РАДА далучылася да кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

З 1994 года ў Беларусі да смяротнага пакарання прыгавораны больш за 300 чалавек, сярэдні ўзрост пакараных складае 32 гады. Па дадзеных даступнай статыстыкі, каля паловы пакараных — маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 31 гадоў.

1_312.png

У Беларусі смяротнае пакаранне ажыццяўляецца шляхам расстрэлу. Месцы пахавання забітых невядомыя — гэту інфармацыю не выдаюць нават сваякам. Раней у пасведчанні аб смерці ставілі прочырк, цяпер пішуць «адбыў у адпаведнасці з прысудам».
На жаль, вялікая колькасць маладых людзей думае, што ў нас у краіне смяротнага пакарання няма, мы бачым вялікі прабел у інфармаванні па гэтай тэме ў Беларусі на розных узроўнях. У нас ужо сфармавалася бачанне таго, як на гэта можна ўплываць і як дапамагчы кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарння ў Беларусі» ў дасягненні пастаўленай мэты — мараторыя на смяротнае пакаранне, — кажа Зміцер Герыловіч, старшыня Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА».
РАДА плануе актыўна падключыцца да інфармацыйнага і адукацыйнага напрамкаў кампаніі, а таксама задзейнічаць міжнародных партнёраў. Мы ўпэўненыя, што правы чалавека — гэта базавыя свабоды і правы для ўсіх людзей, без павагі гэтых правоў у дзяржаве, моладзь губляе магчымасці для поўнай рэалізацыі свайго патэнцыялу ў грамадстве.
«З вялікім натхненнем вітаем ініцыятыву сяброў Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА» аб далучэнні да дзейнасці кампаніі супраць смяротнага пакарання. Мы ўпэўнены, што агульнымі намаганнямі, сумеснай актыўнасцю, салідарнасцю і сінергіяй мы паскорым той час, калі наша Краіна будзе вольнай ад такога ганебнага і варварскага віда пакарання, як узаконенае забойства імем Рэспублікі Беларусь, а значыць забойства ад імя кожнага з нас. Наша кампанія адкрыта для супрацоўніцтва і сумеснай дзейнасці для кожнага і кожнай, хто падзяляе ідэі правоў чалавека, абаліцыянізма і еўрапейскіх каштоўнасцяў і гатовы дзейнічаць для прасоўвання гэтых ідэй», – заявіў Андрэй Палуда, каардынатаркампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі».

Даведка: Кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» была заснавана ў 2009 годзе Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Міжнароднай амністыяй, займаецца юрыдычным, інфармацыйных і адукацыйным напрамкамі ў пытанні адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама з'яўляецца часткай і актыўным удзельнікам сусветнага руху абаліцыяністаў — прыхільнікаў адмены смяротнага пакарння ва ўсім свеце.


Паводле прэс-рэліза