Галадоўка 12 дзён і камера з клапамі: Ілля Міронаў — пра чарговы арышт

Знакаміты гомельскі валанцёр Ілля Міронаў пасля разгрому кватэры і знікнення маці паехаў у суд, каб падтрымаць яе, але сам ізноў апынуўся за кратамі. Гэта быў ягоны 12 адміністрацыйны арышт. Пра яго акалічнасці і пра тое, каго цяпер затрымліваюць сілавікі, актывіст расказаў «Штодню».

illja_mironau_1_1.jpg


Пра затрыманне

— 17 сакавіка з самай раніцы я паехаў у суд Савецкага раёна, дзе мелася адбыцца судовае пасяджэнне над маёй мамай Валянцінай Міронавай, затрыманай міліцыяй напярэдадні, 16 сакавіка, у сябе ў кватэры.

Увогуле, так і не заснуўшы ў ноч пасля разгрому кватэры і затрымання маці, ужо з самай раніцы я быў у судзе. Але там мне адказалі, што маці яшчэ не даставілі ў ІЧУ. Я купіў ёй паесці, ведаючы, што ў ізалятары асабліва не кормяць. Я чакаў да самага абеду, але яе так і не даставілі. На абед я схадзіў у КFC, пасля чаго вярнуўся да суда. Я пра нешта задумаўся і бакавым зрокам заўважыў, што да мяне набліжаецца знаёмы ўжо па папярэднім маім затрыманні супрацоўнік міліцыі. Ён папярэдзіў мяне, каб я не рабіў лішніх рухаў і папрасіў мяне прайсці з ім у машыну, якая стаяла побач. Пасля мяне даставілі ў Савецкае РАУС. Калі спытаў, ці надоўга забіраюць, атрымаў адказ, што, маўляў, толькі правядуць гутарку аб недапушчальнасці адміністрацыйных правапарушэнняў.

Даволі хутка я падпісаў паперу аб недапушчальнасці здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў, але мяне ўсё роўна затрымалі, бо яшчэ нехта з супрацоўнікаў захацеў са мной паразмаўляць. Дачакаўшыся, пачуў незадаволенасць з нагоды аднаго майго ранейшага выказвання ў СМІ, у якім я выказваў здагадку, што некаторыя «лайкі» ад майго імя былі пастаўлены міліцыянтамі, якія маглі атрымаць доступ да майго смартфона. Мне сказалі, што гэта ўсяго толькі мае здагадкі, а яны ніяк не маглі гэтага зрабіць.

У 16.45 на мяне быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, паводле арт. 19.11 ч.2 КоАП РБ (за некалькі відэа, датаваных жніўнем-вераснем 2020 года ў сацыяльнай сетцы «Укантакце»).

Прабыўшы пару гадзін у аддзяленні, быў дастаўлены ў ІЧУ Гомеля ўвечары пятніцы. Мяне даставілі яшчэ з 4-ма такімі ж затрыманымі ў гэты ж дзень. Людзі былі затрыманы ўпершыню за такое ж адміністрацыйнае правапарушэнне. Нас закінулі ў двухмесную камеру з клапамі.

У панядзелак я быў дастаўлены ў суд Савецкага раёна, дзе пасля абеду адбылося судовае пасяджэнне ў дачыненні да мяне, якое пастанавіла мне 15 сутак адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй нядаўна набытага мабільнага тэлефона. У чаканні канвою ў ІЧУ я паспеў напісаць апеляцыйную скаргу ў абласны суд, бо я не быў згодны з пастановай, прасіў адмяніць у тым ліку канфіскацыю тэлефона як «сродку правапарушэння».

Назад ехаў яшчэ з адным хлопцам, па такім жа артыкуле, а ў ІЧУ быў таксама змешчаны ў двухмесную маленькую камеру, з 3-ма асуджанымі.


Пра ўмовы адбывання арышту

Усё было, як і раней: пасцельнай бялізны не выдавалі, у душ вадзілі адзін раз за 15 сутак, рушнікі і сподняе не перадавалі. Ежа была вельмі дрэнная: кашы, макароны, рыс — усё нейкае пераваранае, таму я цягам 12 сутак выліваў усё ва ўнітаз, трымаў галадоўку ў знак пратэсту супраць прававога сваволля. Харчовыя перадачы (сала і печыва) выдалі толькі аднойчы мне і аднаму хлопцу, які заехаў упершыню на 15 сутак.

У камеры было даволі халодна і брудна. Кожны дзень мы бралі венік і шуфлік і наводзілі парадак.

З забаў былі: гульня ў словы, у гарады. Радыё амаль ва ўсіх камерах адсутнічала. Спартовыя практыкаванні праз адсутнасць свабоднай прасторы было праблематычна рабіць. «Палітычным» курткі выдаваліся толькі пасля адбою, у 22:00. Днём супрацоўнікі ІЧУ сачылі, каб мы не спалі, нават не клалі галаву на стол. Ноччу будзілі двойчы, выводзілі на паверку чатыры разы на дзень у кайданках. Так і праходзіў час.

Клапоў пастаянна ціснулі, заўважыўшы, што яны выпаўзаюць аднекуль з-за батарэй, якія сталі больш грэць, паколькі тэмпература паветра панізілася.


Асабіста мне вытрымаць «суткі» дапамагло тое, што ў мяне быў вялікі вопыт. Гэта быў 12 арышт за апошнія некалькі гадоў. Я адчуваў сябе як рыба ў вадзе, у адрозненне ад тых, хто трапіў туды ўпершыню.

Кантынгент арыштантаў быў на ўзроўні: юрыст, начальнік дзяржаўнага прадпрыемства, дырэктар прыватнай кампаніі — спрэс людзі з некалькімі вышэйшымі адукацыямі і шырокім кругаглядам. Мне падаецца, яны ўсе трапілі пад зачыстку з нагоды Дня Волі.

Магу памыляцца, але ў ІЧУ на момант майго арышту знаходзілася каля 20-25 «палітычных».