За «палітыку» затрыманы бізнесовец, фірма якога будавала «Мінск-Свет»
Прапаганда паведаміла пра затрыманне кіраўніка буйной кампаніі. Яшчэ нядаўна фірма Яўгена Жукоўскага будавала «Мінск-Свет», а Саюз будаўнікоў і Праваслаўная царква ўручалі мужчыну ўзнагароды. Цяпер жа яго абвясцілі «змагаром» і «буржуем», распавядае «Н*ша Ніва».
Мінскаму бізнесоўцу Яўгену Жукоўскаму 44 гады. Родам ён, паводле інфармацыі з сацсетак, з Ліды, але даўно жыве ў Мінску, дзе будуе ўласны
бізнес. Ён дырэктар будаўнічай кампаніі «Тэрматэхбуд» і па беларускіх мерках буйны бізнесовец.
Кампанія існуе больш за 14 гадоў. За гэты час яна наладзіла
стабільнае супрацоўніцтва з Dana Holdings, кампаніяй з сербскімі каранямі, якая
будавала «Дана Мол» і шэраг жыллёвых комплексаў у Мінску, а цяпер, як і яе
заснавальнікі, браты Карычы, уключана ў санкцыйныя спісы ЕС. Паводле звестках
«Л*стэрка», кампанія Жукоўскага дагэтуль лічыцца падрадчыкам комплексу
«Мінск-Свет» і была генеральным падрадчыкам комплексу «Вог» на Макаёнка і
«Маяка Мінска».
У 2017-м Яўген Жукоўскі атрымаў узнагароду ад Саюза
будаўнікоў — нагрудны знак «За заслугі ў будаўніцтве». Гэта найвышэйшая
ўзнагарода, якую выдаюць «за ўзорную працу і высокі асабісты ўклад у развіццё
будаўнічай галіны».
А ў верасні 2020-га бізнесоўца адзначыла Праваслаўная
царква. У дзень асвячэння храма Узвіжання Крыжа Гасподняга ў Мінску яго
ўзнагародзілі медалём ордэна свяціцеля Кірылы Тураўскага. Звычайна яго выдаюць
за ахвяраванні на царкву.
Таксама мужчына мае жонку і малое дзіця.
Жукоўскі затрыманы і цяпер знаходзіцца за кратамі, што стала
вядома пасля перадачы «Спружыны палітыкі», якую вядзе скандальны прапагандыст
Рыгор Азаронак. Артыкул невядомы, як да канца невядома і тое, ці ёсць сярод
абвінавачанняў палітычныя артыкулы, але пераслед з вялікай імавернасцю
палітычны.
Рэч у тым, што працаўнікі «Тэрматэхбуда» падтрымалі народ
Беларусі ў 2020-м і выходзілі на забастоўку. Азаронак некалькі разоў у сваёй
перадачы называе бізнесоўца «буржуем» і змагаром.
Таксама ў сюжэце расказваюць пра аднаго з кіраўнікоў
«Тэрматэхбуда», 46-гадовага Аляксандра Бея. Мужчына родам з Астраўца, але доўгі
час жыў у Калінінградзе і шмат гадоў валодае бізнесам у сферы турызму і
нерухомай маёмасці. Азаронак абвінавачвае яго ва ўдзеле ў пратэстах у 2020
годзе на працоўным месцы (у забастоўцы разам з будаўнікамі). Мяркуючы па
сацсетках, Аляксандр Бей не затрыманы.