Зміцер Герыловіч: Моладзь — гэта рухавік і носьбіт змен

Зміцер Герыловіч, policy-сакратар Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА», пра тое, якой мусіць быць моладзевая палітыка ў дэмакратычнай Беларусі, як змагацца з хлуснёй дзяржаўнай прапаганды, на якую робіць стаўку ўлада ў працэсе т.зв. «патрыятычнага выхавання» моладзі, і якая будучыня чакае сённяшніх маладых людзей.  

Моладзевая палітыка. Ілюстрацыйная выява

Моладзевая палітыка. Ілюстрацыйная выява

Што такое Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА»?

«Мы з’яўляемся парасонавай структурай, то-бок аб’ядноўваем не людзей, а іншыя арганізацыі і ініцыятывы: студэнцкія, экалагічныя моладзевыя ініцыятывы, культурніцкія, ЛГБТК+. Агулам іх 33. Гэтыя арганізацыі збіраюцца разам як мінімум раз на год і абмяркоўваюць, што адбываецца, што мусіць «РАДА» рабіць, абіраем кірункі сваёй дзейнасці».
Зараз у Савеце «РАДЫ» 7 чалавек — у асноўным гэта маладыя актыўныя беларускі. У «РАДЫ» ёсць выканаўчы орган — Сакратарыят, супрацоўнікам якога і з’яўляецца Зміцер Герыловіч.
«У Сакратарыяце нас зараз 8 чалавек, якія ажыццяўляюць агульную каардынацыю розных кірункаў: медыя, міжнародная дзейнасць, адукацыйная дзейнасць. Мая праца як policy-сакратара — распрацоўка дакументаў і аналітыка дакументаў іншых арганізацый, да прыкладу, Офіса з пункту гледжання таго, наколькі ўдзел моладзі там прадугледжаны, наколькі гэта накіравана на моладзь».

Дзе ў дзяржаве месца моладзі?

«У сэрцы. Шмат хто сутыкаўся з выразам «моладзь — гэта будучыня краіны, нацыі і г.д». Гэта ўсё лухта, моладзь — гэта рэчаіснасць, гэта сёння. Жыць адкладзеным жыццём, чакаць, што заўтра вы станеце дарослымі і будзеце разбірацца, няма часу. Я думаю, што па падзеях, якія адбываліся і адбываюцца, усім заўважна, што моладзь вельмі актыўна ва ўсім удзельнічае. І вось у гэтым сэнсе прыкра нават чуць, што трэба чакаць чагосьці іншага. І вельмі крута, што гэтага мы не чуем ці чуем значна радзей ад дэмакратычных сіл. То-бок гэта збольшага пазіцыя дзяржавы. Дэмакратычныя сілы больш актыўна заклікаюць моладзь, адкрываюцца для яе ўдзелу. Гэта тое, што і мусіць быць у нармальнай дэмакратычнай краіне, у нармальнай дэмакратычнай Беларусі, якую мы ўсе зараз хочам адбудаваць».


Моладзь — гэта рухавік і носьбіт змен, мяркуе Зміцер. Таму вельмі важна размаўляць з моладдзю і чуць яе.
«Моладзь — гэта людзі 18–35 па ўзросце. Мы не прыхільнікі канцэпцыі, згодна з якой цяпер у Прэзідыуме Моладзевых саветаў Беларусі ўдзельнічаюць 60-гадовыя людзі, якія кажуць, што яны «маладыя душой». І ў такім выпадку няма дарогі маладым. 18–35 для нас — той узрост, які адпавядае панятку «моладзь» паводле еўрапейскіх стандартаў. У міжнароднай сістэме (напрыклад, сістэме ААН) людзі да 18 гадоў лічацца падлеткамі ці дзецьмі».


У «РАДЫ» ёсць два фарматы працы: чалавек можа быць абраны ў Савет і там пашыраць свой парадак дня або працаваць у рабочых групах.
«Гэтыя рабочыя групы фарміруюцца вельмі лёгка: патрэбны проста дзве арганізацыі, якія кажуць, напрыклад: «Нас цікавіць пытанне адукацыі на беларускай мове». Яны ствараюцьрабочую групу і могуць рабіць любы дзвіж у межах парадку дня і Статута «РАДЫ», але ніякіх абмежаванняў, ніякай цэнзуры там наогул няма. Па такіх канкрэтных пытаннях праца можа весціся шчыльна ўвесь год», — тлумачыць Зміцер.
У статуце «РАДЫ» прапісаны крытэры, хто можа там працаваць. Пасля 2020-га давялося гэтыя крытэры пашыраць праз палітычную сітуацыю ў Беларусі.
«Раней было, што гэта абавязкова арганізацыі, якія зарэгістраваны альбо дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Зразумела, зараз шмат хто вымушаны з’ехаць, і вялікая колькасць маладых людзей стварае свае студэнцкія, дыяспаральныя арганізацыі па-за межамі краіны. Па-другое, гэта павінны быць беларусы/-кі, проста вымушаныя зараз з’ехаць з Беларусі. Вельмі часта яны нават працуюць на карысць і ўнутры Беларусі, але проста зарэгістраваны па-за яе межамі».
Другі крытэр: 2/3 сяброў арганізацыі мусяць належаць да беларускай моладзі і 2/3 галасоў у выканаўчым органе таксама мусяць быць за беларусамі/-камі, тлумачыць Зміцер Герыловіч.
«То-бок, калі гэта проста беларусаў/-ак набралі, а арганізацыя ачольваецца нейкімі іншымі людзьмі, такое не будзе адпавядаць нашым крытэрам. Нам трэба, каб менавіта беларусы/-кі прымалі ўдзел у прыняцці рашэнняў гэтых арганізацый. У іншым — ніякіх абмежаванняў».

Ідэальная моладзевая супольнасць у Беларусі

«Мне хочацца бачыць моладзь без цэнзуры, адкрытай да рознага досведу. Канечне, трэба стаяць за свае каштоўнасці, але пры гэтым не быць супраць усяго іншага, паважаць, слухаць і чуць адно аднаго і не перашкаджаць іншым. Прасторы будзе дастаткова для нас усіх, каб рабіць карысныя справы адначасова. І яшчэ адно павінна быць галоўным кампанентам дзяржаўнай моладзевай палітыкі — стварыць умовы, каб моладзь развівалася і рабіла тое, што ёй цікава. Таму і супольнасць мусіць быць прагрэсіўная, развітая і адкрытая новаму досведу, таму, каб быць ініцыятыўнай і ствараць штосьці новае. Я такую супольнасць бачу ў Беларусі».
Па даных на студзень 2021 года, моладзі ва ўзросце ад 14 да 31 года ў Беларусі было 1 858 464 чалавекі, кажа эксперт.

«Нас як мінімум 20 адсоткаў ад насельніцтва краіны. З амаль двух мільёнаў чалавек таленавітым на 2021 год было выдаткавана 14 грантаў. Чатырнаццаць! Яшчэ 1783 чалавекі былі «поощрены» — гэта нават не грант, не стыпендыя, а проста аднаразовая выплата за нейкія дасягненні».



Навошта патрэбна моладзевая палітыка дзяржавы?

Зміцер звяртае ўвагу на дакументы з 11 парадамі Рады Еўропы для дзяржаў, як мусіць праводзіцца дзяржаўная моладзевая палітыка і на што асабліва трэба звярнуць увагу.


 Першы пункт — нефармальная адукацыя.
«Гэта тое, чым займаюцца арганізацыі грамадзянскай супольнасці: студэнцкія, культурніцкія, экалагічныя. То-бок мы самі перадаём досвед, робім штосьці супольна. Нефармальная адукацыя не значыць, што вы атрымаеце дыплом бакалаўра ў экалогіі. Гэта значыць, што вы дакладна разам з сябрамі будзеце ведаць, як сартаваць смецце. Вы як мінімум для грамадства робіце важную справу. Гэта я паказваю самы базавы ўзровень нефармальнай адукацыі, а ён можа быць вельмі высокім».
Неабходна палітыка па стварэнні ўмоў для адукацыі моладзі, людзі, якія ведаюць, як заахвоціць моладзь і прыцягнуць яе ўвагу да адукацыі. Для рэалізацыі такіх працэсаў неабходны бюджэт і адмысловая інфармацыйная палітыка. Таксама моладзь мусіць абавязкова ўдзельнічаць у даследаваннях, на базе якіх і складаюцца падобныя дакументы, перакананы Зміцер.
«Таксама ёсць абавязковая супольная дзейнасць усіх міністэрстваў. Гэта можа быць кансультацыйны орган пры нейкім міністэрстве. І яго задача — камунікацыя паміж моладдзю і дзяржавай. То-бок вы не думаеце, да каго звярнуцца, бо ёсць гэты орган: там моладзь звычайная альбо людзі, якія прайшлі навучанне, як камунікаваць з моладдзю, а не проста, як адпіскі пісаць. І вось вы ім кажаце, што ёсць такое пытанне, як з гэтым справіцца. І вам адказваюць праз пэўны час. Ці вас нават запрашаюць, каб вы разам паразмаўлялі і знайшлі, якія крокі трэба зрабіць, каб выправіць канкрэтную сітуацыю».

Як змагацца з хлуснёй дзяржпрапаганды?



«Год гістарычнай памяці». Ілюстрацыйная выява

«Год гістарычнай памяці». Ілюстрацыйная выява

Беларуская ўлада робіць акцэнт на патрыятычным выхаванні моладзі — з дапамогай хлусні і падмены гістарычных фактаў. Як з гэтым змагацца?


«Я думаю, што наогул усё, што робім мы — дэмакратычныя сілы, неабыякавыя актывісты ў Беларусі, па-за межамі Беларусі — гэта стварэнне альтэрнатывы. Улада Лукашэнкі мае выгляд маналітнага блоку, але гэта не так. У гэтым маналітным блоку шмат дзірак, і вось пра гэтыя дзіркі і трэба казаць. Напрыклад, як можна казаць пра тое, што Беларусь і Расія — найлепшыя сябры, калі ў нас такая гісторыя войнаў паміж краінамі?»


Таму неабходна, каб грамадская супольнасць стварала альтэрнатыву, казала, што ёсць іншыя прыклады.

«Ну і мы жывём у сучасным свеце, інфармацыя дасяжная па ўсёй планеце. Галоўнае — цікавіцца. Трэба ствараць праграмы, нават адукацыйныя, каб вось гэту альтэрнатыву даваць. Канешне, вельмі шмат працы было ў Беларусі да 2020 года, гэта я кажу ў першую чаргу пра культурніцкую, гістарычную спадчыну і гэтак далей. Гэта трэба працягваць. Трэба рабіць больш выстаў, заахвочваць людзей удзельнічаць, даследаванні праводзіць. Гэтага ніколі не будзе дастаткова, мне падаецца».

Правы моладзі і адукацыя  

«РАДА» — адна з першых у свеце арганізацый, якая зрабіла альтэрнатыўную справаздачу ў ААН аб стане правоў моладзі ў краіне.
«Гэта было ў 2019 годзе. Кожная краіна праз чатыры з паловай гады праходзіць г. зв. універсальны перыядычны агляд. Ёсць афіцыйная справаздача ад дзяржавы, а арганізацыі грамадскай супольнасці робяць сваю альтэрнатыўную справаздачу, каб паказаць, што насамрэч адбываецца. І мы па моладзі рабілі такую справаздачу, збіралі інфармацыю праз актывістаў/актывістак, праз нашы сяброўскія арганізацыі».
«РАДА» робіць шмат розных адукацыйных праграм, розных кірункаў і кампетэнцый для моладзі.
«Людзі, якія хочуць, напрыклад, падмацаваць свае лідарскія навыкі, навучыцца размаўляць перад камерай, даваць інтэрв'ю, складаць сваю прамову, рэзюмэ і іншае».
Таксама «РАДА» працуе з моладдзю, якая ўжо ўяўляе сабой нейкую суполку.
«Напрыклад, вас 3-4 чалавекі і вы робіце штосьці разам. Вы разумееце, што вам не хапае нейкіх навыкаў арганізацыйнага менеджменту, дзе і як знайсці данат і іншае. Мы робім адмысловыя трэнінгавыя курсы, адукацыйныя семінары на гэтыя тэмы. І трэцяе — гэта курсы для будучых трэнераў нефармальнай адукацыі».
У Беларусі дагэтуль няма закона аб нефармальнай адукацыі, але ў моладзевай палітыцы ўжо з’явіўся гэты пункт.
«Канечне, зараз быццам мы можам паказаць рэкамендацыі, якія дасылалі ў Мінадукацыі ў пэўны час, 35 старонак. Пасля 2020 года, канечне, увесь гэты дакумент быў перапісаны, з’явілася патрыятычнае выхаванне і іншыя рэчы. І амаль усё, што мы рэкамендавалі, сюды не патрапіла, асабліва ў частцы, якая тычыцца моладзевых грамадскіх аб’яднанняў і ўдзелу моладзі ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Зразумела, па якіх прычынах».
«РАДА» таксама ўваходзіць у еўрапейскую сетку моладзевых надсаветаў.
«Цягам апошніх трох з паловай гадоў мы прасунулі там тры рэзалюцыі, якія тычыліся Беларусі. Апошняя была летась супраць падвоенай дыскрымінацыі, якая была звязана з тым, што дзяржава выступіла на баку агрэсара ў канфлікце ва Украіне. Гэта вельмі моцна адбілася на людзях як ахвярах рэжыму Лукашэнкі, якія ўжо з’ехалі з Беларусі ва Украіну ці ў іншыя краіны. Да іх было не заўсёды добрае стаўленне, і таму мы прасоўвалі гэту рэзалюцыю, каб падняць гэта пытанне ў Еўропе».

Як можна далучыцца да «РАДЫ»?

«Хачу звярнуцца да прадстаўнікоў палітычнага рэжыму. Мы паўсюль. Вам не схавацца ад нас. Таму што моладзь паўсюль. Нас 20 адсоткаў. Мы ў Беларусі і мы назіраем. А што тычыцца «РАДЫ», то зараз частка арганізацый застаецца ў Беларусі, частка з’ехала з краіны і жыве дзесьці ў Еўропе. І мы займаемся тым, каб наладзіць гэты мост, каб камунікацыя не перарывалася, каб усё ж супольнасць была цэласнай, каб у моладзі была магчымасць абменьвацца досведам, меркаваннямі, інфармацыяй».
Праз пытанне бяспекі «РАДА» не можа публічна агучваць колькасць чальцоў у Беларусі.
«Але калі вы беларуская моладзевая арганізацыя, вы можаце далучыцца да «РАДЫ». У нас на сайце вы можаце знайсці раздзел «як далучыцца да «РАДЫ». Таксама можаце напісаць нам наўпрост у сацсетках».

Якія перспектывы і будучыня ў беларускай моладзі?

Зміцер Герыловіч мяркуе, што ў школьнай праграме мусяць абавязкова быць наступныя раздзелы: што такое выбары, як адбываецца выбарчы працэс, як ствараць свае арганізацыі па самакіраванні, як у іх удзельнічаць у школе, ва ўніверсітэце, у тэхнікуме, на працы, як даносіць сваё меркаванне.


«Гэтую ролю могуць таксама адыгрываць і арганізацыі грамадзянскай супольнасці. Мы можам навучыць тэорыі або дзяржава можа стварыць умовы, каб людзі сустракаліся, абмяркоўвалі свае думкі, але носьбітамі гэтых меркаванняў і думак, ініцыятарамі ўсё роўна мусіць быць моладзь. То-бок мы самі. Немагчыма навучыць і прыдумаць усе гэтыя крэатыўныя фарматы. Гэта мусіць ісці ад людзей. Трэба проста ствараць не рэпрэсіўныя ўмовы, калі любая ініцыятыва прыводзіць да таго, што ты больш губляеш, чым набываеш, а наадварот».
Неабходна стварыць умовы, каб моладзі было цікава ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных пытанняў.
«Таму я думаю, што моладзь, па-першае, мусіць атрымаць адукацыю, прайсці гэты этап удзелу ўжо на ўзроўні школы, ва ўніверсітэтах ці іншых адукацыйных інстытутах. І пасля ўжо рэалізоўваць гэта ўсё на практыцы ў грамадскім жыцці, палітычным — ісці на выбары, ведаць, што твой голас мае вагу».

Ці будзе ў новай Беларусі месца Беларускаму дзяржаўнаму саюзу моладзі?

«Калі БДСМ адключыць ад апарата штучнага дыхання ў выглядзе манаполіі на дзяржаўнае фінансаванне, то ці змогуць яны атрымаць такую ж колькасць сяброў, якая ў іх ёсць? Ці наогул быць цікавымі хаця б якой суполцы ў Беларусі. Калі яны на дэмакратычных прынцыпах змогуць пабудаваць працу — калі ласачка. Ну працуйце і далей. Але паразітаваць на дзяржаўным бюджэце і казаць: «Паглядзіце, мы самая моцная арганізацыя ў Еўропе»... Так, па колькасці яны і ёсць адна з самых буйных арганізацый у Еўропе, але мы ведаем, як гэта адбываецца — гэта проста як бы прыгоннае права».


Якія мерапрыемствы «РАДА» будзе праводзіць бліжэйшым часам?

«Ёсць наша флагманская праграма «Акадэмія Першых», якая дае навыкі, што спатрэбяцца пры кіраванні суполкамі і арганізацыямі. Таксама ёсць розныя курсы тэматычныя: як зрабіць сваю справу інклюзіўнай, як зрабіцца адкрытымі, дзе шукаць фінансаванне на сваю дзейнасць. Такія курсы ў нас звычайна з’яўляюцца вельмі часта, таму проста падпішыцеся на нас у сацсетках».
Праграма «Акадэмія Першых» складаецца з асобных курсаў на розныя тэмы. У траўні запусціцца курс «Як планаваць дзейнасць ва ўмовах крызісу».

  • Віды планавання: доўга / кароткатэрміновае, results-based management, сцэнары планавання;
  • Планаванне ва ўмовах крызісу. Рэагаванне на змены знешняй сітуацыі і змяненне плана;
  • Як спраўляцца ў нестабільных абставінах асабіста і арганізацыі?


Тэмы наступных курсаў:

  • Як зрабіць сваю дзейнасць інклюзіўнай;
  • Як ствараць праекты і кіраваць імі;
  • Дзе шукаць фінансаванне на дзейнасць.


Бліжэйшым часам «РАДА» запусціць трэнерскую школу, дзе будзе вучыць маладых актывістаў і актывістак праводзіць трэнінгі. Навучанне практыка-арыентаванае, эксперты дапамогуць кожнаму правесці сваё мерапрыемства.
«РАДА» звычайна праводзіць свае адукацыйныя фарматы ў змяшаным фармаце — анлайн і афлайн.
«Людзям у Беларусі неабавязкова ездзіць за мяжу, але ў нашых, асабліва доўгатэрміновых праграмах, ёсць афлайнавыя блокі. Не заўсёды, але вельмі часта мы намагаемся, каб гэта было, бо гэта дазваляе людзям пабачыць адно аднаго і задаць усе пытанні трэнерам. Але нават калі не будзе атрымлівацца прыехаць па нейкіх прычынах, гэта, канечне, таксама магчыма».