Што трэба зрабіць для таго, каб беларуская сістэма адукацыі пачала працаваць?

Экспертка «Цэнтра новых ідэй» Таццяна Кавалёнак расказвае, што, на яе погляд, не так з беларускай адукацыяй, і як гэта можна выправіць.

Адукацыя ў Беларусі патрабуе сур'ёзных рэформ. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Адукацыя ў Беларусі патрабуе сур'ёзных рэформ. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Хто толькі ні крытыкуе беларускую сістэму адукацыі. Ёсць за што — яна дае ўсё менш актуальныя веды і навыкі і, да таго ж, злілася з аўтарытарным апаратам улады.

У цыкле матэрыялаў «Чарнавік беларускіх рэформ» «Цэнтр новых ідэй» аналізуе, як маглі б выглядаць ключавыя рэформы ў нашай краіне — калі для гэтага адкрыецца акно магчымасцей.

Што не так з беларускай адукацыяй

Строгі кантроль замест разумнай аўтаноміі

Пасля 2020 года беларуская адукацыя — гэта сістэма найвышэйшай палітычнай абумоўленасці і цэнтралізацыі. Татальны кантроль з боку дзяржавы прывёў да таго, што знікаюць апошнія апірышчы разнастайнасці і свабоды — у 2022 годзе за некалькі тыдняў былі зачыненыя амаль усе прыватныя школы. Іх не тое каб было шмат (усяго 35), але яны стваралі важныя кропкі інавацый у плане рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца, і большай адказнасці за якасць навучання.

Чаму строгі кантроль і аднастайнасць шкодныя для якаснай адукацыі? Самае відавочнае — гэта дрэнна адбіваецца на выніках навучання. Даныя глабальнага даследавання PISA кажуць, што чым больш аўтаноміі ў школ у размеркаванні рэсурсаў і адказнасці за вынік, тым лепшыя вынікі вучняў.

Адпраўляючы дзяцей у школу ці ўніверсітэт, бацькі спадзяюцца, што там ім даюць дастаткова якасныя веды. На практыцы, паводле даных таго ж даследавання PISA, 15-гадовыя беларускія школьнікі паказваюць вынікі ніжэй за сярэднія сярод 79 краін, якія ўдзельнічалі па ўсіх катэгорыях: 474 па чытанні (пры сярэднім 487); 472 і 471 па матэматыцы і натуральных навуках (адпаведна, пры сярэднім 489).

Шкада, што прасачыць за тым, як будуць (і ці будуць) мяняцца вынікі навучання беларускіх школьнікаў на прыкладзе даследавання PISA мы не зможам — нас з яго выключылі.

Паскораная ідэалагізацыя і ваенізацыя замест крэатыўнага мыслення

Увядзенне новых ідэалагічных курсаў ва ўніверсітэтах, ідэалагічныя гадзіны ў школах і наваствораныя ваенныя клубы афарбоўваюць адукацыйны працэс у патрэбныя сістэме ваенна-патрыятычныя колеры, забіваючы і без таго перагружаны расклад навучэнцаў. Улада з дзяцінства спрабуе «прашыць» юных грамадзян аўтарытарнымі ўстаноўкамі, не пакідаючы прасторы для крэатыўнага мыслення.


Улічваючы, што для беларускіх зумераў сумленнасць, праўдзівасць і жыццярадаснасць з'яўляюцца асноўнымі каштоўнасцямі, то ўсталяваць такую «прашыўку» будзе даволі складана — і недавер да адукацыйных інстытутаў будзе расці. Пры гэтым частка юных розумаў будзе паддавацца ідэалагічнаму ціску, што абяцае нам напружанне ў грамадстве.

Адукацыя перастае выконваць функцыі сацыяльнага ліфта

Сучасная беларуская адукацыя — гэта гісторыя пра вялікую няроўнасць. Апошнія даныя PISA-2018 паказваюць, што ў Беларусі на сацыяльна-эканамічны фактар прыпадае да 51 пункта ў паспяховасці па чытанні, гэта самы высокі разрыў з 79 краін. Падобныя даныя атрымалі даследчыкі цэнтра ІПМ: добрая паспяховасць назіраецца толькі ў 38,5% вучняў, якія растуць у сем'ях, дзе недастаткова грошай на ежу; калі ж у сям'і няма цяжкасцей з дарагімі пакупкамі, то добрая паспяховасць ўласцівая вучням у 1,7 раза часцей.

Іншымі словамі, тое, у якой сям'і і асяроддзі растуць юныя беларуска і беларус, моцна вызначае, якія поспехі ў іх будуць у школе, і, верагодна, далей па жыцці.

Таксама дзяржава не можа падтрымліваць інфраструктуру адукацыі ў аднолькава добрым стане і, па сутнасці, перакладае гэтую функцыю на бацькоў праз паборы: сёння трэба «здаць на рамонт класа», заўтра — «на чарнілы для друкаркі», і так на працягу ўсёй вучобы. Гэта значыць, па факце, адказнасць за прадастаўленне роўных магчымасцей у навучанні ўжо нясе не дзяржава, а самі бацькі.

Акрамя ўнутранай няроўнасці, абмежаваны доступ да адукацыйных інавацый фарміруе няроўнасць знешнюю: паміж юнымі беларусамі і іх аднагодкамі ў іншых краінах. Замест крэатыўнасці вучням прышчапляюць зазубрыванне, замест ініцыятыўнасці і крытычнага мыслення — татальную паслухмянасць, замест супрацоўніцтва — распад сувязей. З такім неактуальным наборам навыкаў выпускнікам школ і ўніверсітэтаў цяжэй трапіць на міжнародны рынак працы, а на мясцовым яны занадта павольна і цяжка інтэгруюць інавацыі ў эканоміку.

Праз слабую прафесійную падрыхтоўку кадраў і нізкую канкурэнцыю падае якасць адукацыі

Настаўнікі і выкладчыкі шмат робяць для падтрымання прафесійнай кампетэнцыі, але іх магчымасць абмежаваная адміністрацыйнай нагрузкай і якасцю матэрыялаў, да якіх у іх ёсць свабодны доступ. Як вынік, толькі ў 2% беларускіх школьных настаўнікаў ёсць ступень магістра, яны радзей за ўсіх з 79 краін-удзельніц PISA займаюцца сваім прафесійным развіццём.


Даследаванні арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця паказваюць прамую сувязь паміж якасцю падрыхтоўкі, пастаянным прафесійным развіццём настаўнікаў і паказчыкамі вучняў па ўсіх прадметах, якія даследаваліся. Чым больш увагі надаецца адбору настаўнікаў, тым лепш гэта ўплывае на паказчыкі вучняў. Гледзячы на даныя Белстата, зразумела, што асаблівага выбару ў школьных адміністрацый няма: колькасць даступных на рынку прафесіяналаў пастаянна зніжаецца, і пра якасны адбор можна толькі марыць.

Як зрабіць адукацыю стратэгіяй поспеху

Калі думаць пра адукацыю як пра адзін з асноўных грамадскіх інстытутаў, то ў дэмакратычнай Беларусі неабходна вярнуць гэтай сферы паўнавартасныя функцыі сацыяльнага ліфта і справядлівага прадастаўлення магчымасцей.

Дыялог як падмурак

Каб выпрацоўка і прыняцце новага бачання адукацыі ў грамадстве праходзілі плаўна, неабходна прастора для абмеркавання, у якім будуць прадстаўлены разнастайныя групы — эксперты, школьнікі, студэнты, бацькі, чыноўнікі і працадаўцы. Іншымі словамі, патрэбны дыялог. Калі ўсе групы могуць выказаць свае патрэбы і ўнесці іх у агульнае бачанне, у далейшым яны становяцца актыўнымі рэгулятарамі таго, як гэта бачанне ўвасабляецца.

Рэкрутынг і павышэнне прафесійнай кваліфікацыі

Рэформы робяць людзі, таму амаладжэнне кадравага складу і павышэнне прафесійнай падрыхтоўкі — гэта ключавыя фактары поспеху. Зрабіць гэта можна толькі за кошт павышэння фінансавай і кар'ернай прывабнасці прафесіі настаўніка і выкладчыка. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе перагляду структуры бюджэтавання адукацыі і палітычнага рашэння, звязанага са стратэгіяй разьвіцця чалавечага капіталу Беларусі.

Гэты шлях паспяхова прарабіла Фінляндыя, стаўшы ў выніку сусветным лідарам па якасці адукацыі, але працэс няхуткі — заняў некалькі дзесяцігоддзяў. Варта на старце не чакаць чаргі з маладых і перспектыўных настаўнікаў, а рыхтавацца да карпатлівай працы над змяненнем іміджу прафесіі.

Аўтаномія і давер

Як адзначаюць даследчыкі Сусветнага банка, адным з ключавых фактараў у поспеху фінскай сістэмы адукацыі стала пабудова сістэмы, заснаванай на даверы. Таму пасля таго, як бачанне выпрацавана і новыя кадры паступова ўліваюцца, надыходзіць этап увасаблення — і тут мы нарэшце пакінем адміністрацыю адукацыйных устаноў, настаўнікаў і выкладчыкаў зноў вынаходзіць сябе ў прафесіі, усталёўваць сістэмы ацэнкі і несці адказнасць за якасць навучання.


Роўныя інфраструктурныя магчымасці для розных сацыяльных груп

Колькі б аўтаноміі ні было ў адукацыйных устаноў, паўнавартасна функцыянаваць яны могуць толькі ва ўмовах развітай інфраструктуры — добра ўладкаваных класаў, высакахуткаснага Інтэрнэту, безбар'ернага асяроддзя, адэкватных санітарных умоў. За кошт новых інфраструктурных магчымасцей можна выраўноўваць сацыяльна-эканамічны фактар, які цяпер так моцна ўплывае на вынікі беларускіх школьнікаў. Ствараючы роўную і развітую інфраструктуру навучання, мы даем беларускім дзецям магчымасць канкураваць і выйграваць на глабальным рынку працы.

Навыкі XXI стагоддзя і інавацыі

Тое, якім прафесійна-тэхнічным навыкам (hard skills) будуць навучаць беларусаў у будучыні, шмат у чым залежыць ад выбраных мадэляў эканамічнага развіцця. Тэхналогіі і крэатыўнасць, сістэмнае мысленне, замежныя мовы, педагогіка дыскамфорту і добрага самаадчування — гэта тое, што будзе запатрабавана ў любой сферы. Дзякуючы пастаянным практыкам гэтых навыкаў нашы выпускнікі змогуць на роўных удзельнічаць у міжнародным адукацыйным і прафесійным абмене, а таксама ўкараняць вывучаныя інавацыі на мясцовым узроўні.

У аснове эфектыўнага развіцця мяккіх навыкаў (soft skills) ляжаць камунікацыя і ўменне супрацоўнічаць. Здольнасць мець зносіны з прадстаўнікамі розных культур і груп, дамаўляцца — і ўсё гэта на англійскай мове. Такі набор уменняў дазволіць юным беларусам быць у топе глабальнага рынку працы і прыносіць у краіну інавацыі.

Якаснае рэфармаванне адукацыі закладвае моцны імпульс для росту дабрабыту. Адукаваныя, праактыўныя, уключаныя ў глабальны кантэкст выпускнікі школ і ўніверсітэтаў выступаюць агентамі эканамічных змен. Таксама сістэмная і прагрэсіўная рэформа адукацыйнай сістэмы заўсёды звязана з тэктанічнымі зрухамі каштоўнасных установак грамадства, змяненнем структуры эканомікі і ў выніку — з паскоранай пабудовай дэмакратычных інстытутаў і іх далейшым умацаваннем.


Браць адказнасць за сваю адукацыю па-за сістэмай і займацца самаадукацыяй на працягу ўсяго жыцця — гэта можна рабіць ужо цяпер. Цяжка і доўга, але гэта важныя тактычныя крокі, з якіх будзе складвацца наша стратэгія. Чым больш беларусаў і беларусак цяпер будуць актыўна падыходзіць да падтрымання сваіх навыкаў у актуальным стане, тым больш у нас шанцаў атрымаць поспех у будучых адукацыйных рэформах.