Шрайбман: Самы важны беларускі ўрок — ніякага дна ў рэпрэсій няма
Рэпрэсіі — як газ. Калі ёсць куды пашырацца, яны будуць запаўняць усю даступную ім прастору, пакуль кіруючыя эліты або грамадства не стануць гэтаму супраціўляцца.
Рэжымы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі параўноўваюць ужо даўно. Пасля масавых беларускіх пратэстаў 2020 года і рэпрэсій, якія надышлі за імі, многія загаварылі пра тое, што ў найбліжэйшай будучыні Расія будзе рухацца ў тым жа кірунку.
У 2022 годзе пачалася поўнамаштабная вайна з Украінай — і рэпрэсіі супраць нязгодных з палітыкай Пуціна расіян сапраўды сталі яшчэ больш жорсткімі, чым раней, — і здаецца, гэта толькі пачатак. На просьбу расійскага выдання, прызнанана ў РФ замежныі агентам, беларускі палітолаг Арцём Шрайбман распавядае, праз што ўжо прайшла Беларусь — і што можа здарыцца ў Расіі, калі перамены так і не наступяць.
Навіна пра тое, што палітык Уладзімір Кара-Мурза атрымаў 25 гадоў калоніі, а Аляксея Навальнага, мяркуючы па ўсім, чакае падобны прысуд, выклікаюць страх і здзіўленне ў многіх расіян. Але для беларусаў гэта чарговае пацвярджэнне ўжо класічнага сумнага жарту пра два рэжымы і серыял.
У інтэрв'ю Юрыю Дудзю беларускі комік Слава Камісарэнка апісаў розніцу беларускага і расійскага рэжымаў так: “Мы з вамі глядзім як быццам адзін і той жа серыял, проста вы на трэцім сезоне, а мы на пятым. І мы часам зазіраем да вас і кажам: «О, у вас хутка вельмі цікава будзе!».
Гэта не проста жарт. З пункту гледжання маштабу і жорсткасці рэпрэсій Беларусь сапраўды амаль на ўсіх этапах кіравання Лукашэнкі апярэджвала рэжым Уладзіміра Пуціна. Выключэннем можна назваць хіба што кароткі прамежак з 2015 па 2019 год, калі Мінск спрабаваў паводзіць сябе больш прыстойна дзеля адлігі ў адносінах з Захадам. Але затым «баланс» аднавіўся. Няўдалая рэвалюцыя 2020 года выклікала рэпрэсіі такой сілы, што для іх складана знайсці аналаг у постсталінскай гісторыі як Расіі, так і Беларусі.
Хоць ёсць яшчэ адно выключэнне. Гаворка ідзе пра спланаваныя забойствы журналістаў і палітыкаў. Для Беларусі гэта было і застаецца вельмі нетыповай мерай, на якую Мінск пайшоў толькі аднойчы — у 1999–2000 гадах, калі ўлады выкралі і, хутчэй за ўсё, забілі двух беларускіх палітыкаў, Віктара Ганчара і Юрыя Захаранку, а таксама журналіста Дзмітрыя Завадскага і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Тады нават афіцыйнае расследаванне паказала, што да справы датычныя блізкія да Лукашэнкі сілавікі Віктар Шэйман і Дзмітрый Паўлічэнка. Пуцінскую ж Расію на працягу ўсёй яе гісторыі суправаджалі забойствы палітыкаў, журналістаў і перабежчыкаў ад спецслужбаў — або няўдалыя спробы зрабіць гэта.
Але па астатніх рэпрэсіўных практыках беларускія сілавікі сапраўды больш жорсткія, менш выбарчыя — і працуюць як быццам з апярэджаннем расійскіх калегаў.
Нельга сцвярджаць, што ёсць нейкі канал перадачы вопыту. Каб перайсці да новых формаў гвалту і абмежаванняў правоў чалавека, расійскім сілавікам не абавязкова «падглядаць» у беларусаў наступныя хады, тут няма патэнтаў і ноу-хау. Кожны рэжым праходзіць гэтую дарогу па сваім уласным графіку. Але паколькі Беларусь уступіла на яе раней, на некаторыя метады яе сілавікоў мае сэнс паглядзець тым расіянам, хто хоча разумець, як іх рэжым, магчыма, будзе дэградаваць далей.
Катаванні — руціна для сілавікоў
Для пачатку ў Беларусі адбылася нармалізацыя фізічнага гвалту пры затрыманнях, у аддзелах міліцыі і ізалятарах. Катаванні і збіццё — не нешта новае і для расійскіх сілавікоў, але ў Беларусі пасля 2020 года гвалт над затрыманымі з палітычных прычын стаў чымсьці руцінным. Гэта адбываецца не з кожным, але занадта са многімі, таму здзекі нельга спісаць на эксцэсы выканаўцаў.
Падчас пратэстаў 2020-га збіццё затрыманых было дадатковай прэвентыўнай мерай. Каб 15 сутак не здаваліся занадта лёгкім пакараннем, якое нічому не вучыць пратэстоўца. Цяпер часцей б'юць і катуюць за адмову разблакаваць тэлефон. Іншай падставай можа быць і простая злосць ці помста сілавікоў тым, хто іх нейкім чынам «абразіў», — напрыклад, калі чалавека падазраюць у зліве персанальных дадзеных супрацоўнікаў МУС.
Разам з гвалтам у практыку ўвайшло дэманстратыўнае прыніжэнне затрыманых на відэа. У чэрвені 2022 года аднаго затрыманага прымусілі на камеру з дапамогай іголак і чарнілаў зводзіць татуіроўку, у якой прысутнічала свастыка. Іншым актывістам для запісу «пакаянных» відэа маглі намаляваць нешта на твары або наклеіць на яго пратэстную атрыбутыку.
Да фізічнага гвалту можна аднесці і рэжым утрымання палітвязняў, якія адбываюць адміністрацыйныя тэрміны. Людзі праводзяць доўгія тыдні свайго арышту — часам па некалькі 15-сутачных тэрмінаў запар — у моцна перапоўненых камерах, без пасцельнай бялізны і матрацаў, без душа, прагулак і перадач (часам блізкім дазваляюць перадаць лекі), без права на перапіску і магчымасці ўбачыць адваката. Іх будзяць два разы за ноч і кругласутачна не выключаюць святло. Многія скардзяцца на катаванні холадам, калі людзей пакідаюць камерах без ацяплення, забіраючы перад гэтым цёплую вопратку, якую ўдалося ўзяць з сабой у ізалятар. Шмат абмежаванняў адчуваюць на сабе і тыя, хто сядзіць па крымінальных справах, але рэжым утрымання «адміністратыўшчыкаў» пакуль відавочна больш жорсткі.
«Экстрэмісты» цяпер наогул усе
На пачатак траўня 2023 года беларускія праваабаронцы налічваюць у краіне амаль паўтары тысячы палітвязняў (пры насельніцтве крыху больш за дзевяць мільёнаў чалавек). Пры гэтым самі ж праваабаронцы прызнаюць, што гэтая лічба заніжаная: многія баяцца паведамляць пра затрыманых сваякоў, каб не пагоршыць іх становішча ў турме.
Большасць палітвязняў асуджаныя на дзвюх падставах — за ўдзел у пратэстах 2020 года і паводле так званых дыфамацыйных артыкулаў, гэта значыць паводле абвінавачванняў у «непрыстойным выказванні свайго меркавання». Гэта артыкулы пра «абразу прэзідэнта» і асобных чыноўнікаў, «распальванні варожасці» супраць цэлых груп грамадства (накшталт сілавікоў) і — апошнім часам усё часцей — «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь».
Распальванне варожасці трактуецца максімальна шырока. Можа быць дастаткова грубага слова, напісанага ў сацсетках або дваровым чаце на адрас усіх амапаўцаў. Сотні людзей трапілі ў турму за тое, што радаваліся ў сацсетках з нагоды смерці супрацоўніка спецназа КДБ у перастрэлцы пры штурме кватэры мінскага айцішніка Андрэя Зэльцэра восенню 2021 года або за спачуванне самому Зэльцэру, якога застрэлілі агнём у адказ.
Удзел у пратэстах становіцца крымінальным злачынствам у Беларусі, калі чалавек проста выйшаў на праезную частку падчас акцыі. Для гэтага ёсць артыкул 342 КК — «арганізацыя, падрыхтоўка або актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Гэты артыкул сталі называць «народным» з-за колькасці асуджаных па ім людзей. Дастаткова было прайсці па Мінску ці іншым горадзе ў адным з буйных нядзельных маршаў 2020 года, каб сесці ў турму на тэрмін да чатырох гадоў. Арышты па гэтых справах праходзяць дагэтуль: сілавікі знаходзяць усё новыя фатаграфіі з тых маршаў, а затым распазнаюць твары людзей, якія нават паспелі забыцца, што яны ў тыя дні выходзілі на вуліцу.
Як і ў Расіі, але з куды з большым размахам, улады Беларусі выкарыстоўваюць для рэпрэсій законы аб экстрэмізме. «Экстрэмісцкімі» абвешчаныя амаль усе недзяржаўныя СМІ, папулярныя тэлеграм-каналы, блогі і нават асобныя чаты, уключаючы чаты жыхароў асобных мікрараёнаў, калі ў іх калісьці абмяркоўваліся пратэстныя актыўнасці.
Падпіска на «экстрэмісцкі» рэсурс у тэлеграме — адміністрацыйнае правапарушэнне. Часцей за ўсё, каб выявіць менавіта яго, сілавікі і патрабуюць разблакаваць тэлефон пры затрыманні, а затым праглядаюць перапіскі ў мэсэнджарах і спрабуюць аднавіць выдаленыя з прылады файлы. У 2021 годзе адна сямейная пара адседзела больш за 200 сутак на дваіх за навіны, якія яны перасылалі адзін аднаму ў асабістым чаце.
Яшчэ цяжэйшы лёс тых, хто асацыяваўся або супрацоўнічаў з супольнасцямі або арганізацыямі, абвешчанымі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Гэта тычыцца і тых, хто даваў каментары незалежным СМІ або адпраўляў ім інфармацыю, аж да фатаграфіі чаргі ў краме. Адзін з вядучых ваенных экспертаў Ягор Лебядок цяпер адбывае пяцігадовы тэрмін за пару інтэрв'ю «экстрэмісцкаму» «Еўр*радыё». Жонка вядомага блогера Ігара Лосіка (які сам адбывае 15-гадовы тэрмін), Дар'я, за аповед пра свайго мужа тэлеканалу «Б*лсат» атрымала два гады калоніі. У выніку іх чатырохгадовая дачка засталася без абодвух бацькоў і жыве ў бабулі і дзядулі.
«Экстрэмісцкімі» беларускія ўлады лічаць і фонды салідарнасці накшталт B*SOL і B*Help, куды людзі адпраўлялі грошы на падтрымку ахвяр рэпрэсій у 2020 годзе. Гэта значыць, кожны такі данат постфактум стаў крымінальным злачынствам, нават нягледзячы на тое, што «экстрэмізм» у гэтых фондах улады ўбачылі ўжо ў 2021 годзе, пасля асноўнай хвалі ахвяраванняў. Але паколькі тых, хто данаціў, — дзясяткі тысяч і многія з іх — айцішнікі, якія маглі хутка з'ехаць, зразумеўшы, што пачалася хваля арыштаў, улады вырашылі не заводзіць на ўсіх крымінальныя справы, а вытрасці з людзей грошы.
Да тых, чые банкаўскія карты засвяціліся на такіх пераводах, сталі метадычна прыходзіць з КДБ і прапаноўваць зрабіць «данат» на патрэбы ўжо дзяржаўнай дабрачыннасці. Прычым грошай просяць у шмат разоў больш, чым чалавек адправіў для дапамогі ахвярам рэпрэсій. На тых, хто згаджаецца і падпісвае яўку з павіннай, абяцаюць не заводзіць крымінальную справу, але прызнанне ва ўчыненым «злачынстве» застаецца для сілавікоў зручным кручком на будучыню.
Элементам зачысткі трэцяга сектара сталі не толькі антыэкстрэмісцкія артыкулы, але і банальнае знішчэнне недзяржаўных структур. Беларускія ўлады падышлі да гэтага пытання не кропкава і не сталі гуляцца з гібрыднымі формамі рэпрэсій, накшталт абвяшчэння кагосьці «замежным агентам». Проста з чэрвеня 2021 года, пасля чарговага пакета еўрапейскіх санкцый, сілавікі пачалі ліквідацыю сотняў НКА — прычым нават тых, што знаходзіліся далёка за межамі «палітызаваных» структур.
Напрыклад, аб'яднанні эколагаў і гістарычныя супольнасці, культурныя арганізацыі і дабрачынныя фонды, аб'яднанні людзей з інваліднасцю, групы літоўскай і польскай дыяспар, супольнасці ўрбаністаў, бёрдвотчараў і веласіпедыстаў. А за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў Беларусі таксама ёсць крымінальная адказнасць.
«Рэжым цішыні»
Усе пералічаныя рэпрэсіўныя практыкі знаёмыя расіянам — хай і ў іншым маштабе. Але беларускі рэжым часта звяртаецца да шэрагу іншых рэпрэсій, якія ў Расіі пакуль не практыкуюцца рэгулярна.
У апошнія гады многія гучныя судовыя працэсы ў Беларусі робяць закрытымі — на іх не пускаюць нават сваякоў абвінавачаных. У выніку немагчыма даведацца ні абставіны справы, ні нават часам імёны некаторых палітвязняў. А ў адкрытых працэсах сведкам-міліцыянтам, якія часта зачытваюць тыповыя паказанні аб тым, што арыштаваны «ішоў па вуліцы, лаяўся матам і супраціўляўся пры затрыманні», дазваляюць даваць паказанні пад псеўданімам і ў масках, каб іх нельга было ідэнтыфікаваць.
У «рэжым цішыні» спрабуюць пагрузіць і вядомых палітвязняў, лідараў апазіцыі. Іх адвакатаў нярэдка пазбаўляюць ліцэнзій і арыштоўваюць. Нешта накшталт рэгулярных твітэр-трэдаў ад Аляксея Навальнага немагчыма ў Беларусі: за спробу вынесці з калоніі нейкі палітычны тэкст адвакат можа пазбавіцца свайго статусу або сам трапіць за краты.
Яшчэ адна беларуская асаблівасць — смяротнае пакаранне, на якое ў Расіі пакуль што дзейнічае мараторый. Вясной 2022 года ў Мінску вырашылі пашырыць сферу прымянення вышэйшай меры пакарання. Цяпер пакараць смерцю могуць не толькі за жорсткія забойствы, але і за «замах на тэракт», а з сакавіка 2023 года — яшчэ і за «здраду дзяржаве». Выпадкаў пакарання па гэтых артыкулах пакуль не было.
У пачатку 2023 года Мінск таксама адрадзіў савецкую практыку пазбаўлення палітэмігрантаў грамадзянства, атрыманага па нараджэнні. Закон уступіць у сілу ў ліпені. Ужываць яго, мяркуючы з усяго, плануюць да лідараў апазіцыі ў выгнанні, якіх для запуску гэтай працэдуры ўжо завочна асудзілі на вялікія тэрміны.
У некаторых менш брутальных формах рэпрэсій беларускіх сілавікоў адрозніваюць дбайнасць і татальны падыход да справы. Напрыклад, улады стварылі рэестр сотняў тысяч беларусаў, якія альбо калі-небудзь траплялі на іх радары за палітычную нелаяльнасць — удзельнічалі ў пратэстах, траплялі за гэта на суткі альбо нават проста падпісаліся за альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў на выбарах 2020 года. Пачынаючы з 2021-га, у залежнасці ад цяжару «граху», гэтых людзей метадычна звальняюць з дзяржаўных органаў, банкаў, дзяржкампаній, бюджэтных арганізацый, уключаючы медыцынскія, адукацыйныя і культурныя, а таксама забараняюць паўторна ўладкоўвацца ў дзяржсектар.
Вядомыя выпадкі пільнай увагі Мінска да асобных этнічных груп. Выхадцы з Украіны, якія працуюць у розных дзяржаўных арганізацыях, і проста грамадзяне Украіны, якія даўно жывуць у Беларусі, распавядалі пра выклікі на допыты ў КДБ, у тым ліку з выкарыстаннем паліграфа — так улады шукаюць патэнцыйных інфарматараў украінскіх спецслужбаў. А работнікі дзяржструктур з польскімі каранямі, якія атрымалі «карту паляка» — асаблівы дакумент, які дае льготы пры пераездзе ў Польшчу, — паведамляюць пра тое, што іх прымушаюць адмаўляцца ад гэтых карт, калі яны хочуць працягваць працаваць.
Ніякага дна няма
Немагчыма прадказаць, ці пойдзе рэжым Пуціна дакладна па слядах беларускага. У Беларусі ва ўсплёску рэпрэсій быў зразумелы трыгер — спроба рэвалюцыі ў 2020 годзе. У Расіі кантэкстам для ўзмацнення жорсткасці рэпрэсій стала вайна. Але ёсць рэальная рызыка, што расіян чакае куды больш маштабная эскалацыя ўнутраных рэпрэсій, калі Крэмль зразумее, што ягоны патэнцыял на полі бою ва Украіне вычарпаны, і фрустрацыю ад няўдач трэба будзе кудысьці перанакіраваць. Напрыклад, на ўзмоцненую зачыстку краіны ад «здраднікаў» і «ўнутраных ворагаў», якія не даюць краіне згуртавацца, а арміі — перамагчы.
Але самы важны беларускі ўрок — ніякага дна няма. Учорашнія «чырвоныя лініі» перастаюць працаваць, адзінкавыя эксцэсы выканаўцаў становяцца нормай. Грамадства адаптуецца да жорсткасці рэжыму, а людзі, пагружаныя ў навінавую позву, пачынаюць лавіць сябе на страшнай унутранай палёгцы, калі камусьці далі два гады турмы замест дзесяці.
Улада сама ў кожны канкрэтны момант можа не да канца разумець, ці ёсць у яе ўнутраныя межы ў закручванні гаек, але яна паступова будзе рассоўваць межы дазволенага. Рэпрэсіі — як газ. Калі ёсць куды пашырацца, яны будуць запаўняць усе даступнае ім прастору, пакуль кіруючыя эліты або грамадства не стануць гэтаму супраціўляцца.
Гэта не заўсёды адбываецца таму, што нейкі канкрэтны злыдзень вырашыў давесці тэрор да максімуму. Рэпрэсіі — самаўзнаўляльны механізм. Яны ствараюць клас сваіх бенефіцыяраў — сілавікоў-кар'ерыстаў, для якіх барацьба з «ворагамі» становіцца кар'ерным ліфтам і стаханаўскім спаборніцтвам паміж сабой. Як толькі такія стымулы ў сістэме зарабілі, ёй больш не патрэбна каманда зверху, каб шукаць новыя формы жорсткасці.
Псіхіка чалавека трымаецца за звыклыя, хай і нефармальныя нормы суіснавання з дзяржавай. Але беларускі досвед вучыць таму, што гэтыя нормы вельмі няўстойлівыя, калі ўлада коціцца ў бездань рэакцыі, а грамадства занадта атамізаванае і запалоханае, каб гэтаму супрацьстаяць. Няздольнасць своечасова ўсвядоміць, што ранейшыя табу ўжо не актуальныя, каштавала свабоды многім беларусам, якія не паспелі своечасова з'ехаць ад пагрозы, таму што не верылі, што так можа быць.
Пераклад «НЧ»