Азаронак: «Я адчуваю агіду да змагароў, бчбанутых, лібералаў, здраднікаў, быдла»
Прапагандыст Рыгор Азаронак, сынок колішняга галоўнага прапагандыста на БТ, выказаўся з нагоды заявы актывіста Іллі Міронава на яго ў Следчы камітэт.
Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў звярнуўся з просьбай прыцягнуць прапагандыста тэлеканала «СТБ» Рыгора Азаронка да адказнасці за распальванне сацыяльнай варожасці. Пазней з такой жа заявай ён звярнуўся наконт прыцягнення да адказнасці прапагандыста «СБ. Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка, піша «Штодзень».
Заява на Мукавозчыка
Падставай для заявы Іллі Міронава ў СК на аўтара «СБ. Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка стаў матэрыял пад назвай «Уцекачы шакіраваны тым, як жыццё рэагуе на іх намаганні яго разгайдаць».
Міронаў лічыць, што гэтым артыкулам аўтар заклікае да дзеянняў, накіраваных на распальванне нянавісці, варожасці, а таксама зневажанне годнасці групы асоб па прыкметах прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы.
У сваёй заяве ад 14 красавіка Міронаў просіць пачаць праверку ў дачыненні да Мукавозчыка на факт наяўнасці ў яго артыкуле складу злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі, і пры пацвярджэнні яго наяўнасці адкрыць крымінальную справу ў дачыненні да гэтай асобы.
Заява на Азаронка
У канцы студзеня Ілля Міронаў накіраваў у Следчы камітэт заяву з просьбай завесці крымінальную справу ў дачыненні да прапагандыста тэлеканала «СТБ» Рыгора Азаронка.
Нагодай для звароту стаў відэаролік «Азаронак: крок насустрач тым, хто хоча вярнуцца, — гэта сталінскі крок, гэта наймагутнейшая воля Лукашэнкі». У гэтым відэасюжэце Азаронак, на думку Іллі Міронава, учыніў дзеянні, «накіраваныя на ўзбуджэнне нянавісці, варожасці, а таксама прынізіў гонар і годнасць групы людзей па прыкметах прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы».
Але са СК яго заяву перанакіравалі ў МУС.
Нечаканы каментар Азаронка
Адыёзны прапагандыст з «СТБ» пасля з'яўлення навін аб заяве Міронава ў дачыненні да Мукавозчыка вырашыў усё ж выказацца. Зрабіў ён гэта ва ўласцівым яму стылі.
«Так, я зведваю вострую непрыязнасць, якая пераходзіць у нянавісць, пагарду і агіду да сацыяльнай групы, якую можна пазначыць як «змагары, бчбанутыя, лібералы, падзахаднікі, здраднікі, ублюдкі, быдла, марозі, зблеўшы беларускага народа, кончаныя». Гатовы паўтарыць гэта на любым судзе. І распальваць гэтую нянавісць на ўсіх кірмашах», — напісаў Азаронак.
На яго думку, Мукавозчык «нешта падобнае адчувае да гэтай сацыяльнай групы».
Хто такі Ілля Міронаў
Ілля Міронаў вядомы сваёй ініцыятывай «Пішыце лісты», накіраванай на падтрымку палітвязняў. Сам ён напісаў больш за 2500 лістоў. Ініцыятыва была намініравана на Нацыянальную прэмію за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў 2021 годзе.
30 верасня 2021 года Міронаў быў затрыманы ў рамках «справы Зельцэра» за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі айцішніка Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка ў Мінску. Першапачаткова Іллі было прад'яўлена абвінавачанне па арт. 130 КК аб распальванні варожасці. Але падчас следства абвінавачанне не пацвердзілася, і артыкул замянілі на 369-1 КК «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».
Больш за год Міронаў правёў у СІЗА. 24 кастрычніка 2022-га яго асудзілі на 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але вызвалілі ў зале суда, бо дзень у СІЗА прыраўноўваецца да 1,5 у калоніі, і Ілля сваё пакаранне ўжо адбыў. Таксама яму прызначылі штраф у 6400 рублёў.