«Не стрымалася і дала яму поўху». Судзяць Вольгу Калацкую, якая ўдарыла Азаронка (абноўлена, фота)

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 23 сакавіка пачынае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомай перакладчыцы і выкладчыцы англійскай мовы Вольгі Калацкай. Яе вінавацяць у злосным хуліганстве (ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК): нібыта Вольга падчас адной з акцый пратэсту ўдарыла супрацоўніка СТБ Рыгора Азаронка.

Тут і далей — фота Аляксандра Васюковіча

Тут і далей — фота Аляксандра Васюковіча

Максімальны тэрмін пакарання па гэтым артыкуле — да шасці гадоў пазбаўлення волі, адзначае «Вясна».

Справу разглядае суддзя Ала Скуратовіч.

Калацкая была затрыманая 15 студзеня 2021 года падчас заняткаў па англійскай мове.

...На суд прыйшоў і пацярпелы Азаронак. Ён з’явіўся ля залы суду літаральна за хвіліну да пачатку працэсу.

Зала запоўненая — падтрымаць Калацкую прыйшлі сябры, вучні, журналісты і літаратары.

На пасяджэнні Вольга выступае па-беларуску, адзначае «Наша Ніва».

Маладая пракурорка зачытала абвінавачанне. Яно кароткае: 15 лістапада «ў грамадскім месцы […] беспрычынна, адкрыта супрацьпастаўляючы сябе грамадству, наўмысна нанесла не менш за адзін удар па твары Азаронку».

А пасля — яшчэ адзін. Гэтым прычыніла карэспандэнту фізічны боль.

Вольга Калацкая віну прызнала цалкам.

orca_share_media1616492810673_6780062261779709442.jpg

Яна распавяла, што адбылося 15 лістапада.

«Памёр Раман Бандарэнка, я вельмі смуткавала і глыбока спачувала яго маці, якая страціла адзінага сына. У нядзелю 15 лістапада я вырашыла з’ездзіць на Усходнія могілкі. На прыпынку я ўбачыла, што грамадскі транспарт не ходзіць.

Пасля, каля станцыі метро "Пушкінская", я ўбачыла людзей, з якімі размаўляў Азаронак. Ён пытаўся: "Чаму вы сюды прыйшлі? Што вы ведаеце пра яго?

Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі?

Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі?

Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі?"

Не атрымаўшы адказу, Азаронак спытаў: "Як жа вы можаце смуткаваць па Бандарэнку, калі нават не ведаеце яго імя па бацьку?"

Я была абураная — бо было зразумела, што гэта рытарычнае пытанне. Гэта мяне глыбока абразіла, у стане эмацыйнага ўзрушэння я не змагла стрымацца і дала яму поўху, не хацела прычыніць яму боль — гэта быў чыста сімвалічны жэст. Я была глыбока абураная і абражаная тым, што сваімі рытарычнымі пытаннямі ён ставіў пад сумнеў шчырасць смутку людзей».

Гэта адзіны выпадак, які яна памятае, сказала Вольга. Яна кажа, што была ў такім эмацыйным стане і стрэсе, што нават не запомніла, як ўдарыла Азаронка яшчэ раз.

Але прызнае, што бачыла відэа, на якім б’е карэспандэнта СТБ, і пазнала сябе па адзенні.

«Вы выбачаліся перад пацярпелым?» — спытала пракурорка.

«Не», — адказала Вольга Калацкая.

«Жадаеце зрабіць гэта зараз?»

«Калі ён згодны, што спачувае маці Рамана Бандарэнкі — то так. Я хачу ведаць яго пазіцыю, — паведаміла Вольга. — Я шкадую, што я не змагла стрымацца — адназначна. Але выбачэнні залежаць ад таго, ці прызнае Азаронак шчыры смутак людзей і ці спачувае ён маці Бандарэнкі».

Пракурорка не стала цікавіцца пазіцыяй Азаронка на гэтыя тэмы. Адпаведна, абышліся без выбачэнняў.

orca_share_media1616492832086_6780062351590980957.jpg

Даў паказанні і пацярпелы Азаронак.

Ён распавёў, што 15 лістапада «асвятляў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства ў раёне метро "Пушкінская"».

«Там збіраліся людзі, месца было пазначана ў замежным тэлеграм-канале. І людзі збіраліся правесці там дзясятае, здаецца, несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, — сказаў Азаронак. — Да таго, як я пачаў задаваць пытанні, група людзей абступіла мяне і пачала крычаць, нават нецэнзурна.

Я пытаўся ў людзей, чаму яны сюды прыйшлі, з якой мэтай? У тым ліку я ўдакладняў, што яны ведаюць пра Рамана Бандарэнку. Прынізіць людзей ці закрануць іх пачуцці я не хацеў — проста задаваў пытанні як карэспандэнт.

Група грамадзян мяне абступіла, крычалі ў мікрафон. Мяне пачалі хватаць за куртку. Падышла і абвінавачаная, нанесла мне поўху. Гэта ўсё было вельмі хутка, яна адразу адышла.

Пасля відэа гэтага апублікаваў замежны тэлеграм-канал».

Затым натоўп пайшоў у бок вуліцы Чарвякова, Азаронак пайшоў туды ж.

«Натоўп абражаў супрацоўнікаў міліцыі, я гэта асвятляў, пытаўся ў людзей, чаму яны выходзяць на дарогу? У нейкі момант мяне зноў абступілі людзі і тут са спіны падышла абвінавачаная і нанесла мне поўху, я нават не паспеў яе разгледзець», — распавёў Азаронак.

«Можна сказаць, што натоўп дзейнічаў агрэсіўна ў дачыненні да вас?» — спытала пракурорка.

«Так, можна».

«Вы праяўлялі агрэсію?»

«Не».

Азаронак кажа, што заяву на Калацкую не пісаў і ўвогуле не лічыць, што жанчына яго абразіла: «Пра эпізод я забыўся ў той жа вечар. Але ўсім вядомы тэлеграм-канал вырашыў выкласці гэта, пасмакаваць — і органы заняліся справай.

Я хадайнічаў аб спыненні крымінальнага пераследу і настойваў аб спыненні справы. Падтрымліваю гэтую сваю пазіцыю і цяпер».

Вольга Калацкая вядомая тым, што ў свой час пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, «Гладыятар», «Шрэк», «Сямейку Смітаў» ды іншыя.

З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу выступіў Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.

Да затрымання Вольга Калацкая жыла ў Мінску з 89-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд. Цяпер дапамагаць маці адгукнуліся сябры і вучні Вольгі.