ГУБАЗіК пахваліўся, як «адпрацоўвае» людзей — вінаваты кожны трэці

За месяц у Беларусі супрацоўнікі ГУБАЗіКа «адпрацавалі на экстрэмізм» больш за 700 чалавек.

Ілюстрацыйнае фота. Сілавікі падчас пратэстаў у Мінску ў 2020 годзе.

Ілюстрацыйнае фота. Сілавікі падчас пратэстаў у Мінску ў 2020 годзе.

За месяц ГУБАЗіК прыйшоў да 700 чалавек. Кожнага трэцяга прыцягнулі да адказнасці. Гэтыя 700 небарак трапілі на ўлік «за радыкальныя погляды».

Пра гэта распавёў намеснік начальніка ГУБАЗіКа МУС Беларусі Міхаіл Бедункевіч ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Бедункевіч распавёў, што «зачыстка» праводзіцца па спісе, у які ўключаны беларусы, узятыя на ўлік «за радыкальныя погляды».

У ГУБАЗіКу мяркуюць, што такія «прэвентыўныя мерапрыемствы» не дазваляюць «патэнцыйным радыкалам» пераходзіць да актыўных дзеянняў.


Міхаіл Бедункевіч заявіў, што назіраецца «пэўная эскалацыя экстрэмісцкай дзейнасці ў вясновы перыяд».

«Бачым зварот радыкальных ініцыятыў да грамадзян з дапамогай розных мэсэнджараў з просьбай аказаць рознае садзейнічанне, у тым ліку разведвальнага характару. Мы бачым, што на тэрыторыі Беларусі ёсць і схаваныя ячэйкі, якія па заданні працуюць як на збор інфармацыі, так і на падрыхтоўку розных акцый тэрарыстычнага характару. Таму праца ўсіх праваахоўных органаў будуецца разам на супрацьдзеянні гэтай з'яве», — распавёў прадстаўнік ГУБАЗіК.

Паводле звестак гэтай структуры, за апошні месяц было «адпрацавана больш за 700 чалавек, якія раней ужо былі ўзяты на карандаш за іх радыкальныя погляды». 230 чалавек прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, 155 з іх — за «экстрэмізм».


Паводле «Л*стэрка», «Еўр*радыё»