Заяву Іллі Міронава з патрабаваннем завесці справу на Азаронка перадалі ў Следчы камітэт

Вядомы гомельскі валанцёр у перапынках паміж адміністрацыйнымі арыштамі працягвае дамагацца ад дзяржаўных органаў выканання законаў.

Скрыншот «Штодзень»

Скрыншот «Штодзень»

Заяву на прапагандыста Азаронка з патрабаваннем адкрыць крымінальную справу перадалі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта, паведамляе выданне «Штодзень». Так вынікае з адказу намесніка начальніка аддзела па рабоце з грамадзянамі СК Жаўранка М.М.

Аўтар заявы, гамяльчук Ілля Міронаў, так каментуе рэакцыю СК: «У прыярытэтах — прыцягненне грамадзяніна Азаронка Рыгора да крымінальнай адказнасці. Веру, што закон пераможа!»

Нагадаем, у студзені 2023 года гомельскі валанцёр Ілля Міронаў аднёс заяву ў Следчы камітэт з просьбай адкрыць крымінальную справу ў дачыненні да адыёзнага прапагандыста Рыгора Азаронка. У тэксце заявы актывіст зазначае, што 18 студзеня 2023 года на сайце праўладнай тэлекампаніі СТБ быў апублікаваны артыкул, які суправаджаецца відэаролікам «Азарёнок: шаг навстречу тем, кто хочет вернуться — это сталинский шаг, это мощнейшая воля Лукашенко».

У гэтым сюжэце Азаронак, на думку аўтара заявы, здзяйсняе дзеянні, скіраваныя на ўзбуджэнне нянавісці, варажнечы, а таксама прыніжэння годнасці групы асоб па прыкметах прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы. Ілля Міронаў патрабуе прыцягнуць да адказнасці Рыгора Азаронка на падставе п.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса РБ. Паводле беларускага заканадаўства, за распальванне варажнечы прадугледжана пакаранне да 5 гадоў зняволення.

Ілля Міронаў. Фота з сацсетак

Ілля Міронаў. Фота з сацсетак

Як паведамлялася нядаўна, Ілля Міронаў дачакаўся адказу ад Міністэрства інфармацыі наконт таго, ці з’яўляецца герб «Пагоня» «экстрэмісцкім». Адказ атрымаўся цалкам у духу беларускай бюракратыі.

Намеснік міністра інфармацыі пералічыў некалькі пунктаў дзеючага заканадаўства і прапанаваў паглядзець спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», які выкладаецца ў свабодны доступ на сайце Мінінфармацыі. Паколькі ў апошняй версіі «Спісу» няма беларускага герба, то можна зрабіць выснову, што захоўванне і дэманстрацыя «Пагоні» не з’яўляецца супрацьпраўным дзеяннем, што, аднак, супярэчыць практыцы рэпрэсіўных органаў, якія пераследуюць грамадзян за наяўнасць гістарычных сімвалаў.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», актывіст і валанцёр Ілля Міронаў яшчэ ў лютым 2023 года імкнуўся атрымаць афіцыйны пісьмовы адказ, ці забаронены герб «Пагоня». Пра гэта актывіст спрабаваў даведацца ў Міністэрстве інфармацыі.

«У СМІ часам публікуюцца навіны, калі людзей прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за выкарыстанне дзяржаўнага ў 1991-1995 гадах герба «Пагоня». Паколькі вядзенне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ажыццяўляецца Міністэрствам інфармацыі, то я хачу атрымаць адказ менавіта ад гэтай інстанцыі», — каментаваў Ілля.

Ілля накіраваў у Мінінфарм адпаведны запыт са спасылкамі на дзеючае беларускае заканадаўства. Ён хацеў тлумачэнняў ад чыноўнікаў, ці можна цяпер захоўваць нацыянальную сімволіку дома і выкарыстоўваць у грамадскіх месцах.

На дадзены момант бел-чырвона-белы сцяг, за які сілавікі пераследуюць грамадзян, не з’яўляецца афіцыйна забароненай сімволікай. А гербу «Пагоня» ўвогуле ў 2007 годзе рашэннем Савета міністраў Беларусі нададзены статус «нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці».