Аналітык MediaIQ: Беларускай прапагандзе не хапае грошай

Другую сустрэчу запар Лукашэнка прабівае ў Маскве праект «саюзнага медыяхолдынга». Настойліва так прабівае. Крэмль пакуль што рэагуе маўчаннем.

bt_logo_1.jpg


“Нам патрэбна мець саюзны медыяхолдынг. Мы не маем права прайграць бітву за сэрцы і розумы нашых грамадзянаў на друкаваных, тэле-, радыё- ці лічбавых палях бітваў”, — пафасна заявіў Лукашэнка 6 красавіка падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржасавета Саюзнай дзяржавы.

Навошта Лукашэнку спатрэбіўся “саюзны медыяхолдынг” — у дадатак да ўжо існуючых медыя? Пагаварылі з аналітыкам праекта MediaIQ Паўлюком Быкоўскім.

— Трэба зазначыць, што ўжо існуюць фінансуемыя з бюджэта саюзнай дзяржавы медыяпраекты: і тэлебачанне, і партал, і праекты для друкаваных выданняў. Новы праект медыяхолдынга — гэта відавочная барацьба за медыярэсурсы, бо для шэрагу гульцоў — вытворцаў беларускай прапаганды насамрэч не хапае рэсурсаў. Фінансаванне беларуская дзяржава, канечне, выдзяляе, але ім трэба болей, а з тых рэсурсаў, што ідуць з бюджэта Саюзнай дзяржавы, ім дастаецца менш, чым хацелася б. Ім трэба болей, і яны стараюцца гэтыя рэсурсы атрымаць. Стварэнне новага суб’екта, які будзе вырабляць медыяпрадукцыю, — гэта магчымасць працаўладкаваць альбо ствараць кантэнт для продажу гэтага рэсурсу. Па ўсім відаць, лабіраванне гэтага пытання, даволі настойлівае лабіраванне, вядзе бюракратыя беларускай прапаганды. А з другога боку, Лукашэнку здаецца гэта досыць разумным.

— А ў якой фінансавай сітуацыі знаходзіцца беларуская прапаганда?

— Расходы павялічваюцца: і на вытворчасць кантэнта, і ўвогуле на жыццё ў Беларусі. А вось бюджэты на прапаганду растуць не так хутка, як бы хацелася тым, хто знаходзіцца ў гэтай сферы. У прынцыпе, адбываецца нават скарачэнне выдаткаў, асабліва на друкаваныя газеты.

— Ці вызначыліся контуры новага “саюзнага медыяхолдынга”, ці пакуль што гэта толькі дэкларацыі?

— Пакуль што гучаць заявы з беларускага боку, а грошы ён хоча атрымаць з маскоўскага боку.

— Ці ўдасца Лукашэнку даціснуць Пуціна па гэтым пытанні?

— Не выключаю, што ўдасца. Але тут адбываецца сутыкненне двух розных падыходаў. У Расіі такія медыяпрадукты для прапаганды робяцца на аўтсорсінгу: ёсць тэндары, у якіх удзельнічаюць многія выдавецтвы, структуры — яны добра плаваюць у гэтым моры і ведаюць правілы барацьбы. Магчыма, у Расіі працуюць свае карупцыйныя схемы: нядаўна рабілася расследаванне, як мэрыя Масквы падкупае прапагандыстаў — як дзяржаўных, так і нібыта незалежных. З другога боку, можна дапусціць, што існуе нейкі карупцыйны фактар пры падзеле бюджэта — і расійскага, і саюзнага. Існаванне такога фактара нельга выключаць, хаця я не праводзіў ніякіх даследаванняў на гэты конт.

А вось беларуская прапаганда не ўмее працаваць на аўтсорсінгу, яна жыве за дзяржаўныя грошы. На аўтсорсінгу робіцца невялікая частка праектаў, звязаных з саюзнай дзяржавай, напрыклад, Саюз журналістаў, дадатак “Союз” да газеты “СБ. Беларусь сегодня” і  “Российской газеты”. Гэтыя праекты не вельмі значныя. У прынцыпе, у параўнанні з даступнасцю беларускага бюджэта, гэта тыя грошы, якія можна знайсці ў расійскім бюджэце больш лёгка, і для Расіі яны не вельмі вялікія па аб’ёму, каб за іх моцна трымацца. Расійскія гульцы атрымліваюць значна большыя рэсурсы. Іншае пытанне, што ў Расіі зараз не імкнуцца павялічваць свае выдаткі, наадварот, хочуць скарачаць іх, відаць, гэтая акалічнасць і перашкаджае зараз паспяховасці лабіравання.

— Ці параўнальная эфектыўнасць беларускай і расійскай прапаганды?

— Можна ставіць пытанне пра тое, якія мэты ставіліся і якія мэты дасягнутыя.

Калі казаць пра Расію, то сацыялагічныя апытанні паказваюць, што абвешчаную так званую “спецыяльную ваенную аперацыю” збольшага расіяне падтрымліваюць, там вялікія лічбы падтрымкі.

Калі характарызаваць беларускую аўдыторыю, то, з аднаго боку, гэта “не наша вайна”, з другога боку — беларуская прапаганда ідэалагічна абгрунтоўвае, што Расія вымушаная была пачаць вайну ва Украіне. Але падтрымка расійскай вайны ва Украіне значна ніжэйшая ў параўнанні з сітуацыяй у Расіі. Можна казаць, што гэта не эфектыўна.

З іншага боку, калі казаць, што рэжым Лукашэнкі захаваўся, што ён зараз не сутыкаецца з выклікамі, якія пагражалі б падзеннем рэжыма, то можна казаць, што гэтыя функцыі прапаганда выконвае. Яна прасоўвае наратывы не толькі на карысць Расіі, на карысць Крамля, хаця яны таксама прысутнічаюць, колькі засяроджваецца на тым, што Лукашэнка хітрай сваёй дыпламатыяй дабіўся, што Беларусь не ўцягнутая ў войны, ён гарант стабільнасці ў моры ўсялякіх небяспекаў, што трэба трымацца за тое, што ёсць, а не шукаць нечага іншага. Гэтыя рэчы ў значнай ступені з’яўляюцца пераканаўчымі.

Але аўдыторыя, якая давярае дзяржаўным медыя, ненамнога адрозніваецца ад аўдыторыі, якая давярае Аляксандру Лукашэнку. То-бок гэтыя паказнікі ў значнай ступені супадаюць, таму цяжка сказаць, наколькі эфектыўная беларуская дзяржаўная прапаганда.