«Да выбараў мяне мала цікавіла тэма палітыкі»
Мы задалі маладзёнам два пытанні: «Як пратэсты ў Беларусі паўплывалі на ваша жыццё?» і «Ці адчуваеце вы сябе ў бяспецы?» І вось якія адказы далі студэнты розных універсітэтаў.
Яліна, 23 гады, БДУ:
— Я ўпершыню адчула сапраўдны страх за сваё жыццё. Адчуванне, калі перад табой стаяць людзі з аўтаматамі і побач узрываюць гранату, вельмі моцнае. Ты не ведаеш, вернешся сёння дахаты ці не. Не ведаеш, ці вярнуліся твае сябры. Пастаянны стрэс, але мэты вартыя таго, каб выйсці. Зараз мне жудасна думаць пра тое, што рэпрэсіі ў дачыненні да людзей былі дарэмнымі. Кожны для сябе павінен зразумець, у якой краіне ён хоча жыць і што канкрэтна ён павінен зрабіць для гэтага. Я ў напружаннi чакаю вясны. Ці наступіць яна пры нас?
Сёння я не адчуваю сябе ў бяспецы, таму што ў любы дзень за табой могуць прыйсці і пасадзіць, калі ты невінаваты.
Ліка, 19 гадоў, БДМУ:
— Пасля жніўня ніхто і ніколі не будзе ранейшым. У тым ліку і я. Я стала мацней любіць нас, беларусаў, і з кожным днём усё больш адчуваць адзінства і гонар за ўсіх беларусаў, якія нават у праліўны дождж і мароз выходзяць паказаць, што нас не зламаць. У мяне нарэшце з'явілася вера ў перамены! Гэтыя паўгода паказалі ў людзях ўнутраны стрыжань, паказалі, якім жа адважным і мужным можа быць чалавечае сэрца. Таксама падзеі пасля 9 жніўня паказалі, якімі ж сляпымі і прадажнымі могуць быць людзі з іншага боку.
Шмат маіх блізкіх сяброў страцілі месца працы / вучобы і былі вымушаныя з'ехаць за межы Беларусі. Цяпер ні яны, ні я не адчуваю сябе ў бяспецы тут, у сваёй роднай краіне.
«Не дай вам Бог жыць у эпоху перамен, але калі ўжо так здарылася, то дай вам Бог скарыстацца новымі магчымасцямі».
Аляксандр, 21 год, БДУ:
— Пратэсты дазволілі пераасэнсаваць сябе, людзей навокал, даведацца, хто чаго варты. З аднаго боку, мяне расчаравала бяздзейнасць некаторых маіх аднагодкаў. Яе можна зразумець і неяк апраўдаць, але ад гэтага не становіцца лягчэй. З іншага боку, мне адкрылася шмат хлопцаў, гатовых кінуцца за табой у самае гарачае полымя, ад чаго ты і сам быў гатовы рабіць тое ж самае. Гэта бясцэнны вопыт, які яшчэ раз даказвае, што сіла крыецца не толькі ў рэсурсах, але і ў саміх людзях.
На жаль, сёння я не адчуваю сябе ў бяспецы, таму што мая бяспека складаецца з упэўненасці ў будучыні, а ў Беларусі я такой упэўненасці пакуль не адчуваю.
Вікторыя, 20 гадоў, ЕГУ:
— У мяне знікла пачуццё непаўнавартаснасці ўласнага паходжання. Некалькі гадоў таму я паглыбілася ў беларускую культуру: пачала размаўляць на беларускай мове, цікавіцца тым, як можна «беларусізаваць» наша грамадства. У асноўным таму, што я хацела перамагчы гэтае адчуванне бездапаможнасці і няважнасці як беларускі. Адчуванне, якое навязваецца дзяржаўнай рыторыкай, сістэмай, адукацыяй. І вось калі ў Беларусі праходзілі пратэсты, гэтае пачуццё нейкай «незапоўненай чары», яно знікла, і для мяне больш не стаіць пытанне, наколькі я павінна ганарыцца сваім паходжаннем, таму што я ганаруся ім апрыёры.
Так, я не адчуваю сябе ў бяспецы тут, я вельмі моцна баюся людзей у балаклавах, у форме, прычым любой, мікрааўтобусаў. Таму што быў адміністрацыйны арышт, вельмі доўга аднаўлялася, хадзіла да псіхатэрапеўта. І толькі праз некалькі месяцаў пасля «сутак» я магу сказаць, што стала адчуваць сябе больш упэўненай і паступова прыходзіць у сябе. Разам з гэтым пачуццём сусветнай небяспечнасці ёсць яшчэ і пачуццё агульнай мэты, вышэйшай ідэі — і гэта вельмі зараджае энергіяй на барацьбу.
Аліса, 20 гадоў, БДУ:
— Да выбараў мяне мала цікавіла тэма палітыкі. Вядома, былі моманты, якія не задавальнялі, але я не ўнікала, спрабавала абыходзіць іх бокам. Пратэсты ўдыхнулі нейкае жыццё, надзею, у прыватнасці, надзею на свабоду і перамены, але пры гэтым і расплюшчылі вочы на ўвесь абсурд і беззаконне, што кожны раз здзіўляе па-новаму. Хоць і здаецца, чым нас можна яшчэ здзівіць? Дна і блізка не відаць. Але гэта дае яшчэ больш упэўненасці ў тым, што гэтая ўлада зжыла сябе, яе сыход — гэта пытанне часу.
Не думаю, што можна быць у бяспецы ў краіне, дзе пляваць хацелі на закон.
Аляксандра, 22 гады, БДУКМ:
— Лета і восень 2020-га я ўспамінаю з цеплынёй. Нядзеля была маім любімым днём, натхненне ад людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі перакрывала стомленасць ад кіламетраў, якія мы праходзілі па вуліцах. Я схадзіла на мноства дваровых чаяванняў і пасябравала з суседзямі. Страху не было зусім, пакуль мяне не затрымалі і не арыштавалі на 15 сутак. Сёння штодзённасцю стала абдумваць план дзеянняў на выпадак, калі раптам прыйдуць з ператрусам.
І, канешне ж, я не магу адчуць сябе ў бяспецы, калі бачу, як кожны дзень нявінных людзей садзяць у турму.
Валерыя, 20 гадоў, БДУ:
— Пратэсты сапраўды змянілі маё жыццё. Мноства разоў я чула, што тэма пратэстаў станавілася каменем перапоны ў сем'ях, псавала адносіны. У маім выпадку наадварот: я зразумела, што жыву побач з выдатнымі людзьмі, якія падзяляюць мае погляды. Тое самае магу сказаць пра сваіх сяброў, хоць і не пра ўсіх. Я ўспамінаю лета 2020 года з рознымі пачуццямі: з жахам, з лютасцю або з невераемнай цеплынёй. Я памятаю першы мітынг на стэле, і цяпер, калі распавядаю пра гэта, прабягаюць мурашкі па целе. Я памятаю, як упершыню ўбачыла колькі нас, у мяне перахапіла дыханне. І пасля гэтага жыццё падзялілася на «да»і «пасля». З-за пратэснага руху я, на жаль, перастала даваць нават разумовыя шанцы тым, хто яшчэ застаўся побач з гэтай уладай. І дараваць ім я не змагу.
Не магу сказаць, што адчуваю сябе ў бяспецы, але я адчуваю, што не адна і ніколі не буду адна.