«Лукашэнка паводзіў сябе як дзед, які баіцца паблытаць імёны ўнукаў»

Як дзяржаўная прапаганда асвятляла сустрэчу Лукашэнкі з Дзянісам Пушыліным у Мінску? Пагаварылі з аналітыкам Media IQ Паўлюком Быкоўскім.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas9_logo_1_logo_1.jpg


— Так і не прагучала, па чыім запрашэнні Пушылін наведаў Мінск. Можна казаць пра інтэрпрэтацыю, у якой такое пытанне нават не ўзнікала. Але насамрэч так візіты не робяцца. Год таму Пушылін прыязджаў у Беларусь, але сустрэцца з Лукашэнкам не змог, яму арганізоўвалі сустрэчы на больш нізкім узроўні ў рэгіёне.Зараз сустрэча адбылася. Ці выставіла такое патрабаванне Масква, мы можам толькі дадумваць, але разам з тым у парадак дня кіраўніка дзяржавы Пушылін трапіў. Адпаведна, ёсць розніца паміж тым, што было раней, і тым, што назіралі зараз.
Другі адметны момант: Аляксандр Лукашэнка ніводнага разу не назваў абрэвіятуру «ДНР», не ўжыў словы «Данецкая Народная Рэспубліка» — ён гаварыў толькі пра Данецк, пра «нашых людзей». Пазбягаў вызначэння канкрэтнай ідэнтычнасці — пра каго ідзе гаворка. Не факт, што гэта нешта азначала, так маглі праяўляцца ўзроставыя праблемы, калі чалавеку складана памятаць усе дэталі, і ён стараецца не называць сваіх унукаў па імёнах — каб не паблытаць. Але не варта выключаць, што такімі нюансамі Лукашэнка хацеў паказаць: маўляў, я не роўня табе, я не гавару пра публічнае прызнанне «ДНР» як незалежнай рэспублікі або «ДНР» як частку Расіі — на гэты конт не прагучала ніякіх заяваў. Канечне, зараз інтэрпрэтатары могуць дазволіць сабе гэта казаць, але Лукашэнка фактычна пазбег непрыемнай для сябе тэмы.


Дзяржаўныя медыя невядома, ці зразумелі тонкія гульні, але збольшага захавалі таямнічасць Аляксандра Лукашэнкі пры гэтых выказваннях. Расійскія медыя, наадварот, наўпрост казалі пра «ДНР», пра «вріо кіраўніка ДНР» і гэтак далей. У беларускіх медыя ні статус Пушыліна, ні што такое «ДНР» не вызначалася; гаварылася, што адбылася сустрэча, «трэба дапамагчы нашым людзям».
Калі дапусціць, што Лукашэнка не проста забываўся згадаць пра «ДНР», а наўмысна не ўжываў гэтую абрэвіятуру, але ён усё-такі выказаў сваё стаўленне, калі казаў пра «наш фронт».
Дзяржаўныя СМІ не падавалі сустрэчу як нешта векапомнае, яна проста прысутнічала ў парадку дня. Я б сказаў, што ў недзяржаўных медыя значэння гэтай сустрэчы надавалася больш, чым у дзяржаўных.
Іншае пытанне, што сустрэча Лукашэнкі з Пушыліным выклікала рэакцыю Кіева, якую дзяржаўныя СМІ пазначылі як даволі значную. Адкліканне пасла Кізіма на кансультацыі ў Кіеў падавалася як несправакаваны крок з боку Украіны, які мае вялікае значэнне, але разам з тым не падавалася як рашэнне, якое прыніжае статус Аляксандра Лукашэнкі. Размовы пра ягоны статус вяліся ў недзяржаўных медыя, пра тое, што ён сустракаўся з тым, з кім ніхто не можа сустракацца, бо: няроўныя.
— Дзяржаўныя медыя ўвязвалі сустрэчу Лукашэнкі з Пушыліным і адкліканне ўкраінскага пасла?
— Незалежныя медыя дакладна ўвязвалі, расійскія медыя — таксама. Мне падаецца, што некаторыя дзяржаўныя медыя ўвязвалі, некаторыя — не, бо ў патоку інфармацыі гэта падавалася асобна.
Пра наступствы сустрэчы дзяржаўная прэса напісала, што трэба нешта аднаўляць — і ўсё. Вялікага значэння гэтай сустрэчы не надавалася.