«Гэта фіяска!» Як «зашкварны прапагандыст» Азаронак з’ездзіў агітаваць студэнтаў

«Было не сумна». Рыгор Азаронак прыехаў з «лекцыяй» да студэнтаў у Магілёў, а тыя не сталі маўчаць. «Палітхвілінка» ператварылася ў гарачую спрэчку, калі студэнты сталі задаваць гасцям «нязручныя пытанні».

_fota_aryny_sjankevicz__2__logo.jpg


Прапагандыст Рыгор Азаронак разам з намеснікам старшыні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Андрэем Басаком з'ездзілі на сустрэчу са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, пра тое, што было далей, піша «Люстэрка».

Звычайная «палітхвілінка» ператварылася ў гарачую спрэчку, калі студэнты сталі задаваць гасцям «нязручныя пытанні». Рэпартаж пра сустрэчу з «зашкварным прапагандыстам» апублікавала газета адміністрацыі Лукашэнкі «СБ». Вось кароткі пераказ таго, што здарылася.

Супрацоўніца «СБ» Алена Казлоўская ў самым пачатку свайго матэрыялу адзначыла, што адна з удзельніц сустрэчы — студэнтка Дар'я Саітава — навінамі не цікавілася, прозвішчаў спікераў не ведала, а да Азаронка прыйшла толькі для таго, каб не ісці на лекцыю па прадмеце.

«Міні-апытанне, праведзенае Андрэем Басаком на пачатку сустрэчы, засведчыла: пазіцыя многіх студэнтаў сфарміравана шмат у чым дзякуючы «Інтэрнэту ў шырокім сэнсе слова». У аўдыторыі на 180 месцаў знайшлося ўсяго некалькі чалавек, якія глядзяць тэлевізар, з іх толькі два — навінавыя праграмы. Астатнія чэрпаюць інфармацыю «з тэлефона», не ўнікаючы ў крыніцы і тэматыку», — адзначыла аўтар артыкула.


У самым пачатку сустрэчы Рыгор Азаронак распавёў студэнтам, што інтэрнэт вынайшаў Пентагон, каб выпускаць «не мультики или другую развлекуху, а оружие», а затым перайшоў да сваёй любімай тэмы — «інфармацыйнай вайны».

— Ды насамрэч нікому верыць не трэба, у тым ліку і вам, — данеслася з аўдыторыі. — І тут, і там суцэльная прапаганда!

— Тады давайце разбірацца з мэтамі. Дзяржава імкнецца, каб вы спакойна вучыліся, працавалі, стваралі сем'і і адчувалі сябе ў бяспецы. А апаненты дзяржавы чаго хочуць — дэмакратыі, «перамен»? А чаго хочаце вы? — заявіў Азаронак, аднак не патлумачыў, што ж дрэннага ў дэмакратыі і пераменах.

Затым размова перайшла да канфлікту ва Украіне. Як адзначыла Алена Казлоўская, «мяркуючы па змесце пытанняў», многія студэнты лічаць завадатарам вайны «расійскага прэзідэнта».

— У нас у ВНУ з'явіўся прарэктар па бяспецы, навошта ён нам? — перайшлі на мясцовы ўзровень праблемы студэнты.

— Сёння Беларусь — прыфрантавая дзяржава, — растлумачыў прапагандыст. — І ў вас цяпер ёсць чалавек, на якога ўскладзена адказнасць за тое, каб з вамі было ўсё ў парадку. Гэта дрэнна? Ці вы не чыталі пра страшныя выпадкі расстрэлаў дзяцей і педагогаў у ЗША, Расіі? Вы ж не хочаце, каб з вамі такое здарылася?

Хтосьці з залы згадаў, што «ў нашай краіне за лайкі садзяць». У адказ Азаронак папрасіў прывесці прыклад. Мяркуючы па публікацыі ў «СБ», з ходу ніхто прапагандысту не змог даць фактуру.


— Бачу, зноў начыталіся тэлеграм-каналаў. За лайкі або шкарпэткі ў нас не саджаюць. Але калі хтосьці лайкае пасты і каментары, дзе ўтрымліваюцца пагрозы забіць прэзідэнта або «ябацек», ён тым самым выказвае гэтаму сваё адабрэнне, так? Тады лагічна, што ім могуць зацікавіцца. І, магчыма, потым знойдуць нешта больш сур'ёзнае. І адпаведныя рэсурсы гэта ў загаловак вынесуць — «за лайкі» — і ўсе завохкаюць, — распавёў Рыгор Азаронак.

— А якая розніца наогул, дзе ў інтэрнэце выказваць сваё меркаванне? Ну напісаў — і што? — справядліва адзначыла адна дзяўчына.

— Адзін дзядзька — нармальны, другі — педафіл: ёсць паміж імі розніца, калі яны абодва даюць цукерку? — адказаў на канкрэтнае пытанне дзіўнай аналогіяй Азаронак.

Як адзначаецца ў публікацыі «СБ», па выніках сустрэчы з Азаронкам «скептычна настроеная спачатку» другакурсніца Дар'я Саітава прызналася, што «было не сумна».

«А яшчэ з дзясятак яе аднагодкаў сышлі з залы толькі пасля таго, як сфатаграфаваліся з «зашкварным прапагандыстам», з якім ужо цяпер асабіста знаёмыя», — падвяла вынік мерапрыемства супрацоўніца «СБ».