Загадчыца музея: «Натаўскія гей-салдаты ў памперсах вінаваты, што вайна ва Украіне»

Людміла Галубенка, загадчыца музея воінскай славы 5-ай асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, любіць на сваіх экскурсіях падзяліцца перажываннямі ўласнай душы.

Людміла Галубенка ў музеі. Фота: mgatk.by

Людміла Галубенка ў музеі. Фота: mgatk.by

У 2019 годзе разышлося аўдыя, дзе Людміла Галубенка на поўным сур’ёзе распавядала школьнікам, што амерыканскае войска — гэта «гей-салдаты ў памперсах», а еўрапейскія краіны «са сваёй талерантнасцю» апанавалі мусульмане, якіх у сябе дома баяцца немцы, французы, а «грэкі ўвогуле горкія слёзы льюць».
На днях неабыякавы беларус патэлефанаваў спадарыні Людміле, а пасля даслаў «Нашай Н*ве» запіс гутаркі. Размова зайшла пра вайну ва Украіне.
Галубенка расказала, што сама ўкраінка, з Кіева. Там скончыла ўніверсітэт. 45 гадоў таму з мужам, які быў вайскоўцам, перабралася ў Беларусь.

Украіну яна называе «домам» і лічыць, што да ўлады там прыйшлі «фашысты і бандэраўцы».


Кіеў — родны горад Людмілы Галубенка. Стралялі па ім не натаўцы, а расійскія войскі. Фота: Міністэрства надзвычайных сітуацый Украіны

Кіеў — родны горад Людмілы Галубенка. Стралялі па ім не натаўцы, а расійскія войскі. Фота: Міністэрства надзвычайных сітуацый Украіны

З гутаркі вынікае, што поўнамаштабная вайна «дома» ранейшых поглядаў жанчыны не змяніла.

«Я люблю свой народ і малюся за яго, як за ўкраінцаў, так і за расіян, бо мы ўсе адзін народ. А вайна ідзе з НАТА», — настойвае яна.


«НАТА там даўно. Рукамі ўкраінцаў ваюе НАТА, — пераказвае музейніца наратывы прапаганды. — Усё ўзбраенне натаўскае. Вайна не з Украінай. Проста НАТА выбрала тэрыторыю Украіны, узяло ў закладнікі ўкраінскі народ і яго рукамі ваюе з Расіяй».
Праз хвіліну Галубенка заўважае, што Украіну для вайны выбрала «Амерыка і англасаксы», а «Еўропа паднявольная».
«Амерыка выбірала Ірак, Афганістан, Югаславію. Або вайну ў Грузіі», — даводзіць музейніца.
Вайну ў Грузіі пачала Расія ў 2008 годзе, каб не дапусціць далучэння Грузіі да НАТА. Расія акупавала Паўднёвую Асецію і Абхазію. Пазней прызнала іх незалежнасць. Гэтыя дзяржаўныя ўтварэнні для свету застаюцца шэраю зонаю.

muz3.jpg

Вайна ў Грузіі. Горад Горы пасля ўдару расійскай авіяцыі. Фота: РС
Людміла Галубенка заяўляе, што кожныя 100 гадоў Захад пачынае маштабныя войны і згадвае Першую і Другую сусветныя войны.
Насамрэч, у Першай сусветнай вайне ваявалі ўсе вялікія дзяржавы Еўропы, ЗША далучыліся да баявых дзеянняў толькі перад самым канцом канфлікту. Другую ж сусветную распачалі нямецкія нацысты.
На заўвагу, што падчас Другой сусветнай вайны ЗША, Англія і Савецкі Саюз былі саюзнікамі, абурылася:
«Ну што вы, хіба гісторыі не ведаеце? Яны адкрылі другі фронт на нашу просьбу ў 1943 годзе, калі зразумелі, што наша армія перамагае фашызм, што савецкая армія па-любому спраўляецца. Толькі тады адкрылі ленд-ліз. Сталі пастаўляць нейкія прадукты харчавання, нейкія танкі, зброю».
Насамрэч, лэнд-ліз быў распачаты ў 1941 годзе. Гэта была праграма падтрымкі ЗША краін-саюзніц, якія ваявалі супраць нацысцкай Германіі. Асноўнымі атрымальнікамі дапамогі быў Савецкі Саюз і краіны Брытанскай садружнасці. Без узбраенняў, тэхнікі, сыравіны, медыкаментаў, харчавання ў вялікіх аб’ёмах СССР цяжка было б выстаяць супраць нямецкай ваеннай машыны.
Людміла Галубенка настойвае: украінцы замбіраваны прапагандай. Ад яе гучыць фраза, што «кожны з нас атрымлівае ў гэтым жыцці тое, што сам асабіста заслужыў».
Музейніца вінаваціць украінцаў у тым, што яны дэмантуюць помнікі і закрываюць цэрквы. У той жа час, кажа яна, у Афганістане ніводзін савецкі помнік не разбураны. Гэта няпраўда, афганцы разглядаюць перыяд савецкай прысутнасці там як час акупацыі.
Тэма Афганскай вайны блізкая Людміле Галубенка. У музеі, які заснавалі па яе ініцыятыве, экспазіцыя прысвечана падзеям у Афганістане. Тую вайну пачаў Савецкі Саюз у 1979 годзе і праз дзесяць гадоў бясслаўна вывеў сваё войска, не скарыўшы афганцаў. Блізу 800 беларусаў загінулі там. Але ў публікацыях пра музей гаворыцца толькі пра подзвігі савецкіх салдат у Афганістане.
У разважаннях Людмілы Галубенка пра вайну ва Украіне пераважаюць расійскія наратывы, засвоеныя лукашысцкай прапагандай. Музейніца пераканана: амерыканцы «спрабуюць і ў Беларусі зладзіць тое, што ва Украіне».
«Вайна пачалася дзевяць гадоў таму з грамадзянскай вайны ва Украіне, — даводзіць яна. — Пачалася з таго, што Данбас, другія раёны і Крым не захацелі быць з фашысцкай уладай. З фашысцкай бандэраўскай уладай. Там пачалася вайна на Данбасе. І ён пад вайной ужо дзевяць гадоў. Чамусьці гэта не цікавіць нікога. А цяпер кажуць, што Расія напала на Украіну».
«Калі вы хочаце, каб я казала кепскае пра Расію ці Украіну, то не буду гаварыць. Бо я да ўсіх стаўлюся аднолькава добра. Бяда, якая адбываецца, мае пачатак і канец. Таму час пакажа», — у выніку сцішвае напор музейніца.

Людміла Галубенка расказвае пра подзвіг савецкіх салдат у Афганістане. Фота: mgatk.by

Людміла Галубенка расказвае пра подзвіг савецкіх салдат у Афганістане. Фота: mgatk.by

Чытач згадаў тое выступленне Людмілы Галубенка за 2019 год, дзе яна называе натаўскіх вайскоўцаў «гей-салдатамі ў памперсах». Тая спачатку кажа, што інфармацыя скажоная, а пасля дадае:
«А калі паглядзець [на салдат НАТА], хіба гэта не так?»
Тлумачэнням чытача, што год таму поўнамаштабную вайну пачала Расія і ўцягнула ў яе Беларусь, музейніца не паверыла. І вырашыла згарнуць дыскусію.
«Я да гэтага ці маю нейкае дачыненне, — адбіваецца Людміла Галубенка. — Я стары, хворы чалавек. І хутка перайду ў іншы свет. Таму гэтыя пытанні мяне меней за ўсё цікавяць. Мяне больш за ўсё цікавіць пытанне ўласнай душы».