзе і асабліва не хаваючыся, дзяржава працягвае распальваць нянавісць па розных прыкметах. Не забылі прапагандысты і пра яўрэяў — тым больш што глеба для такіх настрояў урадлівая.
![Яўрэйскі дворык у Бабруйску. Фота «НЧ» Яўрэйскі дворык у Бабруйску. Фота «НЧ»](/img/v1/images/_belarus_babrujsk_habrejski_dvoryk_2023_fota_novy_czas__2__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яўрэйскі дворык у Бабруйску. Фота «НЧ»
У маі 2014 года вядомы беларускі педагог Яўген Лівянт падзяліўся ў сацсетках характэрным эпізодам бытавога антысемітызму: высокапастаўлены супрацоўнік адной з вядучых ВНУ краіны ў размове з выпускнікамі школ адзначыў, што яны могуць зрабіць кар'еру рэпетытара — па прыкладзе «маленькага пухлага яўрэя» Лівянта, піша Аляксандр Фрыдман на «Нямецкай хвалі».
За мінулыя дзевяць гадоў сітуацыя ў Беларусі кардынальна змянілася. На змену «адлігі» другой паловы 2010-х у жніўні 2020 года прыйшла суровая палітычная зіма, а сам Яўген Лівянт, яго жонка, дочкі і зяць былі прысуджаныя да «хатняй хіміі» праз удзел у акцыях пратэсту.
![Як беларусы сталі нацыяй эмігрантаў і пры чым тут Ізраіль Як беларусы сталі нацыяй эмігрантаў і пры чым тут Ізраіль](/img/v1/images/img_20210811_122317_178.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Працэс па справе сузаснавальніка цэнтра падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэставання «100 балаў» Лівянта асвятляўся ў дзяржаўнай прэсе, якая хоць адкрыта і не выкарыстоўвала антысеміцкія наратывы, але рабіла зразумелыя яе аўдыторыі намёкі. У сацсетках прыхільнікі дзеючай улады (магчыма — супрацоўнікі спецслужбаў ці боты) не без задавальнення абмяркоўвалі расправу над «барыгам-яўрэем» і «зажравшимся паразитом».
У Беларусі распаўсюджаныя антысеміцкія настроі? Чаму ў дзяржаўнай прапагандзе перыядычна сустракаюцца антысеміцкія стэрэатыпы? І як з «яўрэйскай тэмай» абыходзяцца беларускія дэмакратычныя сілы?
Схаваны антысемітызм у Беларусі
Доўгі час Беларусь была адным з сімвалаў яўрэйскай прысутнасці ў Еўропе. Сёння можна, аднак, гаварыць пра паступовае завяршэнне яўрэйскай гісторыі Беларусі. За апошнія дзесяцігоддзі дзясяткі тысяч яўрэяў пакінулі краіну з эканамічных, сацыяльных, палітычных і рэлігійных прычын. Падаўленне пратэстаў у 2020 годзе і ўзмацненне жорсткасці рэжыму дало новы імпульс эміграцыі: толькі ў Ізраіль, паводле даных яго ўладаў, за апошнія тры гады з Беларусі выехалі каля 4500 чалавек.
Афіцыйны Мінск успрымае зыход грамадзян яўрэйскага паходжання і іх сем'яў спакойна. Стаўленне рэжыму Лукашэнкі да яўрэйскай меншасці можна назваць індыферэнтным. Ён не спрыяў развіццю яўрэйскага жыцця ў краіне, але і не ставіў палкі ў колы. У беларускім грамадстве яўрэі, як гэта наглядна дэманструе апісаны Яўгенам Лівянтам прыклад з 2014 года, успрымаюцца хутчэй як чужынцы, стаўленне да якіх можна агулам назваць памяркоўным.
Пры гэтым і ў самой Беларусі, і па-за яе межамі існуе ідэалізаванае ўяўленне пра практычна бесканфліктнае гістарычнае суіснаванні яўрэяў і беларусаў, а таксама пра традыцыйную беларускую талерантнасць, якой чужы антысемітызм і іншыя праявы ксенафобіі. Асабліва падкрэсліваецца, што Беларусь адрозніваецца ад сваіх «антысеміцкіх суседзяў»; традыцыі ж рэлігійнага, бытавога, антыізраільскага і нават расісцкага антысемітызму выносяцца за дужкі як не вартыя ўвагі.
На што робіць стаўку беларуская дзяржпрапаганда
Добры прыклад гэтаму — сам Аляксандр Лукашэнка. «Яўрэйская тэма» хоць і з'яўляецца для яго другараднай, але тым не менш за ім цягнецца шлейф антысеміцкіх скандалаў. У вышэйшых эшалонах улады і прапагандысцкім апараце прысутнічаюць як людзі яўрэйскага паходжання (хоць і без падкрэсленай яўрэйскай ідэнтычнасці), так і перакананыя антысеміты накшталт праўладнага палітолага Вадзіма Гігіна або прапагандыста Андрэя Мукавозчыка. Абодва станавіліся фігурантамі штогадовых справаздач Міністэрства дыяспары Ізраіля аб узроўні антысемітызму ва ўсім свеце.
![«Тэмы ідэнтычнасці беларусаў сталі ахвярай дзяржаўнай прапаганды» «Тэмы ідэнтычнасці беларусаў сталі ахвярай дзяржаўнай прапаганды»](/img/v1/images/_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo_2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ацаніць узровень антысемітызму ў беларускім грамадстве складана: сур'ёзныя апытанні ў апошнія гады не праводзіліся. Даследаванне брытанскага аналітычнага цэнтра «Chatham House» ад лістапада 2021 года, якое праводзілася сярод гарадскога насельніцтва краіны, паказала, што радыкальна негатыўна ў дачыненні да яўрэяў настроеныя 7,5% апытаных беларусаў. Колькасць людзей, якія падзяляюць антысеміцкія клішэ і тэорыі змовы, уяўляецца, аднак, куды больш вялікай. Менавіта на іх пачуцці і эмоцыі зрабіла сваю стаўку беларуская дзяржпрапаганда ў 2020 годзе.
Як Бабарыка, Цапкала і Ціханоўская сталі «грамадзянамі Ізраіля»
Згаданыя справаздачы ізраільскага міністэрства дыяспары, а таксама назіранні даследчыкаў беларускай прапаганды паказваюць, што прэзідэнцкія выбары 2020 года і пратэсты, якія рушылі за імі, прывялі да рэзкага ўзмацнення антысеміцкіх тэндэнцый у публічнай прасторы.
Прадвеснікам новага трэнду сталі абсурдныя чуткі пра яўрэйскае паходжанне (альбо ізраільскае грамадзянства) праціўнікаў Лукашэнкі — Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Святланы Ціханоўскай, якія распаўсюдзіліся яшчэ да выбараў. Аўтары фальшыўкі відавочна спадзяваліся на тое, што гэта нашкодзіць рэпутацыі дэмакратычных кандыдатаў.
Пасля выбараў аб'ектамі антысеміцкіх нападак сталі актывісты, журналісты і палітолагі, чыё яўрэйскае паходжанне наўмысна падкрэслівалася. Пры гэтым калі прапагандысты накшталт Андрэя Мукавозчыка або Рыгора Азаронка дзейнічалі адкрыта, то іх калегі спрабавалі ў савецкім стылі камуфляваць антысемітызм, абмяжоўваючыся намёкамі. Напрыклад, праграміста Андрэя Зельцэра, які загінуў у верасні 2021 года ў выніку перастрэлкі з супрацоўнікамі КДБ, называлі «касмапалітам» — тыповы яшчэ для СССР эўфемізм да слова «яўрэй».
Антысемітызм для ўнутранага спажывання
Іншым кірункам стала выстаўленая ўладамі гістарычная канцэпцыя, якая раптоўна ператварыла загінулых падчас нацысцкай акупацыі яўрэяў у ахвяр «генацыду беларускага народа» і ўваскрасіла тым самым савецкую традыцыю замоўчвання Халакосту. У 2022 годзе антысеміцкі арсенал беларускай дзяржпрапаганды папоўніў запазычаны з Расіі вобраз «яўрэя-фашыста» Уладзіміра Зяленскага.
![Аляксандр Фрыдман: Новага геапалітычнага раскладу праз ядзерную зброю я не бачу Ядзерная мара Лукашэнкі здзейснілася, што далей? Меркаванне Аляксандра Фрыдмана](/img/v1/images/a92bfa8488.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Антысеміцкія наратывы, да якіх звяртаецца прапаганда, разлічаны на ўнутраную і часткова на расійскую аўдыторыю. Абвастрэнне адносінаў з Ізраілем, які так і не ўвёў санкцыі супраць Беларусі, зусім не ўваходзіць у планы рэжыму. Пад яго ціскам афіцыйны Мінск нават скарэктаваў сваю канцэпцыю «генацыду беларускага народа», надаўшы ўвагу ахвярам Халакосту.
Нявыкарыстаны шанец беларускай апазіцыі
Для беларускіх дэмакратычных сіл антысемітызм у Беларусі мог бы стаць важным козырам у барацьбе з рэжымам на міжнароднай арэне, дзе — асабліва ў Еўропе — праявы антысемітызму ўспрымаюцца даволі востра.
Святлана Ціханоўская і яе асяроддзе хоць і сустракаліся з прадстаўнікамі Ізраіля і яўрэйскіх арганізацый ЗША, але на праявы антысемітызму ў Беларусі практычна не рэагавалі і інструменталізацыю тэмы Халакосту (у тым ліку і прыхільнікамі перамен) адкрыта не асудзілі. Прычына крыецца як у недаацэнцы значэння дадзенай кампаненты, так і ў пераацэнцы антысеміцкіх тэндэнцый у беларускім грамадстве.
![Ці магчымы міжнародны трыбунал у Гаазе для Аляксандра Лукашэнкі? Гаага для Лукашэнкі — не самы кепскі варыянт: суд у Беларусі будзе больш непрыемным](/img/v1/images/_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo__1_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
І ўлады, і іх апаненты падкрэсліваюць талерантнасць Беларусі, але пры гэтым зыходзяць з сур'ёзных антысеміцкіх настрояў у беларускім грамадстве. Калі дэмакратычныя сілы выносяць «яўрэйскія тэмы» за дужкі, то рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае антысемітызм у сваіх палітычных і прапагандысцкіх мэтах.