Аляксандр Кныровіч: Як думаеце, ядзерная зброя, якую ніхто і нікуды не запускаў, з ёй усё ў парадку?
Блогер і прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч заклікае не верыць слову «тактычная», калі гаворка ідзе пра ядзерную зброю, і вельмі сумняецца, што яна бяспечная нават у «спакойным» стане. Асабліва ўлічваючы традыцыйнае расійскае раздзяўбайства.
— Беларусь траўмаваная ядзернай тэмай. Найперш гэта Чарнобыль. МНС Беларусі ацэньвае страты для краіны ў 235 мільярдаў долараў. Гэта 32 бюджэты Беларусі паводле стану на 1985 год, — распавядае эканаміст Аляксандр Кныровіч у сваім выпуску на канале Кныровіч.
Пасля катастрофы на ЧАЭС эканоміка моцна пацярпела, большая частка Рэспублікі Беларусь заражаная дагэтуль. У беларусаў выразна сфармаванае стаўленне да ядзернай тэмы.
Другое — гэта ядзерная бамбардзіроўка Хірасімы і Нагасакі з боку ЗША. Гэта адзіны выпадак рэальнага прымянення ядзернай зброі ў гісторыі.
— У школе ў нас сфармавалі дакладнае і адназначнае стаўленне да гэтага факту. У выніку двух выбухаў маментальна загінула 80 тысяч чалавек, а агульная колькасць загінулых праз чатыры месяцы — 250 тысяч.
У Нагасакі 88% будынкаў у радыусе 2 км былі цалкам разбураны. У амерыканскіх генералаў былі ўласныя рацыі: да таго часу загінула 400 тысяч амерыканскіх салдат, палова з іх — у вайне супраць Японіі.
І амерыканскія генералы сапраўды гэтак жа, як сёння расійскія, распавядалі пра тое, што, калі б яны не ўжылі ядзерную зброю, загінула б каля мільёна амерыканскіх салдат у працэсе «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Японіі. Гэтым яны апраўдвалі прымяненне ядзернай зброі, і з іх пункту будынка гэта была добрая справа.
Але мне і майму пакаленню паўтаралі, што гэта злачынства. Ядзерныя бомбы не выбіралі, каго забіваць: салдат імператарскай арміі Японіі або дзіцяці, старога.
Кныровіч падкрэслівае: беларусам не варта думаць, што ў Беларусь прывязуць нейкую адмысловую маленькую ядзерную зброю, як і не трэба верыць у слова «тактычную».
— З пункту гледжання носьбітаў, памеру, далёкасці паразы — гэта не міжкантынентальныя бомбы ці ракеты. Мяркуецца, што далёкасць паражэння 500 км — гэта Варшава, Вільня, Рыга. Але па магутнасці самая мінімальная з гэтых бомбаў — чвэрць Хірасімы.
Эксперт таксама задаецца пытаннем даверу да расійцаў і іх прафесіяналізму.
— Пачытаць толькі статыстыку пуску ракет у космас. Там фактычна раз на год адбываецца нейкая бяда. Так, гэта іншая статыстыка — Іскандэры і самалёты, якія могуць несці ядзерныя зарады — гэта прасцей, чым лётаць у космас. Але толькі задумацца: быў расійскі карабель «Саюз МС-10», у 2018 годзе ён пацярпеў катастрофу. Яго кошт — 70 млн долараў, якія былі выкінутыя ў сметніцу. Цудам выратаваліся касманаўты — дзякуючы аварыйнай пасадцы.
Як думаеце, ядзерная зброя, якую ніхто і нікуды не запускаў, з ёй усё ў парадку? Ці стане ў Беларусі бяспечней, калі зброя ад такіх вытворцаў будзе знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі?
Сёння тактычная зброя бессэнсоўная, дадае экспэрт. Як канцэпцыя яна стваралася ў XX стагоддзі, каб прымяняць на поле бою: біць па навале жывой сілы, тэхнікі.
— Вось толькі вайна змянілася і больш такіх навал не існуе, вайна вядзецца па-іншаму. Таму ўсё, што можна зрабіць гэтай зброяй, — адпомсціць перад смерцю.
Кныровіч успамінае, што ў савецкія часы на тэрыторыі Беларусі ўжо была ядзерная зброя, якая была сканцэнтраваная ўздоўж заходняй мяжы.
— Пасля распаду СССР Беларусь была восьмай краінай у свеце па запасах ядзернай зброі, агульная колькасць боепрыпасаў складала больш за 1000 штук. ЗША заплаціла Беларусі 250 мільёнаў долараў на забеспячэнне працэсу вывазу ядзернай зброі.
Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, на тэрыторыі Беларусі заставалася 72 ядзерныя боегалоўкі. Ён вельмі не хацеў іх вывозіць, але ў гэтым не была зацікаўлена ў першую чаргу Расія. Яму-такі заламалі рукі, і ён падпісаў Будапешцкі мемарандум.
І сёння толькі ў фантазіях прапагандыстаў Беларусь становіцца ядзернай дзяржавай і Лукашэнку хтосьці дае ў рукі ядзерныя боегалоўкі. Пра гэта размовы нават не ідзе. Я думаю, у першую чаргу Пуцін вельмі моцна супраць гэтага.
Таму ўсё, што кажа з гэтай нагоды Лукашэнка, — панты. Ад таго, што ядзерная зброя ЗША была размешчана ў Бельгіі, Італіі і Турцыі, гэтыя краіны не сталі ядзернымі дзяржавамі. Ніхто б не дазволіў Эрдагану выкарыстоўваць ядзерную зброю ЗША па сваім уласным меркаванні, — заключае Кныровіч.