Як звальняюць работнікаў культуры, згаданых у артыкуле «СБ»

Яшчэ не прайшоў і месяц ад публікацыі Андрэя Мукавозчыка ў «СБ. Беларусь сегодня» пад назвай «Находить и выкорчевывать невероятных — дело всего общества», а частка работнікаў дзяржаўных устаноў культуры, згаданых у артыкуле, больш падобным да расстрэльнага спісу, ужо страціла працу. Як праходзяць звальненні, budzma.org даведалася ад чалавека, які пажадаў захаваць ананімнасць.

Ілюстрацыйны хдымак Gerd Altmann from Pixabay/CC0

Ілюстрацыйны хдымак Gerd Altmann from Pixabay/CC0

Асобе звонку, якая ніколі не працавала ў дзяржаўных установах, можа быць незразумела, як хутка звольніць супрацоўніка, нават не чакаючы канца дзеяння кантракту. Работнік не парушае працоўнай дысцыпліны, выконвае свае абавязкі, мае няскончаныя творчыя праекты. І тут нехта глядзіць яго сацсеткі, складае спіс «нядобранадзейных» — і чалавека раптам выправоджваюць.

Людзі, згаданыя ў артыкуле Мукавозчыка, — спецыялісты высокага класу, з досведам, напрацоўкамі, ідэямі. Іх не замяніць маладымі спецыялістамі, як прапануе аўтар. То-бок замяніць, канечне, можна, але ўстановы культуры ад гэтага значна страцяць. Хаця каго гэта хвалюе? Ёсць загад звальняць — звальняюць.

«Грахі», якія ўмяняюцца спецыялістам — аватаркі з абразкамі ў падтрымку незалежных медыя ці ў памяць пра забітага Рамана Бандарэнку, «няправільныя» фотаздымкі і лайкі... Сведчанняў прафесійнай некампетэнтнасці ў «расследаванні» Мукавозчыка не прадстаўлена.

Схема прыкладна такая: спачатку да дырэктара ўстановы прыходзіць чалавек з адпаведных органаў са спісам людзей, якіх трэба звольніць. Потым дырэктара выклікаюць у Міністэрства культуры і патрабуюць справаздачы, што зроблена. Дырэктар пачынае ціснуць на загадчыкаў структурных адзінак (аддзелаў, філіялаў, сектараў), каб тыя ціснулі на падначаленых. Тыя выклікаюць супрацоўнікаў на размову і прапануюць ім тры варыянты:

1. Звольніцца па згодзе бакоў.

2. Быць звольненым па артыкуле аб неналежным выкананні працоўных абавязкаў. Адзін з варыянтаў — па даносе калег (напрыклад, нібыта «нядобранадзейны» супрацоўнік быў на працы п’яны). Адпаведных людзей ужо ўзялі ў штат некаторых устаноў культуры. Калегі мяркуюць, што такія людзі падпішуцца пад любым даносам.

3. Справу ўпартага супрацоўніка, які не хоча звальняцца, аддадуць у адпаведныя органы.

З улікам абстаноўкі ў краіне, калі ў турму можна трапіць, увогуле не здзейсніўшы ніякага правапарушэння (напрыклад, высветліцца, што чалавек падпісаны на «дэструктыўныя» каналы; нагадаем, што законам гэта пакуль не забаронена), звычайна супрацоўнікі пагаджаюцца на першы варыянт і звальняюцца нібыта па ўласным жаданні.

Да таго ж людзей палохаюць тым, што калі яны не пагодзяцца на звальненне па ўласным жаданні, ім выдадуць кепскую характарыстыку для наступнага месца працы. І гэта становіцца сапраўдным інструментам для маніпуляцый. Даходзіць да кур’ёзаў. Нам стала вядомая гісторыя чалавека «па-за палітыкай», які хацеў памяняць працу з асабістых прычын, але яго ўтрымалі пагрозай, што напішуць «бчб-характарыстыку».

Падчас уладкавання ў дзяржаўныя ўстановы цяпер просяць, акрамя характарыстыкі з папярэдняга месца працы, даведку з міліцыі аб тым, што чалавека не прыцягвалі да адказнасці па «пратэсных» артыкулах. Даведку выдаюць, дарэчы, платна.

Нагадаем, артыкул Андрэя Мукавозчыка «Находить и выкорчевывать невероятных — дело всего общества» быў апублікаваны 17 лістапада на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня». У ім названы больш за 50 работнікаў устаноў культуры, на старонках якіх у сацсетках аўтар знайшоў «крамолу». Над гэтымі людзьмі вісіць пагроза звальнення. Некаторых ужо звольнілі.