«Ён плача, і я плачу...» Маці Дзімы Гопты ўпершыню пабывала на спатканні з сынам
5 лютага суд у Жлобіне пакараў калоніяй на два гады 21-гадовага Дзмітрыя Гопту. Нягледзячы на разумовую адсталасць, яго прызналі вінаватым у масавых беспарадках і гвалце над міліцыяй, хоць ніхто не пацярпеў. Свабода пагаварыла з маці Дзімы Вольгай Гопта, якая 16 лютага ўпершыню была на спатканні з сынам у гомельскім СІЗА.
На спатканні Вольга даведалася, што сына трымаюць у камеры на трох чалавек, сукамернікі яго не крыўдзяць.
«Цяжка.. Ён плача, і я плачу... Недзе ён мяне супакойваў, недзе я яго. Ён больш слухаў, пытаўся, як там дома. Казаў, што хоча дахаты... Казаў, што не можа спаць начамі. Дома мы смяяліся, што калі Дзіма дайшоў да падушкі і ўпаў, то яго можна з ложкам вынесці і ён не прачнецца. А цяпер так, на нервах», — кажа маці.
На спатканні Дзіма расказаў, што атрымлівае ад людзей паштоўкі і лісты. Маці прасіла яго ўсім адказваць: «„Ну хоць як напішы. Калі не дасі рады, папрасі каго-небудзь у камеры“. Я думала — будзе горш, але, здаецца, больш-менш», — кажа Вольга.
Яна з адвакатам падрыхтавалі скаргу на прысуд у Гомельскі абласны суд. Вольга спадзяецца, што, можа быць, Дзіму зменшаць пакаранне.
У Дзмітрыя Гопты разумовая адсталасць, дыягназ F70.1, у Міжнароднай класіфікацыі хвароб сказана, што гэта «значнае парушэнне паводзін, якое патрабуе догляду і лячэння». Да зусім самастойнага жыцця Дзіма не прыстасаваны і мае патрэбу ў пастаянным доглядзе
.25 лютага суд Жлобінскага раёна прызнаў Дзмітрыя вінаватым у тым, што 10 жніўня ён каля Жлобінскага ДК удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, кідаў камяні ў бок міліцыянтаў і ў аўтазакі — і прысудзіў два гады калоніі.
Міліцыянты, якія выступалі на судовым працэсе ў ролі пацярпелых, сказалі, што ніякіх пашкоджанняў не атрымалі. Ніякіх відэа- і фотадоказаў таго, што Зміцер рабіў тое, у чым яго абвінавачвалі, таксама ў судзе не было. Так, хлопец яшчэ на этапе следства даў прызнальныя паказанні — але Вольга да такіх паказанняў сына ставіцца крытычна.
— Я не ведаю дакладна, ці быў ён у ДК у той вечар, і не ведаю, ці кідаў ён камень, як яго абвінавачваюць — але ведаю, што сын вельмі ўнушаемы. Што яму скажуць рабіць — тое ён і робіць. Я дапускаю, што ён паўтараў свае паказанні за тымі, хто яму нешта казаў ці абяцаў. Не ведаю. Цяпер ён паўтараў на ўсе пытанні суду: "Так, кідаў".
Экспертыза прыйшла да высновы, што, нягледзячы на праблемы з паводзінамі, хлопец можа адказваць за свае дзеянні — і таму павінен несці пакаранне.
Беларусы стварылі петыцыю з патрабаваннем вызваліць хворага хлопца. Яе падпісалі на гэты момант больш за дзве тысячы чалавек.