«Краіна для жыцця». З 2010 года ў Беларусі зачынілася кожная пятая школа

З 2010 года ў Беларусі зачыніўся кожны дзясяты дзіцячы сад і кожная пятая школа. На траціну знізілася колькасць устаноў прафесійнай тэхнічнай адукацыі, зачынілася пяць ВНУ. Рост адбыўся толькі сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі — з 214 у 2010 годзе да 221 у 2022 годзе.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo_1.jpg


Памяншэнне колькасці ўстаноў адукацыі — працэс з аднаго боку аб'ектыўны. У выніку дэмаграфічных праблем у Беларусі зніжаецца колькасць дзяцей і моладзі. З 2010 па 2022 год у садках дзяцей стала на 2% менш, колькасць навучэнцаў ва ўстановах прафтэх адукацыі скарацілася на 43%, у ССНУ — на 35%, ВНУ — на 49%. Затое колькасць школьнікаў вырасла на 14%, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

І тут важна памятаць, што сфера адукацыі з'яўляецца вельмі ўразлівай з пункту гледжання фінансавання. Адукацыя, нароўні з аховай здароўя, з'яўляецца найбольш затратным артыкулам бюджэту Беларусі. На школы, сады, ВНУ ў кансалідаваным бюджэце выдаткоўваецца прыкладна кожны шосты рубель. У 2023 годзе сумарна са сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў гэта — 10,3 млрд рублёў.

Пры гэтым колькасць устаноў адукацыі ў краіне апошнім часам істотна скарачаецца.


Пакуль Беларусь валодае высокім чалавечым капіталам, аднак для яго падтрымання на належным узроўні і развіцця патрабуюцца фінансавыя і чалавечыя рэсурсы. Фінансавых рэсурсаў у дзяржавы становіцца ўсё менш. Гэта асабліва відавочна на рэгіянальным узроўні, дзе колькасць устаноў адукацыі скарачаецца ў мэтах эканоміі хранічна дэфіцытных мясцовых бюджэтаў. Праблемы з якасцю адукацыі таксама даюць пра сабе ведаць — заробкі ў сферы адукацыі самыя нізкія сярод ключавых сфер эканомікі.

Па выніках лютага ніжэй сярэдняй па краіне былі заробкі ў такіх ключавых сферах эканомікі як ахова здароўя (1495 рублёў супраць сярэдняй у 1688 рублёў), гандлі (1473 рублёў), сельскай гаспадарцы (1271 рубель) і адукацыі (1216 рублёў).

Лячыць і вучыць, на жаль, па-ранейшаму даводзіцца за ідэю.