Якая мэта выпадковых рэпрэсій і чаго баяцца сёння ўлады?
«Пры тым узроўні палітычнай мабілізацыі, што сёння існуе ў Беларусі, немагчыма пакараць усіх і кожнага», — лічыць палітолаг Андрэй Ягораў.
![118086193_765856213956767_437667508750294666_n.jpg 118086193_765856213956767_437667508750294666_n.jpg](/img/v1/images/118086193_765856213956767_437667508750294666_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сёння абсалютна кожны грамадзянін Беларусі можа трапіць пад рэпрэсіўны каток, незалежна ад таго, ці ўдзельнічае ён у палітычным жыцці, ці не, упэўнены палітолаг Андрэй Ягораў.
— Нельга думаць пра тое, што калі вы адмовіліся ад палітычнага ўдзелу, то рэпрэсіі вас не закрануць. Яны могуць вас закрануць толькі таму, што вы нешта рабілі раней ці хто-небудзь з вашых сяброў, знаёмых прымаў удзел у палітычных дзеяннях.
Нават калі вы і вашы знаёмыя зусім нічога не рабілі, вы можаце выпадкова апынуцца не ў тым месцы не ў той час. І вашы палітычныя перакананні ніяк не гарантуюць вам бяспеку ў гэтым выпадку.
Пад рэпрэсіі, як мы бачым, трапляюць зусім розныя людзі, у тым ліку і тыя, якія падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку і яго рэпрэсіўны палітычны рэжым, — адзначыў палітолаг.
Ён тлумачыць, што масавы характар рэпрэсій ужываецца беларускімі ўладамі для таго, каб цалкам спыніць усе грамадства, аднак лічыць, што гэтага зрабіць немагчыма.
— Цяпер у палітыку прыйшлі зусім новыя групы людзей, якія ніколі раней не выяўлялі свае палітычныя погляды. Усе бачылі выступленні спартсменаў, пенсіянераў, рабочых, навукоўцаў, — прадстаўнікоў практычна ўсіх сацыяльных груп. І ўсе яны выказалі сваю нязгоду з гэтым палітычным рэжымам.
Зразумела, што такі масавы ўдзел не падабаецца беларускім уладам. Таму дзяржава імкнецца спыніць не толькі тых, хто нешта робіць, але спыніць наогул усіх — усё грамадства.
Але мы ясна павінны разумець, што пры тым узроўні палітычнай мабілізацыі, які цяпер існуе ў Беларусі, нават пры тым, што пратэсты знізілі сваю інтэнсіўнасць, немагчыма пакараць усіх і кожнага. Дзяржава не зможа гэтага зрабіць, таму што ў яе няма такіх рэсурсаў, — упэўнены аналітык.
Ён робіць выснову, што з-за немагчымасці татальнага падаўлення, улады спрабуюць усіх запалохаць.
— Яны імкнуцца зрабіць так, каб мы баяліся. Мэта выпадковых рэпрэсій — гэта і ёсць нагнятанне страху ў грамадстве, гэта павінна стрымліваць палітычную мабілізацыю. Каб цана палітычнага дзеяння была непрымальна высокай для кожнага з нас.
Страх — гэта натуральна, асабліва калі мы бачым, што адбываецца. Пераадоленне страху і працяг палітычнага жыцця — гэта якраз тое, чаго баяцца беларускія ўлады.
Мы не можам нічога зрабіць з рэпрэсіямі — у нас няма такіх магчымасцей. Але супрацьстаяць страху ў нашых сілах. І не толькі супрацьстаяць страху, але і падтрымліваць іншых людзей, выказваць салідарнасць з тымі, хто працягвае палітычную актыўнасць.
Таму што наперадзе нас чакаюць мясцовыя выбары. Асабліва калі яны будуць сумешчаныя з нацыянальным рэферэндумам па змене Канстытуцыі, гэта стане новым перыядам у палітычным календары, дзе мы можам чакаць масавай мабілізацыі, — лічыць Андрэй Ягораў.