Спецдакладчыца ААН: у Беларусі сілавікі катавалі людзей — і супраць іх ёсць доказы

Французская экспертка, спецдакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марын распавяла, як рыхтуецца яе новы штогадовы даклад пра парушэнне беларускімі ўладамі і сілавікамі правоў чалавека, ужыванне гвалту і катаванняў і якім чынам можна паўплываць на ўлады ў Мінску.

vas_vot_marsh_oct25_20201025_027_logo.jpg

Спецдакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі абвясціла, што рыхтуецца даклад на гэтую тэму, які адлюструе падзеі ў нашай краіне ў 2021 годзе. Анаіс Марын патлумачыла ў інтэрв'ю DW, як будзе праходзіць праца над дакументам і якім чынам можна цяпер паўплываць на стаўленне беларускіх уладаў да захавання правоў чалавека ў краіне.

Анаіс Марын адзначыла, што для падрыхтоўкі штогадовага дакладу для Савета па правах чалавека ААН збіраюцца, вывучацца і пераправяраюцца дадзеныя, атрыманыя з розных крыніц. Сярод такіх крыніц можа быць урад Беларусі, дыпламатычныя місіі ў Мінску, якія дакладна ведаюць, што адбываецца ў краіне, міжнародныя арганізацыі, а таксама беларускія структуры грамадзянскай супольнасці і праваабаронцы.

«Мы пастаянна атрымліваем справаздачы і даклады розных праваабарончых арганізацый, — адзначае Анаіс Марын і дадае: — У гэтым годзе мы публічна абвясцілі, што вітаем атрыманне ад усіх зацікаўленых бакоў матэрыялаў для нашага новага даклада. І цяпер я амаль штодня атрымліваю нейкія заявы, доказы парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і сведчанні ад саміх ахвяр рэпрэсій. Сярод іншага, ёсць і відэа з доказамі».

Спецдакладчыца ААН па правах чалавека нагадала, што 17 краін-чальцоў АБСЕ запусцілі так званы «Маскоўскі механізм» для вывучэння становішча ў Беларусі.

У лістападзе 2020 года быў апублікаваны даклад па Беларусі, у якім «зафіксаваныя ўсе парушэнні, якія былі да, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, і дадзеныя рэкамендацыі — не толькі для ўрада Беларусі, але яшчэ і для ўсіх дзяржаў-сябраў АБСЕ. Цяпер толькі іх палітычная воля можа дапамагчы паляпшэнню сітуацыі».

Анаіс Марын сказала, што яна таксама разлічвае на тое, што пракуроры ў іншых краінах у рамках універсальнай юрысдыкцыі завядуць крымінальныя справы супраць тых беларускіх сілавікоў, якія пасля выбараў парушалі закон і здзяйснялі такія сур'ёзныя злачынствы, як катаванні: «У нас ёсць доказы, мноства сведчанняў пра гэта. І пацярпелыя маюць права на справядлівае правасуддзе, якое ў самой Беларусі, на жаль, цяпер немагчымае».

Спецдакладчыца ААН адзначыла, што беларусы, якія зведалі гвалт і здзекі з боку ўлады і сілавікоў, маюць права на расследаванне іх спраў менавіта за мяжой. «Зразумела, пакуль тыя, хто парушаў закон, ужываў катаванні, застаюцца ў Беларусі, нічога з імі не здарыцца. Але працэсы ў рамках універсальнай юрысдыкцыі хоць бы пакажуць, што ўвага міжнароднай супольнасці да становішча ў Беларусі не знікла», — адзначыла Анаіс Марын.