Беларусь можа ператварыцца ў велізарны канцлагер, ізаляваны ад усяго свету, калі нічога не зрабіць
Беларускія ўлады парушылі амаль усе правы, выкладзеныя ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.

Хутка Савет па правах чалавека ААН падыме пытанне пра стварэнне механізму для расследавання парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Пра гэта размаўлялі на анлайн-сустрэчы, прымеркаванай да 46-й сесіі па правах чалавека ААН, у якой паўдзельнічала таксама Святлана Ціханоўская, паведамляецца ў яе тэлеграм-канале.
У мерапрыемстве таксама бралі ўдзел спецдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марын, міністр замежных спраў Даніі Епэ Кофад, прадстаўнік Human Rights House Foundation Мэцью Джонс, дэлегацыі краін ААН, у тым ліку ЗША і Вялікабрытаніі, а таксама беларускія журналісты і праваабаронцы.
Святлана Ціханоўская распавяла пра крытычную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Амаль усе правы, выкладзеныя ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека, парушаныя дзейным рэжымам.
«У Беларусі ёсць абавязазкі па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека, але краіна гадамі ігнаравала рэкамендацыі Савета па правах чалавека ААН і Вярхоўнага камісара».
Святлана Ціханоўская распавяла пра ціск на праваабаронцаў і журналістаў, у прыватнасці, пра ператрусы ў офісах «Вясны» і БАЖ. Пра прысуд журналісткам Андрэевай і Чульцовай — па 2 гады турэмнага зняволення — толькі за тое, што яны сумленна выконвалі сваю працу.
Спецдакладчыца ААН па БеларусіАнаіс Марын падагульніла: «Колькасць скаргаў, якія беларусы накіравалі ў Савет па правах чалавека ААН, цяпер самая вялікая сярод усіх іншых краін ААН. Але ўлады застаюцца глухімі да любых заклікаў сусветнай грамадскасці. Беларусь можа ператварыцца ў велізарны канцлагер, ізаляваны ад усяго свету, калі нічога не зрабіць».