Новы закон аб экстрэмізме: каб усе, хто хоць нешта кажа пра ўладу, панеслі крымінальную адказнасць
Хутка можа здарыцца, што абраза або дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады, прадстаўніка ўлады — будзе лічыцца экстрэмізмам. Выходзіць, што ты абразіў не канкрэтную асобу, а ўсю міліцыю.
У праекце закона закона «Аб змяненні законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму» ёсць некалькі асабліва вострых момантаў мяркуе праваабаронца цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч у каментары tut.by.
Напрыклад, цяпер парушэнне парадку
арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў — гэта адміністрацыйнае
правапарушэнне, а аўтары законапраекта прапаноўваюць прызнаваць гэта
экстрэмізмам.
Фармулёўка «распальванне і іншай варожасці»
таксама даволі небяспечная.
— Гэта атрымліваецца, што цяпер, калі злачынствы
будуць адбывацца па матывах «распальванне
варожасці ў дачыненні да іншай сацыяльнай групы», будуць мецца на ўвазе
органы дзяржаўнай улады. У праекце закона яшчэ некалькі разоў падкрэслілі, што
абраза або дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады, прадстаўніка ўлады —
экстрэмізм. Выходзіць, што ты абразіў не канкрэтную асобу, а ўсю міліцыю, —
адзначае Стэфановіч.
— Артыкул «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» мы
даўно падвяргалі крытыцы, ён быў занесены ў КК у канцы 2005 года. З тых
часоў за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь Генпракуратура выносіла толькі два
папярэджанні, крымінальных спраў не распачыналася. Сама канструкцыя артыкула
азначае, што любая крытыка ўлады будзе экстрэмізмам, таму што дыскрэдытацыя — гэта
прадастаўленне ілжывай інфармацыі аб прававым становішчы грамадзян у Беларусі
міжнародным структурам. Гэта значыць, напрыклад, мы кажам, што людзей катавалі,
у тым ліку міжнародным арганізацыям прадстаўляем адпаведныя даклады, а ўлада
кажа, што гэта фэйк. Усё, гэта ўжо дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь. У
прынцыпе, гэта аналаг антысавецкай прапаганды, якая была ў КК СССР, па якой
людзей саджалі ў турму: распаўсюджванне выдумак, якія ганьбяць савецкі лад.
Гэты праект закона створаны проста на злобу дня, каб усе, хто хоць нешта кажа
пра ўладу, панеслі крымінальную адказнасць, у законапраекце ні пра каго не
забыліся, — кажа Валянцін Стэфановіч.
Паводле budzma.by