«Правесці праверку немагчыма». Ілля Міронаў атрымаў ад Мінінфарма цынічны адказ на свае скаргі
У канцы красавіка Ілля Міронаў адправіў у Міністэрства інфармацыі некалькі скаргаў: на навіну ў телеграм-канале і праграме тэлебачання «СТВ. Навіны Беларусі», а таксама на публікацыю ў «Савецкай Беларусі». Нядаўна актывіст атрымаў адказ з лукашэнкаўскага ведамства, распавядае «Штодзень».
У сваіх скаргах актывіст распавёў, што 20 красавіка гэтага года пра яго расказалі і напісалі ў абразлівай манеры. Адна з цытат, пра якую ідзе гаворка, гучыць так: «Жыў бы Ілля ў Адэсе, яму б параілі нешта тыпу «Ідзі кідайся галавой у гной».
Скарга, якую
Міронаў адрасаваў у Мінінфарм на «СБ. Беларусь сёння» датычылася матэрыялу пад
назвай «Асобныя экзэмпляры змагароў спрабуюць весяліцца. Атрымліваецца не
вельмі». Аўтар гэтага артыкула — вядомы прапагандыст Андрэй Мукавозчык.
У кожнай са сваіх
скаргаў Міронаў апеляваў да законаў і падкрэсліваў, што ў адпаведнасці з п. 2 арт.
2 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» заканадаўства аб
сродках масавай інфармацыі грунтуецца на Канстытуцыі. А ў арт. 10 Канстытуцыі
прапісана, што грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і
заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. На падставе
арт. 49 Закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі» Ілля Міронаў прасіў вынесці
пісьмовае папярэджанне «СБ. Беларусь сёння», а таксама «Сталічнаму тэлебачанню — СТБ» за распаўсюд звестак, якія груба парушаюць Канстытуцыю.
Днямі Міронаву
прыйшоў адказ на скаргі. І вось як ён гучыць.
Наконт артыкула Мукавозчыка ў «СБ»: «Мінінфарм, як орган дзяржаўнага кіравання, працуе ў выключна прававым полі і, згодна з заканадаўствам, не вызначае рэдакцыйную палітыку СМІ, бо ў адпаведнасці з артыкулам 7 Закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі» не дапускаецца незаконнае абмежаванне свабоды масавай інфармацыі…».
Нагадаем, што ўсе незалежныя СМІ ў Беларусі, якія намагаліся пісаць
«няправільную» з пункту гледжання прапагандыстаў і незаконнага кіраўніцтва
краіны праўду пасля выбарчай кампаніі 2020 года, цяпер ці рэпрэсаваныя, ці
знішчаныя. А тыя, што засталіся, вымушаны працаваць ва ўмовах эміграцыі.
Некаторыя
журналісты знаходзяцца за кратамі. Проста таму, што працягвалі пісаць праўду.
Напрыканцы свайго
адказу Мінінфарм параіла Міронаву са сваёй скаргай звярнуцца да галоўнага
рэдактара выдання, бо гэта нібыта ён абірае рэдакцыйную палітыку.
Патрабаваць
абвяржэння інфармацыі чыноўнікі таксама параілі непасрэдна ў выданні або ў
судзе.
Наконт навіны ў «СТБ. Навіны Беларусі» Міронаву ўвогуле далі феерычны адказ: «Што тычыцца публікацыі, размешчанай 20 красавіка 2023 года ў тэлеграм-канале «СТБ. Навіны Беларусі», дастатковай інфармацыі аб размяшчэнні аналагічнага матэрыялу ў эфіры тэлепраграмы «Сталічнае тэлебачанне» вамі прадастаўлена не было, у сувязі з чым правесці праверку немагчыма. Паводле звестак з Дзяржаўнага рэестра сродкаў масавай інфармацыі РБ гэты тэлеграм-канал не зарэгістраваны ў якасці сеткавага выдання. А, такім чынам, не з’яўляецца ў сілу артыкула 11 Закона аб СМІ сродкам масавай інфармацыі <…>. Улічваючы вышэйсказанае, у Міністэрства інфармацыі адсутнічаюць дастатковыя прававыя падставы для прыняцця мер рэагавання ў адпаведнасці з Законам аб СМІ».
Гэты адказ Іллі Міронаву прыйшоў за подпісам намесніка міністра інфарамцыі Бузоўскага.
На фоне таго, што зараз у краіне адбываецца з
журналістыкай, падобныя адказы Мінінфарма выглядаюць выключна цынічна. Амаль
кожны дзень тэлеграм-каналы, якія таксама не зарэгістраваныя ў дзяржрэестры,
прызнаюць экстрэмісцкімі за тое, што яны
публікуюць праўдзівую інфармацыю, а аўтараў іх матэрыялаў пераследуюць.