Яўген Лівянт: Удумайцеся — больш за палову першакурснікаў у школе былі троечнікамі і двоечнікамі

Калі вучань набраў у суме 250 з 400 балаў па цяперашняй сістэме ацэньвання, то ён моцны троечнік, а то і не вельмі моцны. А цяпер абітурыентаў, якія паступілі ў беларускія ВНУ з 250 баламі і ніжэй, больш за палову, распавядае Яўген Лівянт.

Вядомы рэпетытар Яўген Лівянт падзяліўся чарговымі «нярадаснымі разважаннямі» з нагоды пачатку новага навучальнага года, піша «Будзьма».

Для мяне відавочна, што ўступная кампанія ў ВНУ у нас правалена ўжо другі год запар. Справа нават не ў тым, што пасля падачы дакументаў заставаліся вольныя месцы і «на бюджэце», і «на платным». Паглядзіце, з якімі баламі абітурыенты паступаюць у ВНУ. Любы настаўнік, які рыхтуе да ЦТ, які ў тэме, ведае, што калі малады чалавек набраў у суме 250 з 400 балаў па цяперашняй сістэме ацэньвання, то ён моцны троечнік, а то і не вельмі моцны. Пры гэтым абітурыентаў, якія паступілі ў нашы ВНУ з 250 баламі і ніжэй, больш за палову.

Удумайцеся, больш за палову першакурснікаў, калі рэальна ацэньваць іх узровень ведаў, у школе былі троечнікамі і двоечнікамі.

Паступілі ж не толькі з 250 баламі, але і з 240, з 230, а ў многіх нават менш за 200 балаў. Гэта класічныя двоечнікі. І яны ўсё прыйшлі ў ВНУ. І што будзе далей? Ці яны кінуць ВНУ, таму што не змогуць вучыцца, ці ВНУ іх адлічыць, ці ВНУ будзе цягнуць іх за вушы, каб не страціць спецыяльнасць і дзяржфінансаванне. Любы з гэтых трох варыянтаў з’яўляецца дрэнным, вядзе спачатку да дэградацыі пэўнай спецыяльнасці, пэўнага факультэта або пэўнай ВНУ, а пасля і да яе закрыцця, а вось добрых варыянтаў развіцця падзей у такой сітуацыі няма і быць не можа.

Ёсць цэлая група прычын, якія прывялі да такога выніку. Думаю, што мы, верагодна, засталіся адзінай краінай у Еўропе, а можа быць і ў свеце, у якой абітурыент пазбаўлены магчымасці дыстанцыйна рэгістравацца на ўступныя іспыты, дыстанцыйна атрымліваць вынікі гэтых экзаменаў, пазбаўлены магчымасці дыстанцыйна падаваць дакументы ў ВНУ, пазбаўлены магчымасці падаваць дакументы адначасова ў некалькі ВНУ. Усе гэтыя магчымасці ёсць у нашых жа абітурыентаў, калі яны падаюць дакументы ў ВНУ Польшчы і Расіі (там нашы абітурыенты маюць магчымасць з гэтай мэтай нават карыстацца расійскім сайтам дзяржпаслуг), а таксама Літвы і іншых краін. Акрамя гэтага, у барацьбе за нашых выпускнікоў школ ВНУ суседніх дзяржаў сталі прымаць вынікі нашага ЦТ, улічваць адзнакі з атэстатаў нашых школ, а таксама праводзяць зімой і вясной разнастайныя алімпіяды, якія замяняюць уступныя экзамены. Цікава, што ў адрозненне ад нас, у польскіх і літоўскіх ВНУ па-рознаму ўлічваюцца адзнакі атэстата: адзнакі ліцэяў і гімназій каціруюцца вышэй, чым звычайных школ.

Нагадаю, што яшчэ 10 гадоў таму наша Міністэрства адукацыі планавала ўкараніць электроннае залічэнне з магчымасцю падаваць дакументы адразу ў некалькі ВНУ і нават спрабавала вырашыць гэту праблему. Больш за тое, падставай для ліквідацыі льгот пры паступленні ў ВНУ у сірот, інвалідаў, а таксама дзяцей з сельскай мясцовасці было ўвядзенне электроннага залічэння ў ВНУ, якое ўжо было анансавана.

Прыблізна з 2016 года размовы аб электронным залічэнні ў ВНУ былі спынены і забыты. Не дзіва, што колькасць нашых выпускнікоў, якія выбіраюць замежныя ВНУ для працягу адукацыі, расце з кожным годам: навошта рызыкаваць у канцы ліпеня або пачатку жніўня, маючы роўна адзін шанец, калі можна паступіць вясной ці ў чэрвені, выбіраючы ВНУ з некалькіх варыянтаў.

Што да нізкіх вынікаў на ЦТ у значнай часткі абітурыентаў, то я не лічу правільным забараняць ім вучыцца ў ВНУ. Малады чалавек мог па тых ці іншых прычынах запусціць вучобу ў школе, але да 17-18 гадоў прыярытэты часта мяняюцца і ўзнікае жаданне працягнуць адукацыю. Што рабіць? Адказ на паверхні. У Савецкім Саюзе былі гадавыя падрыхтоўчыя аддзяленні, якія часта называлі «нулявы курс». Цікава, што большая частка абітурыентаў, якія паступаюць у польскія ВНУ, залічваюцца не на першы курс, а на «зяруўку». Года інтэнсіўнага вывучэння прадметаў, неабходных для паспяховай вучобы ў ВНУ, цалкам дастаткова для вырашэння пералічаных вышэй праблем.

Рост колькасці мэтавых накіраванняў у ВНУ таксама з’яўляецца, на мой погляд, адным са спосабаў паляпшэння сітуацыі з уступнай кампаніяй, але пры ўмове, што абітурыенты, якія набралі ў суме менш за 250 балаў, залічваюцца не на першы, а на нулявы курс.

Паўтару, імітацыя навучальнага працэсу ў ВНУ для студэнтаў, якія не гатовы атрымліваць вышэйшую адукацыю, непазбежна вядзе да падзення попыту на навучанне ў гэтай ВНУ з відавочнымі негатыўнымі наступствамі, а вынікам архаічнай прыёмнай кампаніі, асабліва ў параўнанні з сістэмай залічэння ў суседніх краінах, якая пастаянна мадэрнізуецца, будзе працяг тэндэнцыі росту адтоку нашай моладзі за мяжу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: