«Дзяржава для народа». За тры гады ў Беларусі знікла па 100 школ і дзіцячых садкоў

Белстат апублікаваў звесткі аб адукацыі ў Беларусі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць устаноў адукацыі пэўных катэгорый у краіне скарачаецца.

imgl0339__1__logo.jpg


На пачатак 2022/2023 навучальнага года ў Беларусі налічвалася 2900 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з колькасцю навучэнцаў 1,1 млн.чалавек, што на 9,6 тыс. чалавек (на 0,9%) больш, чым на пачатак папярэдняга навучальнага года.

У 2021/2022 годзе ў Беларусі дзейнічала 2 940 дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. На пачатак 2020/2021 навучальнага года, паводле таго ж Белстата, у Беларусі налічвалася 3009 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з колькасцю навучэнцаў 1,1 млн.чалавек, што на 26,5 тыс. чалавек (на 2,6%) больш, чым на пачатак папярэдняга навучальнага года.

У 2019/2020 навучальным годзе ў Беларусі дзейнічала 3020 устаноў сярэдняй адукацыі, у якіх навучаліся 1031,7 тыс.дзяцей.

Як раней падлічыў Thinktanks.by, у 2015 годзе ў Беларусі налічвалася 3230 школ. У 2010 годзе — 3654 ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. У 2005 годзе такіх устаноў у нас налічвалася 4,1 тысячы, а ў 2000-м — 4,7 тысяч. У 1994 годзе агульная колькасць школ у Беларусі складала каля 5 тысяч.

Статыстыка па дзіцячых садках таксама ўражвае. На пачатак 2022/2023 навучальнага года ў Беларусі працавала 3702 установы дашкольнай адукацыі з агульнай колькасцю дзяцей 378,2 тысяч чалавек.

На пачатак 2020/2021 навучальнага года ў краіне працавала 3799 устаноў дашкольнай адукацыі з агульнай колькасцю дзяцей 424,1 тыс. чалавек. На пачатак 2019/2020 навучальнага года, па даных Белстата, у Беларусі працавала 3798 устаноў дашкольнай адукацыі з агульнай колькасцю дзяцей 436,6 тыс. чалавек.

Гэта значыць, за 2020 год на 1 дзіцячы садок у краіне стала больш, а вось колькасць «наведвальнікаў» дзіцячых садкоў паменшылася на 12,5 тысяч.