У Валожыне шматдзетнага бацьку арыштавалі на 15 сутак за чырвоную палоску на гаражы
Камунальнікі пасля суда перафарбавалі паласу ў шэры колер. А мужчыну ўжо звольнілі з працы.
19 сакавіка ў Валожынскі
РАУС выклікалі Сяргея Тура, там на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за
тое, што ён нібыта праводзіць пікет у выглядзе пафарбаванага ў БЧБ гаража.
Пасля складання пратаколу яго адпусцілі, але праз некаторы час супрацоўнікі
міліцыі прыехалі да Тура дадому. У гэты час Сяргей быў у паліклініцы.
Міліцыянты там і затрымалі мужчыну, распавядае «Вясна».
Сяргей пазваніў жонцы з міліцыі і
сказаў, што суд над ім адбудзецца ў панядзелак, але жонка так і не змагла
патрапіць на яго: працэс прайшоў фактычна ў закрытым рэжыме. Суд арыштаваў
мужчыну на 15 сутак.
Акрамя таго, пасля суда да Тураў дадому прыхалі камунальнікі
і зафарбавалі чырвоную палоску на гаражы ў шэры колер. Пры гэтым, яны
паведамілі гаспадыні дома, што гэта «бясплатна — у якасці дапамогі як
шматдзетнай сям’і». У Сяргея дома трое непаўналетніх дзетак: 2, 4 і 8 гадоў. Па
словах жонкі, мужчыну ўжо звольнілі з працы.