«Не судзіце, дык не судзімыя будзеце». Якое пакаранне чакае беларускіх суддзяў за рэпрэсіі?
Кожны трэці суддзя ў Беларусі датычны да палітычных рэпрэсій, адзначаюць праваабаронцы. Суддзі выносяць незаконныя рашэнні, ігнаруюць катаванні і цяжкі стан абвінавачаных. Супраць іх могуць увесці санкцыі і судзіць у ЕС — за злачынствы супраць чалавечнасці.
Праваабаронцы прааналізавалі палітычныя прысуды ў Беларусі і склалі спіс датычных суддзяў, піша «DW».
Суддзі — саўдзельнікі злачынстваў супраць чалавечнасці
Цэнтр права і дэмакратыі Justice Hub падрыхтаваў базу, згодна з якой 216 беларускіх суддзяў удзельнічаюць у рэпрэсіях. Эксперты адзначаюць, што спіс можа быць шырэйшы — не ўсе пастановы судоў пакуль даступны праваабаронцам. Пачынаючы з 2021 года па надуманых прычынах працэсы ўсё часцей праходзяць у закрытым рэжыме, каб схаваць праўду ад грамадскасці. Юрысты цэнтра аналізуюць прысуды на прадмет абгрунтаванасці і законнасці.
«Наша даследаванне паказала, што многія судовыя рашэнні не ўтрымліваюць абгрунтавання і ўсебаковага аналізу рэчыўных доказаў або паказанняў сведак, — падкрэсліваюць эксперты ў каментары «DW». — Суддзі, якія выносяць такія прысуды, павінны ведаць, што іх дзеянні не застаюцца незаўважанымі, іх прозвішчы вядомыя — ім давядзецца сутыкнуцца з персанальнай адказнасцю».
У цэнтры прызнаюць, што ў цяперашніх абставінах складана ўздзейнічаць на беларускіх суддзяў унутры краіны — крымінальныя справы супраць іх з'явяцца толькі пасля змены ўлады. «Але мы лічым важным распаўсюджваць інфармацыю аб удзеле суддзяў у палітычным пераследзе і спадзяемся, гэта пераканае іх прытрымлівацца стандартаў правоў чалавека, — падкрэсліваюць праваабаронцы. — Нам удалося сабраць доказы таго, што суддзі — частка рэпрэсіўнай сістэмы, гэта значыць яны таксама здзяйснялі злачынствы супраць чалавечнасці».
Як можна пакараць суддзяў ужо цяпер?
Ёсць два спосабы, як можна ўздзейнічаць на суддзяў ужо цяпер, мяркуюць эксперты,— гэта санкцыі і суд у адной з краін ЕС у рамках універсальнай юрысдыкцыі. Падрыхтоўка да такіх працэсаў праходзіць у Літве, Польшчы і Германіі. «На сёння 23 суддзі з 216, зафіксаваных у нашай базе, знаходзяцца ў санкцыйным спісе ЕС», — удакладняюць у Justice Hub.
Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр у каментары «DW» адзначыла, што Офіс палітыка супрацоўнічае з Justice Hub і падтрымлівае ідэю аб пашырэнні персанальных санкцый супраць суддзяў. «Мы хочам паказаць суддзям, што грамадства ведае пра тое, што яны парушаюць закон, і не мае намеру з гэтым мірыцца, — падкрэслівае Рыхтэр. — Сабраная праваабаронцамі доказная база спатрэбіцца ў будучыні для прыцягнення да адказнасці вінаватых на нацыянальным узроўні».
З 23 суддзяў, унесеных у санкцыйны спіс, ёсць і тыя, хто падвяргаўся абмежаванням і раней — пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, аднак працягвае выносіць палітычна матываваныя прысуды. Ці можна тады казаць пра эфектыўнасць санкцый?
«Мы не можам адназначна сцвярджаць, наколькі балючы момант для суддзяў тое, што яны не могуць трапіць у Еўрасаюз, — кажа дарадца Ціханоўскай. — Але нам вядома, што суддзі, датычныя да палітычнага пераследу і пакуль не ўнесеныя ў санкцыйны спіс, працягваюць ездзіць, напрыклад, у Літву. Значыць, у іх ёсць такая патрэба, і міжнародная супольнасць павінна адэкватна на гэта адрэагаваць».
Пры гэтым, на думку Крысціны Рыхтэр, абмежаванні не павінны тычыцца сваякоў суддзяў: «Караць можна толькі чалавека, які асабіста здзейсніў злачынства».
А што думаюць самі суддзі?
Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала заявіў, што судовая сістэма працуе «ў вельмі складаных умовах»: «Суддзі апынуліся на піку грамадскага супрацьстаяння. Паколькі цяпер адпаведныя справы працягваюць разглядацца, суддзі адчуваюць гэта на сабе, у тым ліку і санкцыі».
Сілавікі працягваюць маніторыць сацсеткі беларусаў, каб выяўляць там крытычныя каментары і супраць суддзяў — за гэта таксама караюць пазбаўленнем волі. На думку Сукалы, калі ў дачыненні да суддзяў уводзяцца санкцыі, гэта супярэчыць усім еўрапейскім стандартам і прынцыпам незалежнасці правасуддзя. Паводле яго, пад абмежаваннямі цяпер знаходзяцца каля 150 беларускіх суддзяў. Гэта не адпавядае спісу ЕС — у ім пакуль 23 прозвішчы.
Эксперты Цэнтра права і дэмакратыі ў адказ на заяву Сукалы адзначаюць, што цяпер беларускі суд складана назваць незалежным: «Суддзі прызначаюцца іншымі органамі ўлады, што ўжо само па сабе выключае незалежнасць».
Дарадца па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай звяртае ўвагу, што суддзі ігнаруюць заявы абвінавачаных аб тым, што іх катавалі. Акрамя таго, выносяць дадатковае пакаранне ўжо асуджаным палітвязням, калі адміністрацыя калоній «навешвае» ім парушэнні. «Мы спрабуем разбурыць залежную ад рэжыму судовую сістэму, каб пазней выбудаваць незалежны суд, які будзе падпарадкоўвацца закону і стандартам правоў чалавека», — заключае Крысціна Рыхтэр.