Журналіста і краязнаўцу Яўгена Меркіса судзяць закрытым судом

Працэс над Яўгенам Меркісам праходзіць у Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Яўгену пагражае вялікі тэрмін.

Яўген Меркіс. Фота з сацсетак

Яўген Меркіс. Фота з сацсетак

11 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы журналіста-фрылансера і краязнаўцы Яўгена Меркіса.

Яўгена абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім» (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК), нагадвае «Св*абода».

Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў. На суд Яўгена прывезлі з гомельскага СІЗА-3 у кайданках. За кратамі ён знаходзіцца ўжо 240 дзён.

Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года ў Гомелі. Па месцы жыхарства правялі ператрус, падчас якога канфіскавалі электронныя носьбіты інфармацыі. Да суду Меркіса адправілі ў СІЗА № 3.


Яўген Меркіс асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вёў стрымы з мітынгаў так званых «дармаедаў». Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, суды штрафавалі і адпраўлялі яго на «суткі». Агулам за журналісцкую дзейнасць Меркісу прысудзілі 50 дзён арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.

Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» Яўген займаўся краязнаўчай і гістарычнай дзейнасцю. Праз месяц пасля арышту Яўгена, як пісаў «НЧ», перастаў адкрывацца «Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны», дзе размяшчалася багата ўнікальнай інфармацыі па краязнаўстве і гісторыі рэгіёна. Быў таксама выдалены тэлеграм-канал «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны». Яўген Меркіс быў стваральнікам сайта і тэлеграм-канала. На сайце «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны» можна было прачытаць, напрыклад, пра кніжную культуру Веткі, грамадзянскую вайну 1648-1651 гадоў на Гомельшчыне, назвы посуду і начыння ў гаворках Лоеўшчыны і іншую інфармацыю.

Праваабаронцам вядома, што Яўгена ў СІЗА-3 змяшчалі на чатыры дні ў карцар за тое, што ён нібыта не пагаліўся. Былі ў Яўгена, як і многіх палітвязняў, і праблемы з ліставаннем.