Афіцыйна «Пагоня» — не «экстрэмісцкі» сімвал
Але ў краіне, дзе «часам не да законаў» і ў лепшыя часы жыццё, законы і законапрымяняльная практыка — далёка не адно і тое ж.
![imgl7740_logo.jpg imgl7740_logo.jpg](/img/v1/images/imgl7740_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў напярэдадні апошняга арышту атрымаў ліст з Міністэрства інфармацыі наконт таго, ці з’яўляецца герб «Пагоня» «экстрэмісцкім», піша выданне «Гомель Штодзень».
Намеснік міністра інфармацыі пералічвае некалькі пунктаў дзеючага заканадаўства і прапаноўвае паглядзець спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», які выкладаецца ў свабодны доступ на сайце Мінінфармацыі. Паколькі ў апошняй версіі «Спісу» няма беларускага герба, то можна зрабіць выснову, што захоўванне і дэманстрацыя «Пагоні» не з’яўляецца супрацьпраўным дзеяннем, што, аднак, супярэчыць практыцы рэпрэсіўных органаў, якія пераследуюць грамадзян за наяўнасць гістарычных сімвалаў.
![inkedphoto_2023_03_15_19_35_23.jpg inkedphoto_2023_03_15_19_35_23.jpg](/img/v1/images/inkedphoto_2023_03_15_19_35_23.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«У СМІ часам публікуюцца навіны, калі людзей прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за выкарыстанне дзяржаўнага ў 1991-1995 гадах герба «Пагоня». Паколькі вядзенне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ажыццяўляецца Міністэрствам інфармацыі, то я хачу атрымаць адказ менавіта ад гэтай інстанцыі», — каментаваў «Штодню» свой зварот у Мінінфармацыі Ілля.
![Згадванне Гомеля ў дакуменце з пячаткай «Пагоня» і подпісам караля Стэфана Баторыя, 1583 г. Фота: Міхаэль Энцін Згадванне Гомеля ў дакуменце з пячаткай «Пагоня» і подпісам караля Стэфана Баторыя, 1583 г. Фота: Міхаэль Энцін](/img/v1/images/photo_2022_09_07_11_43_37.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Згадванне Гомеля ў дакуменце з пячаткай «Пагоня» і подпісам караля Стэфана Баторыя, 1583 г. Фота: Міхаэль Энцін
На дадзены момант бел-чырвона-белы сцяг, за які сілавікі пераследуюць грамадзян, не з’яўляецца афіцыйна забароненай сімволікай. А гербу «Пагоня» ўвогуле ў 2007 годзе рашэннем Савета міністраў Беларусі нададзены статус «нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці».
Нагадаем, як пісаў «НЧ», актывіст і валанцёр Ілля Міронаў яшчэ ў лютым 2023 года імкнуўся атрымаць афіцыйны пісьмовы адказ, ці забаронены герб «Пагоня». Пра гэта актывіст спрабаваў даведацца ў Міністэрстве інфармацыі.
Ілля накіраваў у Мінінфарм адпаведны запыт са спасылкамі на дзеючае беларускае заканадаўства. Ён хацеў тлумачэнняў ад чыноўнікаў, ці можна цяпер захоўваць нацыянальную сімволіку дома і выкарыстоўваць у грамадскіх месцах.