«Цяпер «жыць у Беларусі» гучыць як дарагое задавальненне»
Улады занепакоеныя не толькі адтокам кваліфікаваных кадраў, але і ўзроўнем разводаў у краіне. Цяпер забароняць скасоўваць шлюбы?
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_belarus_czalavek_halodnaja_vjasna_sum_czakanne__belarus_pryroda_zjablik_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__3__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
У 2018 годзе, паводле звестак Белстата, колькасць разводаў дасягала 48%, у 2021-м — ужо 57%, піша «Нямецкая хваля». Але найгоршы вынік, пачынаючы з 1950 года, зарэгістраваны ў 2020-м — амаль 70%. І гэта адна з прычын скарачэння нараджальнасці.
Судовая практыка паказвае, што ў 70% выпадкаў ініцыятарам скасавання шлюбу выступае жанчына. Пік разводаў прыпадае на 35-45 гадоў. Часцей за ўсё ў суд звяртаюцца жонкі пасля 5-10 гадоў сямейнага жыцця.
Якія асноўныя прычыны? Самая распаўсюджаная — розныя характары і погляды на жыццё. Далей ідзе працяглы раз'езд, у тым ліку з-за працы за мяжой, на трэцім месцы — сямейны гвалт або залежнасць (алкаголь, наркотыкі, гульнявая залежнасць), а таксама страта пачуццяў, пасля гэтага ідзе здрада.
Што прапануюць улады?
Паводле закону, муж і жонка могуць скасаваць шлюб па заяве ў ЗАГСе, калі ў іх няма непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці. Інакш давядзецца ісці ў суд — больш за 60% грамадзянскіх працэсаў тычацца разводаў. У судзе кожнай шлюбнай пары абавязкова даюць тры месяцы для прымірэння, дасягнення пагаднення аб дзецях і агульнай маёмасці. Пасля гэтага суддзя можа даць яшчэ паўгода для прымірэння. Гэта значыць дзевяць месяцаў — максімальны тэрмін.
«У тэорыі суддзя павінен разабрацца, ці можна захаваць сям'ю, зрабіць адносіны мужа і жонкі больш здаровымі, — тлумачыць «Нямецкай хвалі» беларускі медыятар (імя не названа з меркаванняў бяспекі). — Але часта ў суддзяў на гэта проста няма часу. Дапамагчы маглі б медыятары, якія падрабязна высвятляюць пазіцыю бакоў і дапамагаюць выйсці на кампрамісны варыянт, гэта асабліва важна, калі ў сям'і ёсць дзеці. Сямейныя спрэчкі — на першым месцы па папулярнасці ў медыятараў, аднак усё яшчэ мала грамадзян ведаюць пра такую магчымасць».
![Як змяншаецца колькасць насельніцтва Беларусі Ці стануць беларусы народам, які знікае са свету?](/img/v1/images/_belarus_czalavek_halodnaja_vjasna_sum_czakanne__belarus_pryroda_zjablik_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__2__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пленум Вярхоўнага суда прыняў пастанову, дзе пазначана, што кожнай сям'і трэба прадастаўляць мінімум тры месяцы на прымірэнне, інакш скасаванне шлюбу будзе лічыцца несапраўдным. Таксама суддзя павінен пракантраляваць, каб у пазове былі пазначаны аргументы, што сям'я канчаткова распалася, а затым дэталёва вывучыць прычыны і высветліць, ці можна ўсё-ткі прымірыць мужа і жонку. Для гэтага трэба, каб на працэсе былі абодва ўдзельнікі. І расказаць, што можна звярнуцца да медыятара, які дапаможа добраахвотна ўрэгуляваць спрэчкі аб дзецях, маёмасці.
Старшыні судоў будуць трымаць справы аб разводах на асаблівым кантролі. А яшчэ могуць увесці спецыялізацыю для суддзяў, якія разглядаюць такія справы. Дарэчы, развесціся за мяжой для беларусаў стала у чатыры разы даражэй: консульскі збор у гэтым годзе павялічылі да 200 еўра.
Менш разводаў — больш дзяцей?
У Беларусі даволі востра стаіць дэмаграфічная праблема, адзначае сацыёлаг Генадзь Коршунаў. За апошні год краіна страціла 94 тысячы чалавек — гэта амаль 1% насельніцтва, прычыны — нізкія паказчыкі нараджальнасці і прыросту насельніцтва, падвышаная смяротнасць. Сітуацыя пагаршаецца ўзрослай з 2020 года міграцыяй.
«Нізкая нараджальнасць — агульнаеўрапейская праблема, — тлумачыць эксперт. — Чым лепш людзі жывуць, тым больш яны марудзяць з нараджэннем дзяцей, таму важна, якія дзеянні прадпрымае дзяржава. Мы чуем пра падтрымку, але ў дзяржавы не хапае сродкаў на стымуляванне сем'яў. І расцяг працэсу разводу праблему не вырашыць. Вельмі сімптаматычна, што ўлады лічаць, быццам можа вырашыць любую праблему, і адмаўляюць людзям у праве вырашаць, як ім будаваць сваё асабістае жыццё».
![Як дэмаграфія і палітэміграцыя «дабіваюць» беларускую эканоміку Як дэмаграфія і палітэміграцыя «дабіваюць» беларускую эканоміку](/img/v1/images/_samalety___turyzm____belavia__fota_lzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__16__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Гендарная даследчыца Алена Агарэлышава адзначае, што сямейныя канфлікты заўсёды закранаюць дзяцей, таму калі муж і жонка ўжо дайшлі да разводу, не варта штучна захоўваць саюз.
«Мы хочам, каб у дзяржаве проста было як мага больш дзяцей? Ці ўсё ж каб яны былі жаданымі, раслі ў здаровых сем'ях, дзе бацькі любяць і дзяцей, і адно аднаго? — кажа даследчыца. — Разведзеныя бацькі, якія захавалі паважлівыя стасункі і ў роўнай ступені клапоцяцца пра дзіця, значна лепш за тых, хто жыве разам, але працягвае скандаліць. Пік разводаў прыпадае на 35-45 гадоў, а сярэдні ўзрост маці ў Беларусі — 29,6 гадоў, так што разлік на павелічэнне нараджальнасці выглядае непераканаўчым».
На думку эксперткі, дэмаграфічная праблема будзе пагаршацца, у тым ліку праз эканамічны крызіс і рэпрэсіі: «Цяпер "жыць у Беларусі" гучыць як дарагое задавальненне. Акрамя таго, з 2020 года законы даволі ўмоўныя, людзі не ўпэўненыя ва ўласнай бяспецы. У такой сітуацыі вельмі цяжка планаваць дзяцей».