«80% настаўнікаў у жудасным стане». Эксперт — пра тое, што адбываецца са школьнай адукацыяй у Беларусі

З гэтага года адзінаццацікласнікі замест звыклых іспытаў будуць здаваць «цэнтралізаваныя іспыты». Настаўнік матэматыкі і эксперт у галіне адукацыі Сяргей Альшэўскі тлумачыць, што гэта такое і для чаго гэтыя змены патрэбныя.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg


Што яшчэ за цэнтралізаваныя іспыты?

2 снежня 2022 года стала вядома, што цяпер выпускнікі 11 класаў будуць здаваць замест звыклых выпускных іспытаў два цэнтралізаваныя (ЦІ). Адзін, абавязковы — па рускай ці беларускай мове, другі — па выбары з тых прадметаў, па якіх цяпер праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ).

Тым, хто плануе паступаць у ВНУ, трэба здаваць яшчэ адзін дадатковы іспыт у форме ЦТ. Гэта значыць, цяпер, каб стаць студэнтам, давядзецца прадставіць два сертыфікаты — па ЦІ і па ЦТ.

«Гэта спосаб замяць праблему няякаснай школьнай адукацыі», — сказаў у інтэрв’ю CityDog.io Cяргей Альшэўскі.

— Па сутнасці, калі глядзець чыста тэхнічна, не ўнікаючы, што за гэтым стаіць, цэнтралізаваныя іспыты — гэта проста невялікая карэкціроўка формы выпускнога іспыту. Але калі ўсё ж разабрацца ў пытанні — гэта дзікі жах.

Прычыны гэтай праблемы ляжаць крыху глыбей. Справа не ў цэнтралізаваным або звычайным выпускным іспыце. Змяненне формы — гэта ўсяго толькі спосаб замяць існуючую праблему няякаснай беларускай школьнай адукацыі. Многія моманты мы самі ж і замоўчваем.

Вось прыклад: кожны год Нацыянальным інстытутам адукацыі праводзіцца Рэспубліканскі маніторынг якасці адукацыі, па выніках якога даюць рэкамендацыі школам аб тым, як павысіць узровень пісьменнасці. І мінулы год (маніторынг па матэматычнай пісьменнасці праводзіўся за 9 клас) можна апісаць мемам «Гэта фіяска, братка». Па методыцы яны адсочваюць 6 узроўняў матэматычнай пісьменнасці і давешваюць два дадатковыя, каб паказаць, што не ўсё так дрэнна. А па факце больш за палову не дацягваюць нават да першага ўзроўню.

pik_0.jpg


Калі ўважліва паглядзець на табліцу і пралічыць, што стаіць за «парогавым узроўнем» («Выкананне простых матэматычных заданняў, арыфметычных вылічэнняў з натуральнымі лікамі, заданняў на пазнаванне, па ўзоры. Рашэнне задач у 2-3 дзеянні без абгрунтаванняў»), то адразу становіцца страшна. Бо 68% дзяцей могуць справіцца толькі з найпрасцейшымі задачамі, якія не патрабуюць абгрунтаванняў.

Але гэта яшчэ не ўсё. Калі параўнаць «узроўні» ў лісце з рэкамендацыямі з «узроўнямі» матэматычнай пісьменнасці, якія выкарыстоўваюцца, напрыклад, у PISA (Міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў), то акажацца, што няма ўвогуле ні парогавага ўзроўню, ні ніжэйшага за парогавы. Ад гэтага становіцца яшчэ больш сумна: 68% дзяцей не дацягваюць да першага ўзроўню, з якога можна ў прынцыпе казаць аб матэматычнай пісьменнасці ў міжнародным кантэксце.

З апошніх заяў Міністэрства адукацыі: па выніку ЦІ вучням выдадуць сертыфікаты, якія будуць выкарыстоўвацца для паступлення ва ўніверсітэт. Але вось нюанс: у ЦТ заданні разбіты на пяць узроўняў складанасці. А прадстаўнікі Мінадукацыі паведамляюць, што на ЦІ не будзе заданняў пятага ўзроўню. Груба кажучы, гэта тыя заданні, якія ацэньваюцца ў 9-10 балаў. То-бок дзеці, якія ведалі на 8, прэтэндуюць на 10, а дзеці, якія ведалі на 7, прэтэндуюць на 9.

А што рабіць школьнікам, якія рэальна ведаюць на 9-10 балаў? Іх праца і веды абясцэньваюцца. Далей гэтыя таленавітыя дзеці павінны будуць канкурыраваць з тымі, хто аб’ектыўна не дацягвае. Рыба шукае, дзе глыбей: адпаведна, на мой погляд, прагноз па адтоку абітурыентаў за мяжу будзе толькі павялічвацца.

Мне здаецца, цяпер усё накіравана не на тое, каб стварыць роўныя ўмовы, прыбраць спаборніцтва, убачыць дзіця — за гэтымі прыгожымі словамі мы хаваем тое, што адбываецца па факце. І самае крыўднае тое, што бацькі гэта дапускаюць, ніяк не процідзейнічаюць.

Я не ідэаліст: вышэйшая адукацыя не вырашае, станеш ты паспяховым ці не, але гэта рэальна сацыяльны ліфт, асабліва для моладзі, якая верыць у сілу адукацыі. І зараз выпускнікі сутыкаюцца з самай вялікай несправядлівасцю, калі ім кажуць, што іх 9-10 балаў роўныя 7-8.

— У адным з інтэрв’ю вы казалі, што да гэтага часу ў Міністэрства адукацыі няма канчатковага бачання, як будзе праходзіць уступная кампанія...

— Цікава назіраць, якія заявы хто робіць цяпер. Вось я адкрыў матэрыял Мінадукацыі: напісана, што пры выбары навучальнага прадмета для здачы ЦІ не трэба прымаць пад увагу, з’яўляецца прадмет першым ці другім. А на сайце прыёмнай камісіі БНТУ да нядаўняга часу вісела аб’ява, што на некаторыя спецыяльнасці прымаецца па першым прадмеце (матэматыцы) ЦТ або ЦІ, а па другім — фізіцы — толькі сертыфікат ЦТ. Гэта значыць, калі дзіця здасць фізіку ў рамках ЦІ, то яно не трапляе на шэраг спецыяльнасцей. Зараз з сайта ВНУ гэта аб’ява ўжо знікла.

pik2.jpg


Каб зразумець, як гэта ўсё павінна выглядаць, трэба зразумець, куды мы ўвогуле рухаемся. Напрыклад, характарыстыка на вучня, пра якую гаворыць Мінадукацыі. Так, быццам бы яна нідзе не будзе ўлічвацца, але пры аднолькавай суме балаў усё роўна патрэбна.

І вось для чаго? Якую праблему яна вырашае? Давайце глядзець на больш важныя рэчы: удзел у алімпіядах, напрыклад! Таму што я зараз гэта бачу як інструмент для чарговага ціску на дзяцей. Бо тут як: калі ў дзіцяці дрэнныя адносіны з настаўнікам, то апошні піша яму дрэнную характарыстыку. Сістэма адукацыі — адна з самых карумпаваных сістэм у Беларусі. Вось вам яшчэ адна нагода для карупцыі, з якой вы так змагаецеся. Для чаго? Для таго, каб схаваць праблему, каб было зручна і выгадна, каб ні вальнадумства, нічога такога не было.


 «Гэта не тая школа, што выхоўвае моладзь, якая думае»

— У Беларусі ёсць стандарты навучальных прадметаў — і ў прынцыпе там усё нармальна: прапісана, што павінны ведаць дзеці, што павінны ўмець. Праблема ў рэалізацыі, у людзях, якія працуюць, у сістэме, у адносінах. Беларускай сістэме адукацыі не хапае эмпатыі: яна наогул не разумее, што адбываецца, яна існуе ў нейкім уласным замкнёным свеце і, на мой погляд, стала нечалавечнай.

— У чым гэта праяўляецца?

— Канец мінулага навучальнага года: на аднаго з вучняў выклікаюць міліцыю з-за таго, што ён выказаў сваю пазіцыю па вайне ва Украіне. За мінулы год па краіне былі 3-4 апублічаныя сітуацыі, калі на вучняў за іх грамадзянскія перакананні выклікалі міліцыю. Тое, што адбываецца — гэта не сістэма адукацыі, гэта не тая школа, што выхоўвае моладзь, якая думае. Гэта тая школа, якая ператварылася ў нешта незразумелае.

Пры гэтым я не хачу пакрыўдзіць нікога з настаўнікаў, бо і зараз у беларускіх школах ёсць класныя педагогі. Але мы цудоўна разумеем, што іх заслугі перакрэсліваюцца такімі гісторыямі. Вось яна — школа, вось наша педагагічная супольнасць, вось як мы працуем і рэагуем на ўсё, што адбываецца.

— А што з гэтым рабіць? Перамены здаюцца непад’ёмнымі.

— Пачаць з сябе. У многіх беларусаў ёсць дзеці: схадзіце ў школу, пагутарыце з настаўнікам пра вучобу. За жыццё — без наездаў, без усяго. Даведайцеся, што там адбываецца, разбярыцеся, што такое ЦІ, што стаіць за гэтымі гучнымі заявамі. Зразумейце, што такое сістэма адукацыі.

У сістэме адукацыі дастаткова вялікая колькасць удзельнікаў і бакоў: ёсць вялікі заказчык у асобе дзяржавы, ёсць асобная світа чыноўнікаў, ёсць настаўнікі (каля 100 000), вучні (1 мільён), бацькі (2 мільёны). Розныя бакі, розныя погляды. Каму з гэтых бакоў фактычна не пляваць на гэту адукацыю? У большасці сваёй усім пляваць. Дык як мяняць? Ды і навошта?

imgl0337__1__logo.jpg


Разбіваемся мы не першы год, падымаючы гэтыя пытанні (відавочныя і аб’ектыўныя), але колькі можна біцца аб сцяну? Я сябе суцяшаю, што калі ты пастукаўся ў дзверы, а табе не адчынілі, то гэта не значыць, што цябе не чакаюць. Але колькі такіх няўдалых спроб трэба зрабіць? Без уключэння ўсіх бакоў, якія рэальна павінны быць зацікаўлены ў вырашэнні гэтай праблемы, нічога не зменіцца.


«Ёсць попыт у бацькоў на больш якасную адукацыю — і ён неяк будзе задавальняцца»

У размове Сяргей адзначыў, што, калі прымалася канцэпцыя развіцця сістэмы школьнай адукацыі, адзначалася, што да 2030 года ўсе беларусы будуць забяспечаны бясплатнай агульнай сярэдняй адукацыяй: «Асноўная задача — забяспечыць поўны ахоп бясплатнай, якаснай агульнай сярэдняй адукацыяй». На гэта эксперт звяртаў увагу яшчэ год таму: маўляў, фактычна ўсё гаворыць аб тым, што прыватныя школы будуць закрыты.

— Што далей будзе з прыватнай адукацыяй, як лічыце?

— Раней прыватныя школы выжывалі насуперак. Цяпер у гэтым напрамку створаны ўсе ўмовы, каб ніхто з беларусаў не ўкладваўся ў прыватную адукацыю. Але як толькі пачалася хваля дзяржаўнага хейту ў дачыненні да прыватных беларускіх школ, тут жа на рэкламным рынку з’явілася з дзясятак аб’яў аб прыватных расійскіх анлайн-школах.

Разумееце, у чым праблема? Як той казаў, не будзеш ты, то будзе тры. Ёсць ніша, ёсць попыт у бацькоў на больш якасную адукацыю. І ён неяк будзе задавальняцца. Аб’ектыўна карціна зараз бачыцца так, што ў Беларусі гэта рабіць усё больш складана. Адпаведна, запыт гэты будзе задавальняцца нейкім іншым спосабам. Магчыма, не ў Беларусі. Толькі пры гэтым варта паспрабаваць у грашах палічыць упушчаную выгаду, колькі мы губляем (у адной толькі Польшчы вучыцца 26 тысяч беларусаў).

— А ці можна параўнаць узровень ведаў беларускіх і еўрапейскіх школьнікаў?

— Гледзячы чым і як вымяраць. Наогул параўноўваць, хто лепш здае тэсты — гэта такое сабе вымярэнне. Давайце мераць эканомікамі, ВУП на душу насельніцтва і іншымі рэчамі.

Але што кідаецца ў вочы — дзеткі ва Украіне, у Польшчы больш свабодныя і разняволеныя, больш дапытлівыя, больш адкрытыя: задаюць пытанні, не згаджаюцца, кажуць, ці падабаецца ім. Вынік гэта ці не?

У той жа час насуперак усяму многія з беларускіх вучняў усё роўна застаюцца шчырымі, сумленнымі, са сваім пунктам гледжання, са сваёй пазіцыяй. За гэтых дзяцей, якія імкнуцца не быць прадуктам сістэмы, вельмі моцна хвалюешся. І адначасова задаешся пытаннем: як, адкуль гэта смеласць? Гэта такі феномен, калі насуперак, а не дзякуючы.


Хаця лічу, што галоўнае — знайсці падыход да вучняў, тады яны ўсе раскрываюцца і здольныя вучыцца. Праўда, калі ў цябе ў класе 30 чалавек, на падыход застаецца ў лепшым выпадку па 1,5 хвіліны.

— Але гэта ж таксама праблема?

— Праблема? А няма ўжо праблемы: унеслі ж змены ў Кодэкс аб адукацыі. Раней была дакладна прапісана норма: 20 і 25 чалавек у класе. А цяпер прывязалі колькасць вучняў да квадратных метраў. Так можна і ў спартзале арганізаваць навучальны працэс.

Усё: праблема больш не праблема, прыбіраем норму — і вырашана. Але наступствы такіх рашэнняў мы ўбачым праз пару гадоў.

— У адным з інтэрв’ю вы казалі, што зараз у большасці настаўнікаў, якія працуюць у школе, выгаранне...

— У 2018 годзе на аснове методыкі дыягностыкі эмацыянальнага выгарання Бойкі мы з калегамі з ініцыятывы «Народны падручнік» апыталі 1000 настаўнікаў (гэта 1% ад усёй колькасці) — і 80% з іх былі ў жудасным стане. У іх была вельмі ярка выяўлена неадэкватная рэакцыя на сітуацыю, эканомія эмоцый і іншае — ва ўсіх паказчыках верхняя мяжа, негатыўная. Мы ўжо тады ўздымалі гэта пытанне і сустракалі хвалю супраціву. Але так, гэта праблема.

Памятаеце сітуацыю з гомельскай настаўніцай, якая ўзялася за крэсла? Хтосьці рэальна вывучаў гэту праблему — што стала прычынай? Окей, настаўніца замахнулася крэслам на вучня — гэта факт. Але прычына такіх яе паводзін у чым? Паглядзелі на грамадскую думку, адрэагавалі так, як было выгадна большасці — і?..

Пры гэтым у школах працуюць псіхолагі, у якіх можна прайсці дыягностыку эмацыйнага выгарання. Але ці ёсць у настаўнікаў на гэта сілы, калі ў іх па 8 урокаў у дзве змены, а ў класе не 5-6 чалавек, а 30? Ёсць асцярогі, што стан настаўнікаў у Беларусі цяпер вельмі дрэнны.

Спадзяюся, гэта справакуе станоўчыя змяненні ўнутры школ, пачнуць звяртаць увагу на рэальныя праблемы і шукаць рэальныя прычыны, а не займацца касметычным рамонтам.