Прысуд Раману Пратасевічу і астатнім фігуранты «справы N*XTA» ўступіў у сілу

Галоўнае пытанне: ці доўга будзе заставацца пад хатнім арыштам Раман Пратасевіч, ці цяпер ён трапіць за краты?

raman_pratasevicz_1.jpg

Прысуд у дачыненні да фігурантаў «справы N*XTA» набыў законную сілу. Пра гэта паведамілі расійскім журналістам 18 траўня ў Мінскім абласным судзе.

«Прысуд уступіў у законную сілу, бо не абскарджаны і не апратэставаны», — адзначылі ў судзе.

Прадстаўніца Мінаблсуда распавяла, што «цяпер будуць накіроўвацца дакументы», а ў які момант Пратасевіча перавядуць пад варту — «ніхто сказаць не можа».

Яна дадала, што прысуд яшчэ «толькі ўступіў у законную сілу» і пытанне пераводу блогера, асуджанага да зняволення ў калоніі строгага рэжыму, «будзе вырашацца ў парадку выканання».


Нагадаем, пасля вынясення прысуду пракурорка сказала прапагандыстам, што мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту ў дачыненні да Пратасевіча была пакінута без змены: «Пасля ўступлення прысуду ў законную сілу ў частцы выканання прысуду ён будзе ўзяты пад варту і адпраўлены адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму».

Як пісаў «НЧ», 3 траўня ў Мінскім абласным судзе абвясцілі прысуд фігурантам «справы N*XTA». Суд прызнаў іх вінаватымі па ўсіх артыкулах абвінавачання. Раману Пратасевічу прызначылі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Сцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў.

Раман Пратасевіч быў адзіным, хто прысутнічаў на абвяшчэнні прысуду — ён прыехаў у суд адразу з торбай, бо абвінавачанне прасіла ўзяць яго пад варту адразу пасля вынясення вердыкту. Аднак суд пакінуў ранейшую меру стрымання да ўступлення прысуду ў сілу — хатні арышт. Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзілі завочна.