«А вы чыя мама?» — «Нічыя, я прыйшла падтрымаць вас!» Акцыя ў падтрымку палітвязняў прайшла ў Жлобіне

Атрымалася вельмі кранальна. Людзі сабраліся на пошце, каб даслаць сваім блізкім паштоўкі і грашовыя пераводы.

23zhl1.jpg

— Збіраліся толькі мы, родныя, сустрэцца на пошце, адправіць сваім блізкім аднолькавыя вясновыя паштоўкі і грашовыя пераводы. Але прыйшлі больш за 20 зусім незнаёмых людзей. Я пытаюся: "Чыя вы мама?" Жанчына адказвае: "Нічыя, прыйшла падтрымаць". У мужчыны пытаюся: "Вы чыйсьці бацька?" — а ён кажа, што проста прыйшоў нам дапамагчы і прынёс грошы. Яшчэ адна жанчына проста ледзь не расплакалася, кажа, хацелася б не толькі ліст напісаць, але паехаць у СІЗА і абняць нашых хлопцаў,распавяла «Салідарнасці» мама палітвязня Аляксандра Французава Таццяна.

У цяперашні час праваабаронцамі 12 жлабінчан прызнаныя палітвязнямі, але іх колькасць, упэўненыя землякі, будзе расці. У горадзе працягваюцца суды над удзельнікамі жнівеньскіх акцый пратэсту, якім даюць працяглыя крымінальныя тэрміны.

Падчас гэтай акцыі паштоўкі і грашовыя пераводы адправілі ўжо 15 зняволеным.

— Стараліся выбіраць нейкія душэўныя словы і вершы. Вясна — час перамен і спадзяванняў, — кажуць удзельнікі акцыі.

«Вецер жыцця часам люты. У цэлым, жыццё, аднак добрае. І не страшна, калі чорны хлеб, страшна, калі чорная душа», — гэтыя радкі Амара Хаяма напісалі на паштоўках для сваіх родных і землякоў жыхары Жлобіна.

— Я не стамляюся здзіўляцца таму, колькі вакол аказалася неабыякавых людзей, якія ўсяляк гатовыя нас падтрымаць. Акцыі ў падтрымку праходзяць і ў іншых краінах, нам дасылаюць фотаздымкі, на якіх зусім незнаёмыя людзі з розных краін трымаюць плакаты з прозвішчамі нашых дзяцей, — з натхненнем кажа Таццяна Французава.

— Мне вельмі дапамагаюць родныя іншых палітвязняў, з якімі мы пазнаёміліся. Стараемся не даваць адно аднаму адчайвацца. Я сама, калі накочвае гэты ком, гэты адчай, спыняю сябе тым, што не маю права раскісаць ні ў якім разе, я павінна рухацца далей, — кажа мама яшчэ аднаго палітвязня са Жлобіна Дзмітрыя Гопты Вольга.