Эксперт: «У Беларусі 24 працэнты вучняў можна выкрасліць з эканомікі»
У 2018 годзе беларускія вучні ўзялі ўдзел у міжнародным даследаванні ведаў PISA. Тады прадстаўнікі сістэмы адукацыі казалі, што наша краіна паказала вельмі добрыя вынікі. Але ў 2021 годзе ўнутраны беларускі маніторынг паказаў, што сітуацыя нашмат горшая.
Citydog звярнуўся да Сяргея Альшэўскага, настаўніка матэматыкі і эксперта ў галіне адукацыі, які ў свой час працаваў у міністэрстве адукацыі, каб той распавёў, што не так са школьнымі ведамі ў Беларусі і як гэта ўплывае на краіну.
— Толькі лянівы ў 2018 годзе не казаў пра PISA ў Беларусі, — кажа Сяргей Альшэўскі. — Але, на мой погляд, з боку беларускай сістэмы ішоў пасыл, што на міжнародным узроўні па выніках даследавання мы выглядаем вельмі нядрэнна. Хоць на самой справе PISA — гэта не інструмент паглядзець, як мы выглядаем на фоне іншых.
Як мне здаецца, гэта такая дзіўная рыса менталітэту: нам заўжды трэба параўнаць сябе з кімсьці. Але для мяне PISA — гэта хутчэй апрабаваны інструмент, які дапамагае зразумець, што адбываецца ў нас унутры, каб у далейшым рабіць нейкія змены.
Што такое PISA і як праводзіцца гэта даследаванне?
PISA (Programme for International Student Assessment) — міжнародная праграма для ацэнкі адукацыйных дасягненняў вучняў. Простымі словамі, гэта тэст, які ацэньвае функцыянальную пісьменнасць школьнікаў у розных краінах свету і ўменне прымяняць веды на практыцы.
Тэставанне 15-гадовых навучэнцаў паводле PISA ладзіцца раз на тры гады, пачынаючы з 2000-га. Яго мэта — паказаць, наколькі вучні могуць прымяняць атрыманыя веды ў школе на практыцы, лагічна думаць, рабіць абгрунтаваныя высновы, інтэрпрэтаваць інфармацыйныя графікі і дыяграмы.
Тэсты PISA складаюцца з трох асноўных напрамкаў: чытацкая пісьменнасць, матэматычная і прыродазнаўчая пісьменнасць. Пры гэтым кожнае новае даследаванне робіць акцэнт на адзін з іх: напрыклад, у 2018 годзе асноўным напрамкам стала чытацкая пісьменнасць.
Што паказвае кожны з трох напрамкаў даследавання?
Як патлумачыў беларускі Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ), чытацкая пісьменнасць — здольнасць вучня разумець, ацэньваць і выкарыстоўваць тэксты, асэнсоўваць іх і быць уцягнутым у працэс чытання для пашырэння сваіх ведаў і магчымасцяў.
Матэматычная пісьменнасць — здольнасць да матэматычных разваг, да фармулёўкі, выкарыстання і інтэрпрэтацыі матэматычных ведаў для вырашэння задач у розных кантэкстах рэальнага свету.
Прыродазнаўчая пісьменнасць — здольнасць арыентавацца ў пытаннях, звязаных з прыродазнаўчымі навукамі, успрымаць найноўшыя прыродазнаўчыя дасягненні і выкарыстоўваць іх для творчай працы.
Як праходзіла даследаванне PISA ў Беларусі і якія вынікі атрымаліся?
Вучням трэба было прайсці камп'ютарнае тэставанне па чытацкай, матэматычнай і прыродазнаўчай пісьменнасці (на гэта давалі дзве гадзіны) і запоўніць анкеты (35 хвілін).
У даследаваннях удзельнічалі 15-гадовыя вучні 236 устаноў адукацыі. Іх выбар праводзіла незацікаўленая арганізацыя Westat (ЗША). Кантралявалі ўвесь працэс тэставання нацыянальныя і міжнародныя назіральнікі.
Міжнародная справаздача за 2018 год уключала вынікі 79 краін: «Беларусь мае прыстойныя вынікі. Навучэнцы нашай краіны прадэманстравалі дастаткова высокі ўзровень кампетэнцый па ўсіх трох напрамках даследавання», — піша сайт РІКВ.
Калі сталі вядомыя вынікі даследавання, у Беларусі асноўны акцэнт зрабілі на сярэднім бале і на тым, як наша краіна выглядае на фоне іншых. Напрыклад, па чытацкай пісьменнасці мы атрымалі 474 балы (сярэдні агульнасусветны паказчык склаў 454 балы), па матэматычнай — 472 балы (сярэдні агульнасусветны паказчык — 459 балаў), па прыродазнаўчай — 471 бал (сярэдні агульнасусветны паказчык — 458 балаў).
Ці на самой справе ў беларускай сістэме адукацыі ўсё так добра? Спойлер: зусім не
— Уявіце: вы атрымліваеце вынік аналізу крыві і бачыце там нейкія лічбы. Што вы робіце? Пытаецеся, што стаіць за імі, — тлумачыць Альшэўскі. — Але калі вам скажуць, што ў сярэднім гэта нармальныя аналізы ва ўсім свеце, вы ж не вырашыце сваю праблему. Арыенцір на сярэдняе — гэта шлях у нікуды.
У Беларусі пра вынікі PISA казалі так, што не было зразумела, што значаць усе гэтыя лічбы. А каб у гэтым разабрацца, трэба вывучаць пытанне больш падрабязна.
Таму ў першую чаргу звярну ўвагу, што вынікі вучняў размяркоўваюцца па шасці ўзроўнях кампетэнцыі. Каб чытачу было зразумела, тут можна правесці аналогію з працай на станках з праграмным забеспячэннем:
- першы ўзровень — тыя, каго ўвогуле не падпускаем да станка;
- другі ўзровень — могуць працаваць;
- трэці ўзровень — могуць абслугоўваць;
- чацвёрты ўзровень — могуць кіраваць людзьмі, якія працуюць на станках;
- пяты ўзровень — могуць ствараць станкі па ўзоры;
- шосты ўзровень — могуць прыдумляць новае.
Напрыклад, другі ўзровень з'яўляецца асабліва важным, паколькі дзеці, якія па выніках апынуліся на гэтым узроўні і вышэй, здольныя прадэманстраваць (але не значыць, што прадэманструюць) навыкі і кампетэнцыі, якія забяспечваюць іх прадуктыўны ўдзел у жыцці грамадства. Увага: гэта другі ўзровень.
А ў Беларусі, паводле даследавання PISA, ажно 24% вучняў патрапілі толькі на першы ўзровень чытацкай кампетэнцыі (у матэматыцы працэнт прыкладна такі ж) і 29% — на другі.
І я не хачу параўноўваць гэтыя вынікі з іншымі краінамі, я гляджу канкрэтна на нашу сітуацыю: 53% дзяцей дасягнулі 1 і 2 узроўню, і толькі 48% паказалі вынікі вышэйшыя. Ці сапраўды так усё добра ў нас?
— А ці трэба, каб у нас 100% дзяцей патрапіла на вышэйшы ўзровень?
— Вядома, нам не трэба, каб 100% дзяцей маглі прыдумляць новыя станкі — столькі задач у свеце, магчыма, і не будзе. Але да гэтага трэба імкнуцца. Калі мы павысім пяты ўзровень, дзе ты можаш умоўна ўзнаўляць усе гэтыя станкі па ўзоры, гэта ж будзе крута. Мы зможам узяць лепшы вопыт — і тыражаваць яго. Але ў нас пад пытаннем, ці зможам мы 24% навучэнцаў (першы ўзровень) проста падпусціць да гэтага станка, таму іх можна выкрасліць з эканомікі.
І вось што цікава. Беларусь (калі быць дакладным — Нацыянальны інстытут адукацыі) праводзіць уласны маніторынг унутры краіны, які пасля 2018 года стаў больш падобны да PISA. Калі мы паглядзім вынікі за 2021 год, убачым, што 84% 9-класнікаў (гэты ўзрост якраз трапляе пад міжнароднае даследаванне) не дацягваюць да другога ўзроўню па матэматыцы. Прайшло тры гады ад моманту ўдзелу ў PISA — і дадзеныя маніторынгу паказалі яшчэ горшы вынік (прынамсі ў дачыненні да матэматыкі).
Вельмі хацелася б патлумачыць для сябе гэты разрыў у 60% — паміж вынікамі 2018 года і 2021-га. Магчыма, у Беларусі перад правядзеннем PISA ў школах, якія былі абраныя для даследавання, праводзіліся рэпетыцыі: вучні трэніраваліся, рыхтаваліся, вырашалі заданні. У такім выпадку гэта негатыўна паўплывала на чысціню эксперымента: магчыма, вынікі былі б яшчэ ніжэйшыя.
«Паміж гарадскімі ліцэямі і прафтэхустановамі ў вёсках адрыў амаль у 200 балаў»
— На якія яшчэ моманты трэба звярнуць увагу?
— Напрыклад, на розніцу вынікаў даследавання паміж рознымі формамі адукацыі. Як мы ўжо ведаем, у даследаванні прымалі ўдзел 15-гадовыя навучэнцы: з іх 42% — 9-класнікі, 42% — 10-класнікі, астатні працэнт прыпадае на каледжы і ПТВ. І гэты момант для чалавека, які не разумее тонкасці беларускай сістэмы адукацыі, не выклікае ніякага пытання.
Але я скажу так: пасля 9 класа 50% дзяцей сыходзяць у ПТВ і каледжы. І гэта далёка не наймацнейшыя рабяты. Груба кажучы, 2400 чалавек, якія здавалі PISA, — 10-класнікі, 2400 — 9-класнікаў, і менш 1000 — прафтэх. Атрымліваецца, былі ўзятыя ўмоўна тыя, хто мацнейшы, і невялікі адсотак дзяцей больш слабых. І вось вам яшчэ адна магчымасць падцягнуць добрыя вынікі.
Яшчэ адна цікавая дыяграма паказвае, што гарадскія ліцэі, напрыклад, па чытацкай пісьменнасці набралі 551 бал. Але ў гэты ж час установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, набралі толькі 379 балаў. Разрыў у 172 балы.
У справаздачы па даследаванні прапісана: 30 балаў — гэта адзін год навучання, 60 балаў — 2 гады, 90 балаў — 3 гады. То бок, каб дасягнуць узроўня ліцэя, дзецям з прафтэхустаноў трэба вучыцца прыкладна 6 год. І гэта сумна. Вось такія вынікі PISA.
— Як атрымалася, што такі вялікі адрыў паміж горадам і вёскай?
— Гэта атрымліваецца, калі настаўнік працы вядзе матэматыку або фізіку, правярае пячное абсталяванне — робіць усё, што заўгодна, але толькі не вучыць дзяцей.
Праблема ў тым, што ніхто не глядзіць, што гэта за інструмент такі, для чаго ён патрэбен. Усім сказалі, што ў нас усё добра на сярэднім узроўні — і ўсе з’елі. Але што для сучаснага чалавека значыць разрыў у адукацыі ў 6 год? Гэта прорва. У нас вялікая колькасць рабят, якія не здольныя быць задзейнічаны ў эканоміцы, а ім трэба будзе нешта есці, на нешта жыць.
— А ў навінах спрабуюць паказаць, што Беларусь выглядае нядрэнна на фоне іншых краін — 36 месца з 79...
— Так, гэта іх пасыл. Але нават калі мы паглядзім на сітуацыю ў іншых краінах, то ўбачым, што вынікі чытацкай пісьменнасці ў Кітаі — 555 балаў (Беларусь, нагадаю, — 474). Што значыць гэтая розніца ў 81 бал? Што па чытацкай пісьменнасці нашы дзеці амаль на тры гады адстаюць ад кітайскіх дзяцей.
Калі мы і параўноўваем сябе з іншымі краінамі, то трэба вывучаць, якія праграмы яны прымаюць пасля такіх даследаванняў. Напрыклад, трэба глядзець на дынаміку Эстоніі, якая паказвае стабільны рост, трэба размаўляць з іх спецыялістамі. І пры гэтым аб'ектыўна ацэньваць, што адбываецца ў нас, не закрывацца.
Думаю, што ў сярэднім будзе ўсё добра, калі на першым узроўні ў нас будзе менш за 5% рабят, на другім — 10%, а пачынаючы з трэцяга — усе астатнія. Вядома, аб'ектыўна не атрымаецца так, што на шостым вышэйшым узроўні апынецца больш за 5%, але асноўнае размеркаванне павінна быць на трэцім, чацвёртым і пятым. Вось тады мы зможам сказаць, што ў нас усё добра.