Гэта закране кожнага: у Сеціва злілі праект закона аб экстрэмізме
Закон аб экстрэмізме могуць прыняць вельмі хутка. І пад гэтае паняцце будзе падпадаць супрацьпраўная дзейнасць СМІ, міжнародных арганізацый і ІП.
У тэлеграм-канале «МотолькоПомоги» выклалі праект змен у закон аб экстрэмізме — ён называецца «Аб змяненні законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму».
Яшчэ нядаўна пачалі хадзіць чуткі, што ў Беларусі хочуць узмацніць крымінальную адказнасць за экстрэмізм, і калі папраўкі прымуць, то пакараюць вельмі многіх, нагадвае The Village. Тады пракурор Беларусі Андрэй Швед у эфіры СТВ распавёў, якія будуць змены: «Гаворка ідзе пра тое, каб дапоўніць некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса нормамі аб тым, што крымінальнай адказнасці будуць падлягаць не толькі арганізатары экстрэмісцкіх фарміраванняў і іх кіраўнікі, але і любыя ўдзельнікі, а таксама асобы, якія аказваюць садзейнічанне экстрэмісцкім фарміраванням, іх фінансуюць і ў любой іншай форме спрыяюць экстрэмісцкай дзейнасці».
Цяпер становіцца больш зразумелым, якія менавіта змены збіраюцца ўнесці:
- Змена трактоўкі паняцця «экстрэмізм». Цяпер пад гэтае паняцце будзе падпадаць супрацьпраўная дзейнасць СМІ, міжнародных арганізацый і ІП.
- ІП, заснавальнікі СМІ і арганізацый, чыя дзейнасць прызнаная экстрэмісцкай, будуць пазбаўленыя права на стварэнне іншых арганізацый на 5 гадоў.
- Будзе створаны спецыяльны рэестр нядобранадзейных грамадзян, у які будуць уключаны ўсе прызнаныя экстрэмісцкімі арганізацыі і фізічныя асобы. Уключэнне ў спіс пацягне за сабой: для замежных грамадзян — забарону на ўезд і права займацца медыцынскай, педагагічнай, выдавецкай дзейнасцю і інш., для грамадзян Беларусі — забарону займаць дзяржаўныя пасады на працягу пяці гадоў з дня адбыцця пакарання.
- Калі на працягу года пасля першага афіцыйнага папярэджання знойдуць падставы для другога — то змогуць закрыць арганізацыю.
- Людзям, якіх прызналі «экстрэмістамі», на 5 гадоў будзе забаронена: здзяйсняць фінансавыя аперацыі на суму звыш 2.000 базавых велічынь без праходжання асаблівага кантролю, займацца медыцынскай, педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю. А замежнікі (тыя, хто атрымаў грамадзянства РБ) могуць быць пазбаўленыя грамадзянства і дэпартаваныя.
- КДБ зможа прызнаваць «экстрэмісцкай» дзейнасць незарэгістраваных супольнасцей.
- Экстрэмізмам будуць лічыцца і дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады і кіравання, прадстаўніка ўлады.
- Экстрэмізмам прызнаюць распальванне розні або варожасці, у тым ліку супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці, маёмасці, здароўя, асабістай свабоды, гонару і годнасці асобы, укладу сямейных адносін.
- А яшчэ перашкода законнай дзейнасці дзяржаўных органаў, у тым ліку ЦВК і камісій, а таксама «законнай дзейнасці» службовых асоб або камісій;
- Асобна ўносяцца ў закон паняцці «нацызму» і «экстрэмісцкай атрыбутыкі і сімволікі», пад вызначэнне якіх можа патрапіць БЧБ-сімволіка і пратэсныя ідэі і лозунгі.
- Прадастаўленне грашовых сродкаў на так званае «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» — таксама будзе лічыцца экстрэмізмам.
- Дададзена паняцце «неанацызм».
- З'явіўся артыкул 6-1. «Забеспячэнне прыватнасці персанальных дадзеных аб службовых асобах суб'ектаў процідзеяння экстрэмізму»
- «Выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, малюнкаў або сімволікі, якія з'яўляюцца нацыянальнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, з мэтай прапаганды экстрэмізму, заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці забараняецца і цягне адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі».
Паводле www.the-village.me