Ці забаронены афіцыйна герб «Пагоня»?
Актывіст і валанцёр Ілля Міронаў спрабуе атрымаць афіцыйны пісьмовы адказ, ці можна захоўваць дома герб «Пагоня», ці ён усё ж забаронены.
Гомельскі актывіст спрабуе
дабіцца адказу ад Міністэрства інфармацыі адносна таго, ці з’яўляецца былы
дзяржаўны герб «Пагоня» экстрэмісцкім сімвалам, піша «Штодзень».
Валанцёр Ілля Міронаў накіраваў у Мінінфарм адпаведны запыт са спасылкамі на дзеючае беларускае заканадаўства.
Гамяльчук патрабуе ад чыноўнікаў патлумачыць, ці можна захоўваць нацыянальную сімволіку дома і выкарыстоўваць у грамадскіх месцах.
«У СМІ часам публікуюцца навіны, што людзей прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за выкарыстанне дзяржаўнага ў 1991—1995 гадах герба «Пагоня», — піша Ілля. Паколькі вядзенне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ажыццяўляецца Міністэрствам інфармацыі, то аўтар звароту намагаецца атрымаць адказ менавіта ад гэтай інстанцыі.
Пакуль вядома толькі, што гербу «Пагоня» ў 2007 годзе рашэннем Савета міністраў Беларусі нададзены статус «нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці». На дадзены момант, здаецца, бел-чырвона-белы сцяг, за які сілавікі пераследуюць грамадзян, таксама не з’яўляецца афіцыйна забароненай сімволікай.
Аднак, нягледзячы на гэта, сілавікі і прапагандысцкія СМІ ўсяляк намагаюцца дыскрэдытаваць нацыянальныя сімвалы і імкнуцца караць тых, хто наважваецца на публічную дэманстрацыю гістарычных сцяга і герба.
Ілля Міронаў вядомы тым, што напісаў некалькі тысяч лістоў палітвязням. Яго затрымалі 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцэра.
Суд адбыўся 24 кастрычніка. Іллю Міронава асудзілі на 1,5 года папраўчай калоніі і 200 базавых велічынь штрафу. Але, паколькі Ілля Міронаў больш за год знаходзіўся ў СІЗА, яго пастанавілі вызваліць у зале суда.
Пасля актывіста яшчэ некалькі разоў арыштоўвалі і асуджалі да «сутак"». Аднак Ілля застаецца ў Беларусі і працягвае актыўна займацца грамадскай дзейнасцю.