Паводле валанцёраў, за апошнія тры дні затрымалі зменшага сем чалавек

Як найменей сем чалавек (тры жанчыны і чатыры мужчыны) затрымалі на пратэсных акцыях з 19 па 21 лютага, паведамляе валанцёрскі тэлеграм-канал «Спісы затрыманых».

21_fev_minsk_beloruski.jpg


Як мінімум адну жанчыну і двух мужчын даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў 1-м завулку Акрэсціна, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.

У сацсетках з’явілася фота- і відэаінфармацыя аб лакальных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і пераследу іншадумцаў у Мінску і іншых населеных пунктах (Наваградку, Наваполацку, Івацэвічах, Ракаве, Ратамцы).

У сталіцы акцыі (міні-шэсці, вывешванне сцягоў, ланцугі салідарнасці) прайшлі на вуліцы Пушкіна, у мікрараёнах Шабаны, Навінкі, Міхалова, Каменная Горка, Серабранка, Чырвоны Бор, Грушаўка.

У розных раёнах Мінска з’явіліся знакі падтрымкі журналісткі tut. by Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна, абвінавачаных у разгалошванні медычнай таямніцы (медыцынскага заключэння па факце смерці Рамана Бандарэнкі).

Акцыі пратэсту праходзяць штодня амаль 200 дзён.

Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю швейцарскай газэце Le Temps канстатавала цяжкую сітуацыю з вулічнымі пратэстамі: «У нас няма сродкаў змагацца з гвалтам рэжыму супраць дэманстрантаў: ён узброены, моцны, таму так, цяпер здаецца, што мы прайгралі. Ведаю, што беларусы стаміліся, ім страшна». «Але мы адбудоўваем сёння структуры, каб змагацца заўтра. Мы працуем над тым, каб аб’яднаць розныя апазыцыйныя ініцыятывы, якія ўзнікаюць амаль паўсюль: лекары, навукоўцы, сілавікі... Наша стратэгія складаецца ў тым, каб лепш арганізавацца, пастаянна ціснуць на рэжым да моманту, калі людзі зноў будуць гатовыя выйсці на вуліцу, магчыма, вясной», — заявіла палітык.