За «стэндапам пра геяў» хаваецца нарастаючы таталітарызм

Экспертка «MediaIQ» Ірына Сідорская прааналізавала выступленне Лукашэнкі, у якім ён закранае прыватнае жыццё беларусаў — геяў, чайлдфры і пытанне нараджальнасці. Добрых высноў, як звычайна, няма.

«Марш роўнасці» ў Кіеве, 2021. Ілюстрацыйнае фота

«Марш роўнасці» ў Кіеве, 2021. Ілюстрацыйнае фота


Выступ Лукашэнкі перад народам і парламентам доўжыўся чатыры з паловай гадзіны. Разам з нявер'ем у поспех украінскага контрнаступлення, адмовай абмяркоўваць палітвязняў, адкрытым задавальненнем ад хуткага валодання ядзернай зброяй спікер прадэманстраваў і ўвагу да тэмы сацыяльных роляў жанчын і мужчын.

Захаванне суверэнітэту і незалежнасці краіны Лукашэнка інтэрпрэтаваў праз неабходнасць забароны прапаганды бяздзетнасці сярод моладзі, заклікаў «больш нараджаць», прычым заклік тычыўся не толькі беларусак, але і прадстаўнікоў рэлігійных канфесій, а таксама без дай прычыны выказаўся па тэме ЛГБТ+.

Пра геяў наогул і ў Адміністрацыі ў прыватнасці

Апошняя тэма выклікала найбольшую цікавасць незалежных медыя. Выданні адзначылі заяву Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі ёсць геі на самых высокіх узроўнях, і яны «залатыя людзі», што Лукашэнка расказаў пра геяў сярод беларускіх чыноўнікаў і ахарактарызаваў іх працу, што расказаў пра стаўленне да геяў у сваёй Адміністрацыі. Медыя досыць падрабязна асвятлілі гэты фрагмент выступу: пазначылі кантэкст (адказ на пытанне кіраўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча пра традыцыйныя каштоўнасці), прывялі некалькі вялізных цытат у супрацьлегласць практыцы замены простай мовы героя журналісцкім пераказам, а таксама акцэнтавалі ўвагу на рэакцыі таго, хто задаў пытанне («у нас тут усе правільныя людзі») і аўдыторыі («яны так гучна ўсе апладзіравалі»), якая дэманструе поўную падтрымку выступоўцы.

Такім чынам, незалежныя СМІ абмежаваліся інфармацыйнымі нататкамі па тэме. Яны адзначылі выкарыстанне Лукашэнкі некарэктнай («лесбіянства») і адкрыта абразлівай лексікі («мярзота апошняя», «вычварэнцы»), акцэнтавалі ўвагу на яго гамафобных поглядах. Тым не менш ні адно медыя не палічыла неабходным распрацаваць тэму глыбей, выкарыстаць інфанагоду для аналітычнай публікацыі, не звярнулася да экспертаў па каментары. У выніку па-за рамкамі грамадскай увагі засталіся вельмі важныя пасылы: «асабістае» (у тым ліку выбар, з кім у прамым сэнсе класціся ў ложак) — гэта насамрэч «палітычнае», і дзяржава плануе дыктаваць беларусам і беларускам, як ім жыць, урываючыся ў іх спальні. Апошняе сведчыць пра перарастанне беларускага дзяржаўнага аўтарытарызму ў таталітарызм, бо імкненне кантраляваць прыватнае жыццё грамадзян — адметная характарыстыка таталітарнай дзяржавы.


Па-за рамкамі грамадскай увагі застаўся аспект, звязаны з больш талерантным стаўленнем Лукашэнкі да жаночай гомасэксуальнасці і прыпісваннем ёй сацыяльных, а не біялагічных прычын («гэта мы з табой вінаватыя», «недапрацоўка мужчын»). Але гэта не павага да жанчын, а звыклае для Лукашэнкі пазбаўленне жанчын суб'ектнасці: маўляў, яны лесбійкі не таму, што такімі нарадзіліся ці зрабілі такі выбар, а таму што «недапрацавалі мужчыны». Лукашэнка падыходзіць з рознымі патрабаваннямі і рознай ацэнкай да жанчын і мужчын, гэта паказчык гендарнага нераўнапраўя. Лукашэнка на адрас жанчын выказваецца мякчэй, бо лічыць іх слабымі і несамастойнымі.

За сэксісцкімі жартамі хаваецца псіхалагічны гвалт

Не акцэнтавалі медыя ўвагу і на выкарыстанні Лукашэнкам класічнага прыёму прапаганды — падзелу на «мы» і «яны». Хоць у сваіх наскрозь супярэчлівых развагах спікер як быццам не крытыкуе і нават хваліць геяў («дай бог не геям так працаваць, як яны», «ні адной не было адмоўнай характарыстыкі, ні адной», «наогул залатыя людзі», «праблем нам не ствараюць»), адначасова ён канструюе свет, які складаецца з дзвюх процілеглых сацыяльных груп. У адной з іх «мы» — правільныя, сапраўдныя, годныя і да т. п.: гэта сам Лукашэнка і тыя, хто яго падтрымлівае. У іншай «яны», геі — няправільныя, штучныя, адмоўныя, не такія, як «мы». У выніку адбываецца наўмысная дэгуманізацыя прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, выкарыстоўваецца мова варожасці, за сэксісцкімі жартамі хаваецца псіхалагічны і вербальны гвалт. З улікам таго, што падобныя дзеянні здзяйсняе камунікатар, які валодае ўладай — сімвалічнай і рэальнай, — негатыўныя наступствы для згаданай сацыяльнай групы, для ўсяго грамадства могуць быць вельмі маштабнымі.

Безумоўна, журналісты не могуць глыбока разбірацца ва ўсіх пытаннях, у тым ліку тых, якія тычацца прадстаўленасці ў СМІ ЛГБТ+, гендарнай роўнасці або прыёмаў прапаганды. Аднак для гэтага і існуюць эксперты: даследчыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, актывісты, якія ў сваіх каментарах звернуць увагу медыя і іх аўдыторый на тыя моманты, што не ляжаць на паверхні. Наяўнасць толькі інфармацыйных публікацый з пераказам навінавай падставы не дае чытачам поўнага ўяўлення пра падзею, пра яе наступствы і сувязь з іншымі дзеяннямі ўлады. У выніку «стэндап пра геяў», безумоўна, прыцягне ўвагу публікі, але толькі ў якасці эмацыйнага трыгера, які дэманструе гамафобію Лукашэнкі, але не як падзея, якая можа мець хуткія негатыўныя наступствы — напрыклад, прыняцце закона «Аб забароне прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў».


Жаданне дзяржавы вызначыць стандарты прыватнага жыцця — гэта прыкмета нарастаючага таталітарызму

Меншую ўвагу ў незалежных СМІ (на жаль, чакана) атрымалі ідэі Лукашэнкі, якія злучаюць суверэнітэт Беларусі з «традыцыйнымі сямейнымі каштоўнасцямі» — у прыватнасці, прапановай забараніць прапаганду бяздзетнасці і заклікам «больш нараджаць», выказаным на адрас не толькі жанчын, але і святароў. Апошнім дасталася яшчэ і за тое, што ў праваслаўных храмах няма лавак для вернікаў.

Медыя чакана адзначылі дадзеныя інфанагоды («Лукашэнка заклікаў ксяндзоў заводзіць дзяцей», «Ад ядзернай зброі да лавачак у цэрквах. Лукашэнка выступіў з пасланнем да народа»), аднак MediaIQ не знайшло аніводнай публікацыі, прысвечанай ініцыятыве забараніць заклікі не мець дзяцей як умову, якая спрыяе захаванню незалежнасці Беларусі.

На наш погляд, тут ёсць некалькі момантаў, на якія варта было звярнуць увагу.

Па-першае, Лукашэнка падмяняе паняцці: заклікаючы забараніць прапаганду чайлдфры, насамрэч ён хоча пазбавіць кожную жанчыну і кожную пару ў Беларусі магчымасці прымаць самастойныя рашэнні наконт таго, як яны будуць будаваць сваё жыццё, у тым ліку ці будуць заводзіць дзяцей, калі, колькі і г. д. Інтэрпрэтуючы права грамадзян свабодна і свядома прымаць рашэнне аб дзетараджэнні як спробу «аслабіць дзяржаву», Лукашэнка займаецца маніпуляваннем грамадскай думкай.

Па-другое, жаданне дзяржавы вызначыць стандарты прыватнага жыцця — гэта прыкмета нарастаючага таталітарызму. Калі раней мы адзначалі яго ў дачыненні да гомасэксуалаў — параўнальна невялікай сацыяльнай групы, то тут бачым гэтую тэндэнцыю ў дачыненні да ўсіх беларусаў і беларусак. Як апісана ў падручніках па паліталогіі, абмежаванне правоў і магчымасцей пачынаецца з меншасцей, затым пераносіцца на ўсё грамадства.

Па-трэцяе, варта было б звярнуць увагу на заяву Лукашэнкі пра тое, што «сёння ў грамадстве створаны ўсе ўмовы, каб жанчына магла рэалізаваць сябе як маці і як прафесіянал». Любая экспертка ў гэтай галіне — ды і многія маці — прывялі б доказы, якія аспрэчваюць гэтую заяву. На жаль, беларускія жанчыны дзетароднага ўзросту працягваюць сутыкацца з вялікай колькасцю бар'ераў на шляху прафесійнага і кар'ернага развіцця, яны непрывабныя для працадаўцаў: нягледзячы на наяўныя дыпломы і рэальныя навыкі, іх першымі скарачаюць, не прасоўваюць і ў прынцыпе не бяруць на працу. Пра наяўнасць інфраструктуры (паліклінік, дзіцячых садкоў, грамадскага транспарту, публічных месцаў, абсталяваных усім неабходным для дзяцей і іх бацькоў), сеткі якасных і недарагіх паслуг для гэтых груп даводзіцца толькі марыць. Пагадзіўшыся з Лукашэнкам наконт таго, што Беларусі патрэбныя людзі, варта звярнуць увагу аўдыторыі на тое, што дзяржава абавязана стварыць умовы для сваіх грамадзян, пры якіх тыя захочуць мець некалькі дзяцей і змогуць рэалізаваць свае планы.

Па-чацвёртае, варта было б паразважаць пра прычыны імклівага скарачэння насельніцтва Беларусі, якое пагражае нацыянальнаму суверэнітэту. Ці на самай справе гэта следства «эгаізму моладзі», інтрыг геяў і прыхільнікаў ідэалогіі чайлдфры альбо ўнутранай і знешняй палітыкі, якая праводзіцца Лукашэнкам на працягу амаль 30 гадоў? Захаванне бяспекі, законнасці і правапарадку, выкараненне галечы і правядзенне эканамічных рэформ, кансалідацыя нацыі, а не пошук унутраных ворагаў, няўдзел ні ў якіх ваенных канфліктах, Беларусь як бяз'ядзерная зона... Спіс фактараў, што стымулююць нараджэнне дзяцей, можна працягваць, яго сэнс у тым, што нараджальнасць павялічваецца, калі людзі ўпэўненыя ў заўтрашнім дні.


Пры наяўнасці такіх тлумачэнняў эмацыйныя заклікі Лукашэнкі «зрабіць стылем жыцця Беларусі» «паўнавартасную сям'ю з двума і больш дзецьмі», «вялікую, дружную, поўную класічную сям'ю» будуць расшыфроўвацца аўдыторыяй як маніпуляцыі, як пошук простых рашэнняў складаных праблем, уласцівых папулісцкім лідарам.

Па-пятае, якая «прапаганда нетрадыцыйных сексуальных адносінаў» ці бяздзетнасці існуе ў сучаснай Беларусі? Яе няма і ніколі не было, тэма ЛГБТ+ і ў «мірныя часы» была рэдкай госцяй у медыя, грамадскіх дыскусій з нагоды чайлдфры не праводзілася. І гэта таксама прыём дзяржаўнай прапаганды — знайсці слабых супернікаў, якія не валодаюць практычна аніякімі рэсурсамі, абвінаваціць іх у тым, з чым не спраўляецца дзяржава, публічна дэманстраваць барацьбу з імі — і такім чынам зарабляць палітычныя дывідэнды.