«Некаторых ужо звольнілі». Полацкія студэнты распавялі пра арыштаваных выкладчыкаў

У Полацкім дзяржаўным універсітэце адбыліся масавыя затрыманні выкладчыкаў. Праваабаронцы са спасылкай на студэнтаў ПДУ распавялі падрабязнасці.

Выкладчык фізкультуры ПДУ Сяргей Рыкун. Фота «В*цебскай Вясны» 

Выкладчык фізкультуры ПДУ Сяргей Рыкун. Фота «В*цебскай Вясны» 

Паводле студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, ім ніхто не тлумачыць, з якой прычыны адмяняюцца заняткі. Навучэнцам самім давялося шукаць выкладчыка фізкультуры Сяргея Рыкуна, які ў прызначаны час не з'явіўся на кафедры фізічнага выхавання. Урэшце маладым людзям паведамілі, што «Сяргей Пятровіч звольніўся». Адначасова па ВНУ прайшла інфармацыя, што малады выкладчык асуджаны на 15 сутак разам з некаторымі іншымі калегамі.

На 15 сутак асуджаныя таксама Сяргей Глазырын, дацэнт кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання, і дацэнт кафедры гісторыі і турызму Віктар Чараўко. 10 сутак арышту маюць адбыць выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў Алена Храмцова і дацэнтка кафедры геадэзіі і геаінфармацыйных сістэм Галіна Шараглазава. Пералік затрыманых і асуджаных выкладчыкаў пакуль не поўны, іх колькасць пасля аблавы ў ПДУ 23 і 24 траўня можа сягаць да 15 чалавек.

Невядомыя і лёсы тых, хто цяпер знаходзіцца на «сутках»: ёсць верагоднасць, што да выкладчыцкай дзейнасці яны ўжо не вернуцца. Падобныя выпадкі ўжо былі: праз тое, што трапілі пад арышты падчас паслявыбарчых падзеяў 2020 года, або праз тое, што не сталі хаваць сваёй грамадскай пазіцыі, з ПДУ былі вымушаны сысці дацэнт, кандыдат гістарычных навук Віктар Якубаў, старшы выкладчык кафедры архітэктуры і кіраўнік аддзелу дызайну і кіравання брэндам ПДУ Андрэй Вярыга, доктар гістарычных навук, этнограф Уладзімір Лобач.

Адміністрацыя навучальнай установы папярэдзіла студэнтаў пра недапушчальнасць каментароў пра падзеі ва ўніверсітэце, аднак маладыя людзі абмяркоўваюць затрыманні выкладчыкаў паміж сабой — гэтага забараніць рэктарат не можа.

У Полацку і суседнім Наваполацку апошнім часам праходзяць маштабныя палітычныя рэпрэсіі.

Вядома, што былі затрыманыя лекары наваполацкай гарадской лякарні. Гэта адбылося пасля ўцечкі інфармацыі пра шпіталізацыю ў бальніцу палітыка Віктара Бабарыкі.

Хірург Міхаіл Пачкоўскі і ўролаг Павел Стальмакоў былі арыштаваны на 15 сутак за распаўсюджанне экстрэмісцкай прадукцыі. Загадчыца аддзялення гінекалогіі Ірына Васільева і фельчар хуткай дапамогі Наталля Первянёнак атрымалі па 10 сутак арышту за «несанкцыяваны пікет». Вядома, што апошнюю судзілі за ўкраінскі сцяг на аватары ў сацсетцы. Спецыяліст УГД Ала Стальмакова, у якой двое дзяцей, аштрафавана на 100 базавых велічынь (3700 рублёў). Артыкул КоАП невядомы. На 15 сутак арыштавалі медсястру Святлану Грыгаровіч.

Некалькі тыдняў таму лукашэнкаўскія сілавікі зладзілі зачыстку ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Каля дзесяці яго дзейных і былых супрацоўнрікаў трапілі за краты паводле адміністрацыйных абвінавачанняў.

Таксама праваабаронцы паведамлялі пра затрыманні на заводзе «Нафтан».