Спаленая Хатынь, Заслонаў і Гастэла. Міты Другой Сусьветнай вайны
Трагедыя, што адбылася ў вёсцы Хатынь, не павінна быць забытая, як і падобная гісторыя сотняў іншых вёсак Беларусі. Але разам з тым неабходна рашуча супрацьстаяць прапагандзе, якая 80 гадоў выкарыстоўвае падман у адносінах да гэтага злачынства. Узгадаем таксама і іншыя міты.
Гастэла
Калі ехаць па трасе зь Менску ў бок Радашковічаў, непазьбежна сустрэнеш ля гораду велічную стэлу ў гонар знакамітага подзьвігу Мікалая Гастэлы і яго экіпажу самалёта ДБ-ЗФ.
Пра што кажа старадаўні міт: на 4 дзень нападу немцаў на краіну саветаў, 26 чэрвеня 1941 году, вылецела зьвяно пад камандаваньнем капітана Мікалая Гастэлы, якое складалася з двух цяжкіх бамбардыроўшчыкаў ДБ-3Ф. Другім самалётам кіраваў старшы лейтэнант Фёдар Вараб’ёў, у якасьці штурмана зь ім ляцеў лейтэнант Анатоль Рыбас. Мікалай Францавіч Гастэла разам з трыма іншымі чальцамі экіпажу быў адпраўлены вайсковым кіраўніцтвам на зьдзяйсьненьне баявой задачы ля Маладэчна і Радашковічаў. Падчас гэтага самалёт Гастэлы быў падбіты і меў толькі адну пэрспэктыву – разьбіцца аб зямлю. Экіпаж прыняў рашэньне аб тым, што пазьней будзе агучана як «подзьвіг» — бамбардыроўшчык быў скіраваны ў танкавую калёну ворага і такім чынам разам з сабою забраў на той сьвет жыцьці іншых немцаў, а таксама была зьнішчаная варожая тэхніка.
Згодна з рапартам Вараб’ёва і Рыбаса, самалёт Гастэлы загарэўся і зьдзейсьніў таран механізаванай калёны варожай тэхнікі. Ноччу сяляне з найбліжэйшай вёскі Дзякшняны вынялі трупы лётчыкаў з самалёта і, абгарнуўшы целы ў парашуты, пахавалі іх побач з месцам падзеньня самалёта. За гэта роўна празь месяц, 26 ліпеня 1941 году, Гастэла пасьмяротна быў абвешчаны героем СССР. Пры гэтым тры астатнія чальцы экіпажу доўгі час заставаліся ў ценю «галоўнага герою». Толькі ў 1958 годзе яны пасьмяротна атрымалі ордэны Айчыннай вайны.
Што кажуць факты. Ужо ў 1951 годзе камуністычнае кіраўніцтва даведалася пра несупадзеньне сапраўднай гісторыі з шырока распаўсюджаным мітам пра Гастэлу, але вырашыла пашыраць і ўзьвялічваць падман. Гэта працягвалася дзесяцігодзьдзямі. Да 10 гадавіны «подзьвігу Гастэлы» прымеркавалі ўрачыстую эксгумацыю і перапахаваньне з ушанаваньнем парэшткаў Мікалая Гастэлы. Але адразу ўсё пайшло ня так.
У магіле не было рэчаў героя СССР, але знайшліся іншыя, што належалі яго калегам — капітану Аляксандру Маславу і радысту Рыгору Рэўтаву, экіпаж якіх зьнік у той жа дзень, калі геройства прыпісвалася Гастэлу.
У гэты ж час ворганы, якія займаліся перапахаваньнем, правялі патаемнае расьсьледаваньне, якое паказала, што ў месцы меркаванага вогненнага тарану Гастэлы пацярпеў крушэньне менавіта самалёт капітана Маслава. Яго парэшткі былі ціха пахаваныя на могілках Радашковічаў, а кавалкі самалёта скіраваныя ў шматлікія музэі прапаганды (гісторыі вайны) у якасьці частак бамбардыроўшчыка Гастэлы.
Паводле баявога данясеньня, самалёт упаў мэтраў за 40 ад зэнітнай батарэі, якая зьбіла яго, прычым няма дадзеных, што ён наогул нанёс ёй якую-небудзь шкоду. Акрамя таго, улічваючы вагу і аэрадынамічныя якасьці ДБ-3Ф, гэты бамбавік нават пры зьнішчэньні аднаго рухавіка практычна губляў кіраваньне. Таму скіраваць яго на якую-небудзь цэль не было ніякай магчымасьці.
А што сталася з сапраўдным самалётам Гастэлы — яго таксама зьбілі ў той дзень, пазьней былі знойдзеныя яго часткі ў балоце ля вёскі Мацкі, у тым ліку дэталі рухавіка з серыйным нумарам. Таксама там быў адшуканы труп, у кішэні гімнасьцёркі якога знаходзіўся ліст ад нейкай спадарыні Скарабагатай. Менавіта такое прозьвішча меў калега па экіпажы Гастэлы.
Згодна з паказаньнямі сьведак з ліку мясцовых жыхароў вёскі Мацкі, адзін чалавек з меркаванага сапраўднага самалёта Гастэлы выкінуўся з парашутам з крыла самалёта, які падаў, і быў захоплены немцамі. Тэхнічна гэта мог зрабіць толькі кіраўнік экіпажу. Таксама ў архіўным сьпісе беззваротных стратаў насупраць экіпажу Гастэлы ёсьць прыпіска:
Што да стэлы-помніка ля Радашковічаў — яна была пабудаваная ў 1976 годзе, то-бок праз 25 гадоў пасьля атрыманьня праўдзівай інфармацыі пра падзеі вайны. Чым большая хлусьня — тым лягчэй у яе паверыць. Вуліцы, помнікі, абзацы ў падручніках — у гонар мітычнага герою вайны. Дарэчы, Мікалай Гастэла пасьпеў яшчэ ў 1940 годзе паўдзельнічаць у агрэсіі савецкай дзяржавы супраць Фінляндыі.
Заслонаў
Яшчэ адна знакавая асоба гераізацыі вайны. Пра што кажа старадаўні міт.
Па-першае, Канстантын Заслонаў займаўся тым, за што зараз у Беларусі абвяшчаюць здраднікам Радзімы — быў рэйкавым партызанам, скідаў цягнікі і не даваў магчымасьці падвесьці асабовы склад разам з тэхнікай і прыпасамі на фронт — да Масквы. Згодна з афіцыйнай вэрсіяй, Заслонаў разам з групай партызанаў за тры зімовыя месяцы 1941 — 1942 гадоў ля Воршы зьдзейсьніў 98 пасьпяховых крушэньняў нямецкіх цягнікоў праз выкарыстаньне так званых вугальных мінаў (замаскіраваныя пад вугаль міны), а таксама было зьнішчана каля 150 паравозаў.
Часьцей чым 1 цягнік на дзень. Ну і яшчэ па 5 паравозаў за адзін каляндарны дзень. Нагадаем, што, згодна з афіцыйнай вэрсіяй, усе дывэрсіі рабіліся па начах, каля адбывалася бамбаваньне чыганачнай станцыі Ворша. Прадуктыўнасьць зашкальвае. А калі ўлічыць, што раніцай яму прыходзілася ісьці на афіцыйную працу ў тое ж дэпо — ну вы разумееце.
У сакавіку 1942 году, згодна з легэндай, Заслонаў разам з групай быў пераведзены ў лес. Канстантын Заслонаў узначаліў партызанскую брыгаду, якая дзейнічала настолькі пасьпяхова, што немцам прыйшлося зьняць з фронту і кінуць на барацьбу зь ёй тры дывізіі войскаў СС. А за галаву Заслонава яны нібыта прызначылі ўзнагароду ў 50 тысяч марак і два маёнткі.
У лістападзе 1942 году Заслонаў загінуў у баі, пасьмяротна атрымаў званьне героя СССР.
Што кажуць факты
Гісторык Барыс Сакалоў адзначае, што, калі б усё гэта было праўдай, забесьпячэньне групы войскаў «Цэнтар» у перыяд савецкага контрнаступу пад Масквой было б цалкам паралізавана, чаго ў рэальнасьці не было. Усе зьвесткі аб посьпехах Заслонава і яго камрадаў грунтаваліся на ўласных данясеньнях … Заслонава, якія мелі мала агульнага з рэчаіснасьцю. У лепшым выпадку з дапамогай маламагутных вугальных мінаў за меньш чым тры месяцы працы Заслонаў і яго людзі маглі пашкодзіць 5-7 паравозаў.
Ніякіх баёў з рэгулярнымі нямецкімі дывізіямі заслонаўцы не вялі. Супраць іх дзейнічала не больш за два паліцэйскія батальёны, якія складаліся пераважна з былых савецкіх ваеннапалонных. Колькасьць забітых партызанамі паліцэйскіх у лепшым выпадку складала некалькі дзесяткаў чалавек, а не больш за тысячу, як сьцвярджаў сам Заслонаў. Таксама няма ніякіх дадзеных з нямецкіх архіваў аб тым, што калі-небудзь была абвешчаная ўзнагарода за галаву Заслонава.
Анатоль Тарас занатаваў успаміны тых, хто яшчэ памятаў партызанаў Заслонава ў 90-я гады. Відавочцы распавялі, што заслонаўцы «абрабавалі вёску і п'янствавалі ў лясной вартоўні непадалёк ад вёскі».
Хатынь
Трагічная старонка беларускай гісторыі была па-майстэрску выкарыстаная камуністычнымі прапагандыстамі ў сваіх мэтах.
Напачатку выразна засьведчым свой боль і скруху ў сувязі з гэтым вайсковым злачынствам. 149 мірных жыхароў былі спаленыя жыўцом, сама вёска не была адбудаваная пазьней, каб яшчэ больш нямым крыкам крычаць пра злачынства.
Ці задумваліся вы калі-небудзь, чаму менавіта гэтая спаленая вёска стала сымбалем сотняў іншых зьнішчаных падчас вайны населеных пунктаў Беларусі? Ці задавалі вы сабе пытаньне, хто гэта зрабіў?
Напэўна, самым відавочным адказам можа быць наступны: немцы спалілі вёску з жыхарамі, а ахвяраў было так шмат, што лягічным стала вечная памяць аб гэтым злачынстве.
Аднак давайце паглядзім, што ж было насамрэч.
Трагічных гісторыяў зь вёскамі было безьліч, і ахвяраў было, на жаль, і яшчэ больш за адзін канкрэтны выпадак. А спалілі вёску нават не немцы, а такія ж савецкія людзі, якія ўваходзілі ў 118-ты паліцэйскі батальён.
21 красавіка 1943 году чырвоныя партызаны каля Хатыні зьдзейсьнілі засаду і напад на два ўзводы 118-га батальёна паліцыі. У выніку нападу загінулі трое паліцэйскіх і двое нямецкіх жаўнераў, у тым ліку камандзір роты гаўптштурмфюрэр Ганс Вельке, які быў алімпійскім чэмпіёнам 1936 году. Паранены камандзір узводу Мялешка аддаў загад зьнішчыць партызанаў. Падчас пагоні нямецкія часткі наткнуліся на 30 лесьнікоў з вёскі Козыры і забілі іх, прыняўшы за партызанаў.
Пасьля аперацыі партызаны не адышлі ў лес, як мусілі, але спыніліся ў той самай бліжэйшай вёсцы — Хатынь. Аб нападзе на паліцыю было дакладзена нямецкай арміі, і было вырашана правесьці зачыстку вёскі. Загадам кіраўніка паліцыі і СС Генэральнай акругі «Беларусь» обэргрупэнфюрэра Курта фон Готберга вёска была прызнаная партызанскай базай і прынятае рашэньне аб яе ліквідацыі.
Паводле савецкай вэрсіі, сялянаў сагналі ў драўляны хлеў памерам 12 на 10 мэтраў, зачынілі дзьверы, накрылі саломай і падпалілі. Тых, хто спрабаваў выбрацца, расстрэльвалі аўтаматчыкі. Такім чынам былі забітыя і спаленыя жыўцом 149 жыхароў вёскі Хатынь, у тым ліку 75 дзяцей, у жывых засталіся адзінкі.
Па вэрсіі сучасных гісторыкаў, адбылося наступнае: спальваньне вёскі Хатынь разам зь яе жыхарамі было непасрэдна справакавана дзеяньнямі жаўнераў партызанскай брыгады «Народныя мсьціўцы» пад камандаваньнем Андрыянава, як сцьвярджае Іван Дарэйка.
У чэрвені 1942 году ў Кіеве быў сфарміраваны 118-ты батальён ахоўнай паліцыі з ліку вайсковых палонных чырвонаармейцаў. Батальёнам камандаваў немец Эрых Кёрнэр, яго намесьнікам быў Канстантын Смоўскі. Аперацыі, замест немаладога ўжо Кёрнэра, праводзіў 27-гадовы Рыгор Васюра, кіраўнік штабу батальёну, былы старшы лейтэнант Чырвонай Арміі.
Дарэчы, судзілі Васюру пасьля вайны некалькі разоў. Першы раз за супрацу з немцамі ў 1952-м на 25 год, але ён выйшаў па амністыі ўжо ў 1955-м. Па вызваленьні Васюра даслужыўся да намесьніка дырэктара саўгаса на Кіеўшчыне, атрымліваў узнагароды і граматы за старанную працу. Больш за тое, карнік выдаваў сябе за змагара з фашызмам і франтавіка — афіцэра сувязі. Кажуць, нават вучыў піянэраў патрыятызму. Імя яго ўсплыло цягам працэсу Мялешкі ў 1974 годзе, самога Васюру асудзілі ў 1986-м за ўдзел у забойствах агульнай колькасьцю больш за 300 чалавек і расстралялі ў 1987-м.
Таму, напрыклад, на суд да Васюры ў 1986 годзе журналістам савецкіх выданьняў уваходзіць спачатку дазволілі, а пасьля — забаранілі.
Вернемся і да пытаньня выбару вёскі паміж астатнімі.
Савецкі бок пачаў спэкуляваць розьніцай у назвах яшчэ ў 1945 годзе, у прыватнасьці, 18 кастрычніка таго ж году на Нюрнбэргскім працэсе СССР высунуў нямецкім нацыстам абвінавачаньне ў забойстве польскіх ваеннапалонных у Катыні. Паколькі аргумэнтаў у пацьверджаньне гэтай вэрсіі не было прыведзена, генэрал Рудэнка паспрабаваў патлумачыць «памылку» савецкіх пракурораў: «Мелася на ўвазе спаленая немцамі беларуская вёска Хатынь».
Чакаць прызнаньня ў масавым вынішчэньні польскай эліты ў Катыні ад камуністаў прыйшлося аж да 1990 году.
Час адмовіцца ад іншых мітаў той вайны надышоў.
Васіль Быкаў у размове з журналістам Юрасём Залоскам выказаў наступную думку, якой бы мы і жадалі скончыць гэты артыкул:
— Тое, што мы называлі калябарацыянізмам і калябарантамі і адпаведна да іх ставіліся, як цяпер бачыцца, было куды больш складаней. Існавалі і калябаранты, і калябарацыя — даволі значныя на Беларусі. Я заўсёды пра гэта гаварыў. Калі ў Беларусі было каля мільёну партызанаў і яны ваявалі, дык з кім яны ваявалі? Гэта камуністы рабілі такую падмену, што, маўляў, партызаны ваявалі быццам з немцамі. На самой справе якія немцы — у той час як фронт стаяў пад Масквой?.. Немец быў у лепшым выпадку адзін на раён, у раённай адміністрацыі. З кім жа тады ваявалі шматтысячныя партызанскія арміі? Зразумела, з кім — з паліцэйскімі фармаваньнямі, каторыя, як і партызанскія злучэньні, рэкрутаваліся з беларусаў альбо з суседзяў — літоўцаў ці ўкраінцаў. Гэта ж атрымалася абсалютна спантанна — Хатынь.
Трагедыю Хатыні спрабавалі аднесьці на рахунак немцаў, а папраўдзе яе спаліў канкрэтны 118-ы ўкраінскі паліцэйскі батальён. Дык вось, што датычыць калябарацыі: прыблізна столькі ж, колькі партызанаў, было і калябарантаў. І тое, што тут адбывалася, мела ўсе прыкметы грамадзянскай вайны. Нямецкія рэгулярныя войскі ў гэтую справу ўлезлі тады, як фронт падышоў к Полацку. Тады яны акружылі і зьліквідавалі ўсю партызанскую зону.
«Прарыў» — гэта эўфэмізм: разгром быў заменены на «прарыў». Які прарыў? Прарваліся рэшткі… Немцы ўмелі гэта рабіць, гэта не Чачня, партызаны для іх не ўяўлялі ніякай небясьпекі… Яны іх акружылі і задушылі меней чым за месяц. Рэшткі, каторыя прарваліся з блакады, пасля хаваліся ў Селіцкай пушчы, я пра гэта пісаў. У густых хвойках яны прывязваліся рамянямі да вершалін і там сядзелі. Ды немцы пусьцілі сабак, каторыя аблайвалі дрэвы. Немец падыходзіў і даваў уздоўж ствала некалькі чэргаў… Пасьля вайны, у 1947 годзе, калі я прыязджаў на радзіму, на тых хвойках яшчэ бялелі партызанскія косьці, абгладаныя вараньнём…