За значок з «Пагоняй». Супрацоўніка музея ВАВ затрымалі ў метро і арыштавалі на 15 сутак
На судзе міліцыянт сцвярджаў, што мужчыну «забралі з кватэры на прафілактычную гутарку».
29-гадовага супрацоўніка музея Вялікай Айчыннай вайны Юрыя
Куўшынава затрымалі ўвечары 21 сакавіка ў метро на станцыі «Кастрычніцкая».
Увагу міліцыянтаў прыцягнуў значок на заплечніку з гербам «Пагоня». Але ў
Ленінскім РУУСе на яго склалі пратакол за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам
міліцыі», паведаміў тэлеграм-канал «"Вясна" назірае».
У пратаколе напісалі, што Юрыя затрымалі дома за шэсце на
вуліцы Ракасоўскага 17 сакавіка і адвезлі ў Ленінскае РУУС, дзе ён нібыта
аказаў непадпарадкаванне. Але насамрэч яго затрымалі на станцыі метро
«Кастрычніцкая». Там яго спынілі людзі ў цывільным і спыталі пра значок. Потым
да Юрыя падышлі амапаўцы і затрымалі яго.
Справу разглядала суддзя Ленінскага раёна Мінску Юлія
Інчына. Сведка-міліцыянт на судзе паведаміў, што рабіў «кватэрны абыход асоб,
якія ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах», Куўшынава затрымалі дома і
павезлі ў РУУС. Але насамрэч супрацоўнік музея быў на працы і спусціўся ў
метро.
Пасля перапынку ў працэсе Інчына зноўку дапытала сведку
з-за супярэчнасцей, і тады гэты міліцыянт раптам сказаў, што «праз загружанасцб пераблытаў месца затрымання з-за таго, што супрацоўнікам
даводзіцца хадзіць не толькі па кватэрах, але й запрашаць на гутаркі проста на
вуліцы».
Нягледзячы на супярэчлівыя паказанні сведкі, суддзя арыштавала
Куўшынава на 15 дзён.