Хронікі рэпрэсій за 10 траўня

Травень у гэтым годзе багаты на судовыя працэсы.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Праваабаронцам стала вядомая дата суда над сынам Віктара Бабарыкі Эдуардам. Крымінальная справа будзе разгледжана Мінскім абласным судом у выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні Мінскага раённага суда. Першае судовае паседжанне адбудзецца 22 траўня. Эдуарду інкрымінуецца шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «ўхіленне ад выплаты падаткаў», «адмыванне грошай», «дапамога ў арганізацыі масавых беспарадкаў» і «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці».

Прысуд заснавальніку «S*mbal.by» Паўлу Белавусу абвесцяць 11 траўня ў 14:30. Пра гэта ў сябе ў Facebook паведаміла яго жонка Кацярына Маковіч. Паўлу інкрымінуюць чатыры артыкулы КК, у тым ліку «дзяржаўную здраду» (ч. 1 арт. 356 КК). Белавусу пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама заўтра, 11 траўня, у Гомелі пачнецца суд над журналістам і краязнаўцам Яўгенам Меркісам. Яму выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Прапаганда экстрэмісцкай дзейнасці»), а таксама ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні»). Суддзя Аляксей Клішчанкоў разгледзіць справу ў закрытым рэжыме.

У Мінскім гарадскім судзе праходзіць працэс над былым інкасатарам «Белгазпрамбанка» і экс-спецназаўцам Янам Папковічам. Ён фігураваў у некалькіх сюжэтах БТ, дзе быў прадстаўлены як «найміт, які збіраецца адправіцца ваяваць ва Украіну». Яму выстаўленае абвінавачанне паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК («Падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў складзе ўзброенага фарміравання»). Пры затрыманні Яна моцна збілі, а яго сабаку застрэлілі.

У палітзняволенага музыкі гурта «Tor Band» Яўгена Бурло за кратамі абвастрылася анкалагічнае захворванне, на якое мужчына пакутаваў яшчэ да затрымання. Ён моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна. Сваякі палітвязня звярнуліся да кіраўніцтва СІЗА з просьбай зрабіць для яго даступнае адэкватнае лячэнне, але ім адмовілі. Яўгена і яшчэ двух удзельнікаў гурта «Tor Band» затрымалі 28 кастрычніка 2022 года.

Затрыманы спартыўны блогер і аўтар тэлеграм-канала «Серебряный век. Футбол Беларуси» Дзмітрый Сельвяструк. Вядома, што ён знаходзіцца ў ІЧУ.

Фігурантаў «справы прафсаюза РЭП»перавялі ў калоніі. Генадзя Фядыніча перавялі ў бабруйскую калонію № 2, Васіля Бераснева — у магілёўскую калонію № 15, а Вацлава Арэшку — у шклоўскую калонію № 17. Яны былі асуджаныя 5 студзеня 2023 года. Фядынічу і Берасневу прызначылі 9 гадоў калоніі, Арэшку — 8 гадоў калоніі.

У Брэсце вынеслі прысуд 37-гадоваму ІТ-спецыялісту Аляксандру Заноўскаму. Яго абвінавацілі ў «публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі» паводле ч. 1 арт. 368 КК — нібыта ён напісаў два каментары пад публікацыямі тэлеграм-канала «БГМ». Суддзя Іна Клышпач прызначыла Аляксандру паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі за кратамі ўтрымліваюцца 1493 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1792 чалавек. Сярод іх — 194 жанчыны і 7 непаўнагадовых. 15 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.