«Адзіны варыянт — выязджаць з дзецьмі». Як улады знішчаюць адукацыю ў Беларусі і што нас чакае ў будучыні
У Беларусі распраўляюцца з прыватнай адукацыяй: з 30 недзяржаўных школ засталіся 3. Таксама працягваецца ціск на ўстановы нефармальнай адукацыі. Навошта гэта робіцца і чаго чакаць у будучыні, разбіралася «Нямецкая хваля».
![Эксперты раяць вывозіць дзяцей за мяжу і там даваць ім адукацыю. Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Эксперты раяць вывозіць дзяцей за мяжу і там даваць ім адукацыю. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/imgl0338__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Эксперты раяць вывозіць дзяцей за мяжу і там даваць ім адукацыю. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
За мінулы год з трыццаці прыватных школ у Беларусі засталося тры — астатнія былі зачыненыя або не змаглі атрымаць ад дзяржавы ліцэнзію на адукацыйныя паслугі. Таксама ўлады «правяраюць» недзяржаўныя цэнтры дадатковай адукацыі, якія прадастаўляюць паслугі рэпетытараў і рыхтуюць да паступлення ў ВНУ. У выніку распачата некалькі крымінальных спраў. Што пра гэта вядома?
Барацьба з «апорнымі кропкамі каляровай рэвалюцыі»
Беларускія ўлады не першы год вядуць барацьбу з прыватнай адукацыяй. Пасля 2020 года многія навучальныя ўстановы сутыкнуліся з праверкамі, а экс-міністр адукацыі Ігар Карпенка называў прыватныя школы і нават дзіцячыя сады «апорнымі кропкамі каляровай рэвалюцыі».
У Кодэксе аб адукацыі з'явіліся абмежаванні на выкарыстанне слоў «школа», «гімназія» ў назве юрыдычных асоб, таксама ў краіне ўвялі дзяржаўнае ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці. У 2022 годзе большасць недзяржаўных устаноў адукацыі не змаглі атрымаць сертыфікат гатоўнасці да новага навучальнага года і дзяржаўную акрэдытацыю, якая дае права выдаваць выпускнікам дакументы аб адукацыі (пасведчанні і атэстаты). З трыццаці прыватных школ да працы вярнуліся толькі тры. Цяпер, каб атрымаць акрэдытацыю ад дзяржавы, школе трэба мець, да прыкладу, уласны стадыён, а сярод вучняў павінны быць члены праўладнага «Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі» і піянерскай арганізацыі.
Эксперт у сферы адукацыі Сяргей Альшэўскі звяртае ўвагу на канцэпцыю развіцця адукацыі ў Беларусі да 2030 года, адна з галоўных мэтаў якой — «забяспечыць усіх бясплатнай агульнай сярэдняй адукацыяй». «Груба кажучы, усе павінны вучыцца ў бясплатных школах», — тлумачыць суразмоўца. Паводле яго слоў, у канцэпцыі не ішло гаворкі пра прыватныя дзіцячыя садкі або цэнтры дадатковай адукацыі, але «калі даволі хутка скончылі са школамі», узяліся і за іх. «Таму што гэта альтэрнатыва, з-за якой задаюць усё больш пытанняў: а навошта дзяржаўнае, калі ёсць прыватнае — і яно ўсё больш даступнае для пэўнай катэгорыі людзей?» — разважае суразмоўца «Нямецкай хвалі».
![Зміцер Герыловіч: Моладзевая палітыка ў дэмакратычнай Беларусі мусіць быць адкрытай Зміцер Герыловіч: Моладзь — гэта рухавік і носьбіт змен](/img/v1/images/_vjasna_2022_minsk_park_pryroda__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___13___1__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ціск на прыватныя цэнтры дадатковай адукацыі
27 снежня 2022 года сілавікі прыйшлі да вядомага педагога, сузаснавальніка цэнтраў па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэставання «100 балаў» Яўгена Лівянта. Разам з ім былі затрыманыя яго жонка, дачка і зяць, а таксама сузаснавальнік «100 балаў» Аляксей Іваноў. Іх усіх абвінавачвалі ў «грубым парушэнні грамадскага парадку» (арт. 342 Крымінальнага кодэкса) — нібыта за ўдзел у пратэстах 2020 года. А ў красавіку стала вядома, што Камітэт дзяржкантролю распачаў шэсць крымінальных спраў у дачыненні да кіраўніцтва цэнтраў «100 балаў» за «нявыплату падаткаў» больш чым на 3,6 млн рублёў (каля 1,3 млн еўра).
Таксама на пачатку красавіка КДК паведаміў пра крымінальную справу ў дачыненні да «трох заснавальнікаў і фактычных кіраўнікоў кампаніі», якая распрацоўвае праграмнае забеспячэнне і аказвае паслугі ў сферы IT-адукацыі. Паводле інфармацыі партала dev.by, гаворка ішла пра камп'ютарную акадэмію «Шаг». У самой акадэміі заявілі, што да іх «сапраўды праявілі цікавасць фінансава-кантрольныя службы», але «бягучая праверка закранае адзін з перыядаў дзейнасці кампаніі ў мінулым».
13 красавіка праваабаронцам стала вядома пра затрыманне дырэктаркі Цэнтра славянскіх моў і культур («Славцентр») Ірыны Зімневай і яе мужа. Мужчыну далі 14 сутак — нібыта за «хуліганства», Зімнева па тым жа адміністрацыйным артыкуле атрымала штраф 20 базавых велічынь (каля 260 еўра), але, як даведалася «Нямецкая хваля», на волю яна выйшла толькі 21 красавіка.
Эксперт: «Улады знішчаюць канкурэнцыю»
Сяргей Альшэўскі лічыць і адукацыйны цэнтр «100 балаў», і акадэмію «Шаг» вельмі паспяховымі бізнэс-праектамі. Да прыкладу, Яўген Лівянт, паводле слоў Альшэўскага, стварыў цэлую сетку ўстаноў па ўсёй Беларусі, бюджэт якой «большы, чым закладваецца на самую вялікую школу ў Мінску». Альшэўскі звяртае ўвагу, што ў Беларусі «расце запыт на якасную адукацыю», але ўлады «знішчаюць усякага роду канкурэнцыю, якая прымушала б іх развівацца». «Логіка простая: карыстайцеся тым, што мы вам можам даць», — разважае эксперт. Што тычыцца ціску на «Славцентр», то, на думку Альшэўскага, ён можа быць звязаны з тым, што там кансультавалі наконт атрымання карты паляка і паступлення ў замежныя ВНУ.
![З 2010 года ў Беларусі зачынілася кожная пятая школа «Краіна для жыцця». З 2010 года ў Беларусі зачынілася кожная пятая школа](/img/v1/images/_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Былы выкладчык юрфака Белдзяржуніверсітэта, цяпер навуковы супрацоўнік універсітэта Казіміра Вялікага ў польскім Быдгашчы і запрошаны прафесар Талінскага ўніверсітэта Яраслаў Кот кажа, што выпадкі з ціскам на прыватныя адукацыйныя цэнтры, якія абмяркоўваюцца ў публічнай прасторы, — гэта толькі «вярхушка айсберга». Да прыкладу, быў закрыты цэнтр «Адукар», кіруючая партнёрка якога выступіла са зваротам адносна падзей 2020 года. Перастала існаваць «Бізнес-школа ІПМ» — адзіны адукацыйны цэнтр у Беларусі, акрэдытаваны ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі МВА.
Ніхто не можа адхіляцца ад курсу Мінадукацыі
Дырэктар па даследаваннях Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку Беларусі і Усходняй Еўропы (IDSM), эксперт у сферы адукацыі, навукі і інавацый Андрэй Лаўрухін, у сваю чаргу, перакананы, што беларускія ўлады па-ранейшаму лічаць, што пратэсты 2020 года ў Беларусі былі кімсьці арганізаваныя і працягваюць шукаць «завадатараў», а паколькі такіх не было, пад удар трапляюць «самыя неабароненыя суб'екты, інстытуты і людзі». «Усе магчымыя жыццёвыя прасторы, звязаныя, у тым ліку, з прыватнай, недзяржаўнай, магчыма, нелаяльнай адукацыяй, павінны быць зачышчаныя», — кажа эксперт.
У дзяржаўнай школе ў сваю чаргу ўсё больш увагі надаецца ідэалогіі і «патрыятычнаму выхаванню». Так, у 5-6 класах увялі факультатыў па патрыятызме і духоўнасці, у школах, дзе вучыцца больш за 50 дзяцей, за выключэннем пачатковых, вячэрніх, дапаможных школ і спецыялізаваных ліцэяў, з'явіліся ваенрукі.
![Каго выкінулі з беларускай літаратуры ў школьных падручніках? Падручнік беларускай літаратуры: што (не) чытаюць сёньняшнія школьнікі](/img/v1/images/1_696.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Выпусцілі Кодэкс аб адукацыі, які нікому не дае магчымасці праяўляць крэатыў, ніхто не можа адхіляцца ад курсу, які пракладае Міністэрства», — кажа Яраслаў Кот.
«Адзіны варыянт — выязджаць з дзецьмі. Уцёкі з краіны цяпер ужо не толькі на ўзроўні вышэйшай школы, цяпер будуць везці і дзяцей», — прагназуе Андрэй Лаўрухін.