Раман Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя» рэабілітаваны — «экстрэмізму» ў ім не знайшлі
Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook былы дырэктар выдавецтва «Беларускі кнігазбор» Генадзь Вінярскі.
«Сёння быў у ГУБАЗіКу. Вынік — забраў рэабілітаваныя кнігі Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя», — напісаў выдавец.
Нагадаем, паўтысячы асобнікаў рамана забралі з дома выдаўца Генадзя Вінярскага падчас ператрусу ў студзені 2021 года. ГУБАЗіК за два гады не знайшоў у творы прыкмет «экстрэмізму».
Раман напісаны ў 2013 годзе, а дзеянне адбываецца ў Маскве 2000-х. Галоўны герой — выкладчык-эмігрант з Беларусі, які патрапляе ў вір выпрабаванняў, што вымушаюць яго нанова спасцігнуць тое, чаму адмова ад індывідуальнай свабоды ёсць такой салодкай.
Сам аўтар патлумачыў, што «Рэвалюцыя» — гэта раман пра ўладу, які пісаўся 12 гадоў. «Але не пра палітычную ўладу, а пра тую глыбінную, асабістую і страшную стыхію, якая вымушае адных аддаваць загады, другіх — падпарадкоўвацца. Пра тую ўладу, прага да каторай так цікавіла Ніцшэ. Калі яшчэ карацей, гэты раман — пра тое, як адзін добры чалавек, паддаўшыся спакусам, пакрысе ператвараецца ў кусок га*на», — казаў Марціновіч.
Раман выдадзены на беларускай мове ў 2020 годзе выдавецтвам «Кнігазбор», на рускай мове ў 2021-м, у тым жа годзе перакладзены і выйшаў на нямецкай.
З пачатку 2021 года беларуская мытня перастала выпускаць за мяжу пасылкі з раманам.
Віктар Марціновіч у 2012 годзе быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў галіне прозы за раман «Сцюдзёны вырай».
У 2014 атрымаў прэмію (Encouragement Award) Еўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі (European Science Fiction Society).