«Прапагандысты, якія выбралі той бок, не думаюць пра будучыню»
Медыяэкспертка Ірына Сідорская лічыць, што не трэба папулярызаваць прапаганду, запрашаючы яе рупараў да дыялогу, а таксама ствараць контрпрапаганду. Найлепшай працай на будучыню, на думку Сідорскай, будзе якасная журналістыка.
Доктар філалагічных навук, былая выкладчыца журфака БДУ Ірына Сідорская аналізуе, як Салаўёў і Азаронак уздзейнічаюць на свядомасць беларусаў і як можна з гэтым змагацца.
— Мне здаецца, прапагандысты на тым баку, які яны выбралі для сябе, не думаюць пра будучыню, — кажа экспертка ў эфіры «Звычайнай раніцы». — Ім бы дзень прастаяць і ноч пратрымацца — таму яны падманваюць, абражаюць, маніпулююць нашым меркаваннем... Але ствараць контрпрапаганду? Крый божа, дастаткова аднаго Азаронка! Калі ёсць прынцып інфармацыйнай гігіены, то другі Азаронак нам дакладна не патрэбны.
Ведаеце, калі я выкладала на журфаку, была ўпэўнена ўсе гэтыя 20 гадоў, што прапаганда — гэта тое, што мы пакінулі ў мінулым, што было ў Савецкім Саюзе і, за выключэннем асобных элементаў, больш не паўторыцца.
І тое, што прапаганда стала ледзь не галоўным відам інфармацыйна-камунікацыйнай дзейнасці — гэта паказчык такога рэгрэсу, нібы мы жывём не ў 2023-м, а ў 1950-х гадах. Таму што ўжо ў 70-80-я, перад распадам СССР, прапаганда была нашмат танчэйшая і, быць можа, нават больш сумленная, чым стала цяпер.
Сама Ірына Сідорская, дарэчы, сышла з журфака ў 2021 годзе, не чакаючы, ці стануць даносіць калегі ці студэнты на крытычна настроенага выкладчыка, таму не занадта пільна адсочвае, што адбываецца з якасцю падрыхтоўкі беларускіх журналістаў. Але прызначэнне «няпрофільнага» дэкана — кандыдата гістарычных навук, экс-загадчыка кафедры паліталогіі БДЭУ — Аляксея Бяляева яе не здзівіла:
— Гэта ж у рэчышчы ўсяго таго, што адбываецца ў іншых арганізацыях. Сёння зусім не прафесіяналізм — галоўны крытэр прызначэнняў, прасоўвання па кар'ернай лесвіцы, а цалкам іншы прынцып — лаяльнасць.
З іншага боку, калі на ўсім журфаку не знайшлося чалавека, які мог бы ўзначаліць цяперашні факультэт — можа, там не такія ўжо дрэнныя справы? Раз давялося браць не проста «варага» збоку, а чалавека, які ніколі не працаваў у СМІ, у лепшым выпадку выступаў у іх з пэўнай пазіцыяй, якая сёння і патрэбна.
Што тычыцца даносаў, кажа Сідорская, дзяржава іх заахвочвае, таму цалкам магчыма, што той ці іншы студэнт, які не здаў залік, вырашыць засцерагчы сябе і «настукаць» на прынцыповага выкладчыка.
— І журфак у гэтым сэнсе не будзе выключэннем.
Напэўна, з верасня 2020 года даносы — галоўны канал камунікацыі ўлады з народам. Данос паказвае, што народ як быццам бы ўхваляе дзеянні ўлад, таму, думаю, даносы будуць працягвацца. Да таго ж, ёсць і пачуццё страху: калі я не данясу першым, то данясуць на мяне... Сёння не ўдзельнічаць у чымсьці амаральным, гідкім — гэтага недастаткова, трэба паказваць, што ты лаяльны.
З іншага боку, людзям, якія павінны выкладаць журналістыку, у сітуацыі, калі столькі беларускіх журналістаў за кратамі, калі разбураны і крыміналізаваны медыя, а дзяржСМІ ператвораны ў прапаганду — як у такіх умовах спрабаваць нешта выкладаць?
Я сышла адтуль, таму што не хацела нармалізаваць сваёй прысутнасцю ненармальнае. Калі ты прыходзіш і чытаеш лекцыю — ты робіш тое, што адбываецца, легітымным. Паказваю гэтым, што жыццё працягваецца і ёсць нейкая будучыня і ў гэтых канкрэтных студэнтаў, і ў беларускай журналістыкі... А гэта не так.
Калі б мяне пыталіся, ці паступаць сёння на факультэт журналістыкі — адназначна, безумоўна не.
Маладым людзям, якія павінны мець сваё меркаванне і яго адстойваць, а не старацца падладзіцца пад начальства — наколькі ім у прынцыпе бяспечна заставацца ў Беларусі? А ці паступаць — ужо другое пытанне. Я б не раіла.
Ці трэба незалежным медыя ўступаць у дыялог з прапагандай, каб перамагчы яе, што называецца, у сумленнай барацьбе, ці неабходна ствараць сваю павестку? На думку Ірыны Сідорскай, весці дыялог дакладна не варта:
— Па-першае, у прапагандыстаў няма задачы сапраўды абмяняцца думкамі і дасягнуць нейкага кампрамісу. Іх задача — паўплываць на меркаванне і паводзіны людзей. Таму будуць выкарыстаны любыя сродкі: прапагандыст у гэтым дыялогу будзе падманваць, фальсіфікаваць, будзе віхляць, перакручваць факты, «падколваць» вас, абражаць і гэтак далей.
Акрамя таго, кейс Дудзінскага і Талерчыка, якія спрабавалі выйсці на такія дыялогі, паказаў, што прапагандыстаў пачула тая частка аўдыторыі, якая раней ніколі не слухала.
Гэта значыць, робячы такі нібыта «батл», мы дазваляем прапагандзе перайсці на нашу мэтавую аўдыторыю і прыцягнуць да сябе ўвагу, даючы нібыта простыя адказы на складаныя пытанні, дзе «мы добрыя», «наша ўлада добрая». Журналістыка не дае простых адказаў, а дае складаныя, кажа: вось гэта трэба мець на ўвазе, вось гэта, і тут няпроста, і тут супярэчлівыя інтарэсы — і гэта складаней успрымаць людзям.
Прапаганда паразітуе на чалавечым жаданні знаходзіць простыя, эмацыйныя адказы. Як з гэтым змагацца? Проста не глядзець? Так, гэта самае першае дзеянне — націснуць кнопку «выключыць» і не падвяргацца інтаксікацыі далей.
Другое — для журналістаў вельмі важна паказваць фактчэкінг, развенчваць фэйкі і маніпуляцыі прапаганды.
Трэцяе — выбудоўваць уласны парадак дня, а не ісці за прапагандысцкім. Бо той, хто агучыў сваю версію першым, мае прыярытэт — усім астатнім даводзіцца гэтую версію аспрэчваць, прыводзіць дадатковыя доказы. Трэба прасоўваць наратывы і каштоўнасці дэмакратыі, а не толькі факты: калі гвалт — гэта немагчыма, калі чалавек разумее, дзе дабро і зло і што вайна — гэта тое, што ў прынцыпе павінна быць забаронена.
На жаль, чарадзейнай палачкі для барацьбы з прапагандай няма, гэта комплексная дзейнасць, і для гэтага патрэбна не контрпрапаганда, а якасная журналістыка, перш за ўсё. Нам бы хацелася, каб гэта было хутка, але ж рэдка бывае так, каб глядач паглядзеў перадачу і выйшаў іншым чалавекам. Я бачу пазітыўную дынаміку, і галоўнае, што мы рухаемся да мэты.
Паводле «Салідарнасці».