Усю сям’ю Лівянтаў пасадзілі на лаву падсудных. Чаму?

У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся працэс па справе педагога-рэпетытара Яўгена Лівянта. Разам з Лівянтам праходзяць яшчэ шэсць чалавек, у тым ліку яго жонка і дзеці.

_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg

Яўгена Лівянта, ягоную жонку Юлію Лівянт, іх дачку Ганну Лівянт, зяця Мікіту Дразда, а таксама саўладальніка цэнтра «100 балаў» Аляксея Іванова затрымалі ў канцы снежня 2022 года. Супраць іх распачалі крымінальную справу па артыкуле 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Раней Лівянта абвінавачвалі таксама ў распаўсюджанні «экстрэмісцкай» інфармацыі, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў тым, што яго рэпетытарскі цэнтр «100 балаў» нібыта ўхіляўся ад падаткаў.

Яўген Лівянт, Аляксей Іваноў і яшчэ шэсць чалавек з 2012 года зарэгістравалі пяць юрыдычных асоб пад агульным брэндам "100 балаў". Офісы былі адкрыты ў Мінску, Віцебску, Гродне, Магілёве, Полацку, Оршы, Баранавічах для аказання вучням рэпетытарскіх паслуг па прадметах школьнай праграмы.


29 красавіка ў рэпетытарскім цэнтры "100 балаў" у Мінску і ў яго рэгіянальных філіялах прайшлі ператрусы. Усяго па крымінальнай справе праведзены 23 ператрусы ў Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцях. Падазравалі, што нібыта цэнтр "ажыццяўляў ліцэнзуемую дзейнасць з дапамогай змовы" з адной з прыватных школ.

Камітэт дзяржкантролю раней паведамляў, што «падазраваныя ў добраахвотным парадку пагашаюць нанесеную дзяржаве шкоду, у сапраўдны момант у бюджэт паступіла больш за 630 тысяч рублёў».

За што ж судзяць усю сям’ю Лівянтаў?

“Лівянт пераходзіць дарогу мінадукацыі”

imgl0337__1__logo.jpg


Эксперт у галіне адукацыі, навукі і інавацый Андрэй Лаўрухінпадзяліўся з “Новым Часам” сваёй версіяй — чаму на лаве падсудных магла апынуцца ўся сям’я педагога-рэпетытара.

На яго думку, цікавасць да Яўгена Лівянта можна патлумачыць некалькімі прычынамі.

— Адна з верагодных прычын — бізнес, які нехта захацеў адціснуць. Лівянт пераходзіць дарогу міністэрству адукацыі, бо з’яўляецца прамым канкурэнтам і ідэалагічным ворагам індустрыі платных падрыхтоўчых курсаў, а ва ўмовах ўзмацнення ідэалогіі і пад крылом новага міністра адукацыі А. Іванца гэта магло стаць падставай, каб прыбраць канкурэнта. Тым больш, што Лівянт пастаянны публічны крытык чыноўнікаў ад адукацыі, якіх ён, не без абгрунтаваных падстаў, публічна абвінавачваў хіба не ў нанясенні наумыснай шкоды адукацыі і краіне. Вельмі трапная, матэматычна ясная і пераканаўчая аргументацыя Яўгена непазбежна зрабіла яго зоркай сярод усіх незалежных экспертаў у галіне сярэдняй адукацыі. 


Ён па праве быў бадай самым папулярным аналітыкам, да якога прыслухоўваліся ўсе — і бацькі, і дзеці, і выкладчыкі, і нават прадстаўнікі адміністрацыі і чынавенства ад адукацыі. Яго папулярнасці спрыяла таксама тое, што Яўген быў пастаянным і пажаданым госцем многіх афіцыйных медыя, на якія іншым незалежным экспертам уваход быў забаронены. Усё гэта спрыяла спалучэнню вялікага грамадскага ўплыву яго думак. Нагадаю, што ў школах навучаецца больш за 1 мільён дзяцей, то-бок разам з бацькамі і бабулямі гэта 3–4 мільёна грамадзян і грамадзянак Беларусі. Таму калі нефармальна спадара Лівянта называлі “неафіцыйным міністрам адукацыі”, то не дзіва, што у пэўны час прадстаўнікі ўлады пачулі яго дзейнасць як пагрозу “палітычнай стабільнасці”, — кажа Лаўрухін.

— Хутчэй за ўсё, спрацавалі абодва фактары (адціснуць бізнес і пакараць ідэйнага праціўніка. — «НЧ»). Прынамсі, я не сумняюся, што зараз з сям’і Лівянтаў выбіваюць адкат за вызваленне. Здзіўляе тое, што за кратамі трымаюць усю сям’ю — значыць, яны моцна раззлавалі некага наверсе.


Навошта некаму мог спатрэбіцца цэнтр “100 баллов” — няўжо рэпетытарства такі прыбытковы бізнес?

— Не такі ўжо і прыбытковы. Але рэпетытарскіх цэнтраў засталося нямнога, а “100 баллов” ужо раскручаны і бадай самы вядомы менавіта дзякуючы таму, што Яўген мае вялікі аўтарытэт у грамадстве. Пакараць і прынізіць самых выбітных — гэта якраз у духу цяперашніх неасталінісцкіх рэпрэсій, — кажа АндрэйЛаўрухін.

На думку эксперта, справу Лівянта і рэпетытарскага цэнтра “100 баллов” трэба разглядаць у кантэксце “разгрому прыватных школ і ў цэлым наезду на сярэднія адукацыйныя ўстановы — улада баіцца пагроз, якія нясе незалежная прыватная адукацыя для яе будучыні нават нягледзячы на тое, што доля прыватных школ — мізэрная. Гэта сведчыць аб гратэскных памерах таго жаху і панікі, якія пануюць зараз у галовах усіх прадстаўнікоў улады. 

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__12__1.jpg


Асабліва ў сістэме адукацыі, дзе знаходзяцца адукаваныя і недурныя людзі, якія добра разумеюць, што ў краіне робіцца прававое і маральнае бязмежжа, за якое так ці інакш давядзецца адказваць. Менавіта таму ўлады паглыбляюць і пашыраюць узровень рэпрэсій — для іх адукацыйныя установы, кіраўнікі якіх удзельнічалі ў вулічных пратэстах 2020 года, прыраўноўваюцца да “калектыўных ворагаў” і ўдзельнікаў “тэрарыстычных груп”. Закрыццё прыватных школ і справа сям’і Лівянтаў вельмі нагадвае справу “лекараў-шкоднікаў або лекараў-атрутнікаў” 1948–1953 гадоў — за ёй стаіць таксама ўстойлівы антысеміцкі пах”.

У адным Андрэй Лаўрухін не сумняецца: як і ў выпадку “справы лекараў-шкоднікаў”, пасля смерці Лукашэнкі і змены рэжыму ўсе арыштаваныя будуць вызваленыя, адноўленыя на працы і цалкам рэабілітаваныя.